Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ТЭХНАЛЁГІІ І ІНТЭРНЭТУ. ПАЎНОЧНАЯ КАРЭЯ АБВЯСЬЦІЛА ПЛЯНЫ ДАЗВОЛІЦЬ НАСЕЛЬНІКАМ КАРЫСТАЦЦА ЭЛЕКТРОННАЙ ПОШТАЙ


Падрыхтаваў Сяргей Шупа

Ангельскай мовай карыстаецца 47 працэнтаў наведнікаў Інтэрнэту, кітайскай – 9 працэнтаў, японскай – 8, нямецкай – 6, гішпанскай і карэйскай – па 4 працэнты. Найбольш дынамічна расьце колькасьць гішпанскамоўных карыстальнікаў Інтэрнэту. Далейшыя месцы паводле тэмпаў пашырэньня ў Сеціве займаюць француская, італьянская й партугальская мова.

* Стыў Кейс, кіраўнік інтэрнэтнага гіганту America Online, зьмясьціў у эўрапейскім друку заклік аб забесьпячэньні эўрапейцам неабмежаванага доступу да Інтэрнэту. На думку Кейса, гэта мусіць прывесьці да новага эканамічнага росквіту Эўропы. Людзі ня могуць нармальна карыстацца Інтэрнэтам, думаючы пра вялікія рахункі, і таму замала часу прысьвячаюць пошуку інфармацыі, кантактам і электроннаму гандлю, а таксама не дазваляюць дзецям свабодна карыстацца адукацыйнымі багацьцямі Інтэрнэту. Заклік Кэйса быў надрукаваны ў францускай газэце Le Monde, нямецкай Handelsblatt і бэльгійскім тыднёвіку European Voice.

* НЬЮ-ЁРК. Карпарацыя IBM паведаміла аб плянах стварэньня супэркампутэра, які будзе меншы і ў 15 разоў хутчэйшы за цяперашні самы хуткі кампутар. Спэцыялісты з IBM лічаць, што гэты кампутар можа быць выкарыстаны для выкананьня любых задачаў – ад мадэляваньня прагнозаў надвор’я да вывучэньня генэтычнай інфармацыі. Гэта другі кампутар у рамках разьлічанага на 5 гадоў праекту «Блакітны ген», які карпарацыя распачала ў 1999 годзе зз мэтай вывучэньня пратэінаў. Агульны кошат праекту – 100 мільёнаў даляраў. Новы кампутар мае назоў «Блакітны ген/L», хуткасьць ягонага працэсара будзе складаць 200 трыльёнаў апэрацыяў за сэкунду.

* САН-ХАСЭ (КАЛІФОРНІЯ). Фэдэральны суд у Сан-Хасэ пастанавіў, што кампанія Yahoo не павінна падпарадкоўвацца загаду Францыі, якая патрабуе закрыць доступ францускім карыстальнікам да старонак Yahoo з матэрыяламі нацыстоўскага зьместу. Паводле судзьдзі, першая папраўка да канстытуцыі абараняе зьмест інфармацыі, створанай у Злучаных Штатах амэрыканскімі кампаніямі, ад умяшаньня ўладаў у тых краінах, якія маюць больш абмежаваньняў у законах аб свабодзе слова. Працэс супраць Yahoo распачаў летась Саюз гэбрайскіх студэнтаў Францыі за выстаўленьне экспанатаў з нацыстоўскай сымболікай на старонках інтэрнэт-аўкцыёну Yahoo.

* ПХЕНЬЯН. Спадзеючыся з дапамогай высокіх тэхналёгіяў адрадзіць заняпалую эканоміку, Паўночная Карэя абвясьціла пра пляны дазволіць сваім грамадзянам карыстацца электроннай поштай. Кошты атрыманьня і дасылкі электроннай пошты будуць налічацца ў амэрыканскіх далярах. За ліст памерам да 10 кілябайтаў давядзецца плаціць паўтара даляра. Каб атрымаць дазвол на гэткую паслугу, разьлічаную болей на карпарацыі, чым на прыватных асобаў, карыстальнік мусіць падаць кантактную інфармацыю і заплаціць 100 даляраў за рэгістрацыю, у дадатак да месячнай платы. Паслуга будзе ажыцьцяўляцца праз два сэрвэры – адзін у кітайскім горадзе Шэньян, другі ў Пхеньяне, якія раз на гадзіну будуць абменмьвацца электроннай поштай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG