Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯДЗЕРНЫ ТЭРАРЫЗМ. МІЖНАРОДНУЮ СУПОЛЬНАСЬЦЬ ХВАЛЮЕ СТАН ЯДЗЕРНАЙ БЯСЬПЕКІ Ў РАСЕІ


Мікола Іваноў, Прага

Расейская Фэдэрацыя атрымала ў спадчыну ад Савецкага Саюзу ягоны вялізны ядзерны патэнцыял. На венскай канфэрэнцыі ў сувязі з гэтым даволі частымі былі пытаньні, ці ў стане заўсёды Расея абслугойвае і захоўвае ў бясьпецы ядзерную спадчыну СССР. Дэвід Кід, прэсавы сакратар Міжнароднага агенцтва ядзернай энэргіі, у сваім выступленьні заявіў:

(Кід: ) “Пазыцыя Расеі вельмі спэцыфічная. Яна дасюль мае вялікую колькасьць працаўнікоў у ядзернай галіне. Лічыцца, што цяпер, 10 гадоў пасля заканчэньня халоднай вайны, каля 1 млн. чалавек усё яшчэ працуюць у ядзернай індустрыі і навукова-дасьледчых інстытутах ядзернай вобласьці. І гэта робіць уражаньне. Існуе вялікая колькасьць лябараторыяў, а таксама дасьледчых рэактараў і іншых дасьледных цэнтраў.

Дакдадныя дадзеныя пра ядзерную індустрыю трымаюцца ў Расеі ў таямніцы, але міжнародныя экспэрты лічаць, што яна мае каля 1100 тонаў высокаўзбагачанага ўрану і больш за 100 тонаў плютонію, якія зьяўляюцца неабходным матэрыялам дзеля вытворчасьці ядзерных і вадародных бомбаў. Прыгадаем, што некаторыя экспэрты лічаць, для вырабу ядзернай выбуховай прылады дастаткова і 1 кг. плютонію.

Мэцью Бун, экспэрт Гарвардзкага ўнівэрсытэту, у сваім выступленьні на Венскай канфэрэнцыі выказаў думку, што бясьпека расейскай ядзернай зброі і ядзерных навукова-дасьледчых інстытутаў не адпавядае патрабаваньням сучаснасьці. Расейская ядзерная індустрыя, лічыць ён, усё яшчэ жыве паводле законаў камуністычнай сыстэмы.

Яны мелі вельмі чульлівую сыстэму бясьпекі ў савецкі час, якая была створаная для сьвету, які больш не існуе. Яна была сканструяваная дзеля сьвету закрытага грамадзтва, зачыненых межаў, расьпешчаных, добраўладкаваных працаўнікоў ядзернай галіны. Усе яны былі пад пільным вокам КГБ. А цяпер тая самая сыстэма бяспекі вымушаная сутыкнуцца з адкрытым грамадзтвам, адкрытымі межамі, жахлівай злачыннасьцю, карупцыяй, працаўнікамі ядзернай сфэры ў роспачы, якім ня плацяць заробкаў. Гэта абсалютна новая сытуацыя, на якую сыстэма ніколі не была падрыхтаваная рэагаваць.

ЗША штогод выдаткоўваюць прыблізна 200 млн. даляраў на дапамогу Расеі ў галіне ўмацаваньня яе ядзернай бясьпекі. З дапамогай гэтых фінансаў удалася палепшыць стан бясьпекі ў Маскоўскім інстытуце імя Курчатава, Обнінскім навукова-дасьледчым ядзерным цэнтры і іншых інстытутах.

Аднак, як лічыць, экспэрт Гарвардзкага ўнівэрсытэту Мэцью Брун, у выніку расейска-амэрыканскага супацоўніцтва толькі 40% расейскага ядзернага патэнцыялу знаходзіцца ў поўнай бясьпецы. Шматлікія супрацоўнікі расейскай ядзернай індустрыі зарабляюць усяго каля 300 даляраў на месяц і зусім верагодна, што некаторыя зь іх могуць спакусіцца на вялікія грошы і пачаць гандляваць ядзернымі сакрэтамі, а, магчыма, і зброяй.

І такія выпадкі ўжо зафіксаваныя. У 1998 годзе супрацоўнік адной з ядзерных лябараторыяў быў арыштаваны і абвінавачаны ў шпіянажы на карысьць Ірану і Афганістану. У кастрычніку 2000 году Рада Бяспекі ААН паведаміла, што расейскія спэцслужбы прадухілілі спробу неназванай краіны прыцягнуць да супрацоўніцтва расейскага ядзернага экспэрта, які цяпер жыве ў Сярэдняй Азіі. Ёсць інфармацыя і аб тым, што японская рэлігійная сэкта Аум Сынрыкё намагалася закупіць у Расеі ядзерную боегалоўку. Тое самае імкнуўся зрабіць з дапамогай чэчэнскіх сэпаратыстаў і міжнародны тэрарыст Усама бін Лядэн.

Экспэрт Гарвардзкага ўнівэрсытэту ў галіне ядзернай зброі Мэцью Бун пракамэнтаваў падобную інфармацыю наступным чынам:

(Бун: ) “Я ня думаю, што падобная інфармацыя цалкам верагодная. Я думаю, калі б у Расеі сапраўды была скрадзеная ядзерная бомба, мы б хутка даведаліся аб гэтым. Мяркую, аднак, што сьведчаньні аб тым, што Усама Бін Лядэн хацеў здабыць узбагачаны ўран, каб стварыць ядзерную выбуховую прыладу, не беспадстаўныя. Японская тэрарыстычная сэкта Аўм Сынрыкё такасама хацела здабыць ядзерную зброю альбо радыёактыўныя матэрыялы ў Расеі.

Сытуацыя ў галіне ядзернай бясьпекі ў Расеі выклікае справядлівую заклапочанасьць усясьветнай супольнасьці, але сытуацыя ў гэтай галіне ў былых савецкіх рэспубліках значна горшая. Прэсавы сакратар Міжнароднага агенцтва ядзернай энэргіі Дэвід Кід прыгадвае, што ядзерныя аб’екты былі раскіданыя на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, і некаторыя незалежныя дзяржавы толькі цяпер пачынаюць падлічваць, колькі радыёактыўных матэрыялаў знаходзіцца на іх тэрыторыі.

Часта расейскія войскі пакідаюць небяспечныя матэрыялы падчас свайго вываду. Дэві Кід прыгадвае выпадак Грузіі:

(Кід: ) “У Грузіі расейскія войскі, калі яны выводзіліся, папросту выкідвалі радыёактыўныя матэрыялы, часам пакідалі іх на ваенных базах, адкуль яны адыходзілі, часам пакідалі іх каля дарогаў і нават у чыстым полі. Мы былі ў стане знайсьці некаторыя зь іх з дапамогай спэцыяльных францускіх гелікоптараў, якія лятаюць над Грузіяй, выкрываюць іх забяспечваюць і вывозяць на месцам захаваньня”

І калі Расея цяпер у сувязі з праблемай ядзернай бясьпекі знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ўсясьветнай супольнасьці, гэтага зусім нельга сказаць пра былыя савецкія рэспублікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG