Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫМБАЛЬ ВЕРЫ. ЦІ ДЫСКРЫМІНАВАНЫЯ МУСУЛЬМАНСКІЯ ЖАНЧЫНЫ?


Аўтар Кастусь Бандарук, Прага

Апошнія падзеі ў сьвеце павялічылі цікаўнасьць да ісляму і яго сутнасьці. Ужо даўно ў заходняй цывілізацыі існуе стэрэатып, што жанчына ў ісляме прыніжаная і загнаная. Для эўрапэйцаў незразумела і абуральна тое, што жанчыны ў некаторых краінах мусяць хадзіць і ў сьпякоту ў цёмных паранджах з ног да галавы. Для разьняволеных, эмансіпаваных жанчынаў з хрысьціянска-эўрапэйскай цывілізацыі, ужо гэта дастатковы доказ і сымбаль дыскрымінацыі мусульманак.

Да таго далучаецца шматжэнства, забарона працы паза домам і шэраг стэрэатыпаў пра бяспраўнасьць жанчынаў ў сям’і і ў грамадзтве. У выніку іслям акрамя рэлігійнага фанатызму, тэрарызму і нечалавечнасьці, атаясамліваецца яшчэ проста з сярэднявечным цемрашальствам і дзікасьцю. Але ці тое, што некаторыя лічаць дыскрымінацыяй жанчынаў, напэўна выплывае зь ісляму? З гэтым пытаньнем я зьвяртаюся найперш да спэцыяліста, ўсходазнаўцы, прафэсара Аляксея Малашэнкі.

(Малашэнка: ) “Калі мы зьвернемся ўласна да Карану, дык там асаблівай дыскрымінацыі жанчынаў не назіраецца. Я не магу сказаць, каб ў Каране быў нейкі антыжаночы пафас. Наадварот. Там усяляк падкрэсьліваецца роўнасьць паміж мужчынам і жанчынай, паколькі яны абое створаныя на вобраз і падабенства Божае. Апроч таго, у ісляме вельмі высока пастаўленая роля жанчыны ў сям’і. Зразумела, што ўзьнікае праблема шматжэнства, хаця яно выступае ня толькі ў ісляме. Сапраўды, у Каране ёсьць тэксты, на аснове якіх мусульманін можа мець дзьве, тры, чатыры і нават болей жонак. Аднак ў традыцыйным мусульманскім грамадзтве, у мінулым, супраць шматжэнства ніхто ніколі не выступаў хаця б і таму, што існавала элемэнтарная праблема недахопу мужчынаў”.

Гэта быў Аляксей Малашэнка з Масквы, ўсходазнаўца, які пабываў ў многіх мусульманскіх краінах і добра ведае рэаліі тамтэйшага жыцьця. З пытаньнем, ці жанчына ў ісляме сапраўды дыскрымінаваная, я зьвярнуўся таксама да чалавека, які ў сваю чаргу шэраг разоў пабываў на Блізкім Усходзе, і які, у прыватнасьці, дасьледвае ізральска-палестынскія дачыненьні. Гэта вядомы публіцыст і актыўны дзеяч габрэйскай абшчыны ў Варшаве Канстанты Гэббэрт.

(Гэббэрт: ) “Жанчына ў традыцыйным ісляме, як, дарэчы, і ў традыцыйным юдаізьме сапраўды дыскрымінаваныя. У гэтых дзьвюх рэлігіях адносіны паміж мужчынам і жанчынай асноўваюцца не на прынцыпе абсалютнай роўнасьці, але на раўнапраўнай адрозьненасьці. Зыходным зьяўляецца перакананьне, што ў мужчыны і жанчыны іншыя заданьні, адсюль і іншыя правы ды абавязкі. Прынята, што жанчына павінна займацца домам, выхоўваць дзяцей, а мужчына павінен утрымоўваць сям’ю, гарантаваць дзецям асьвету. Такім чынам, існуе рэальная дыскрымінацыя жынчынаў ў іслямскіх краінах. Афганскія талібы, якія пайшлі далей за патрабаваньні ісляму, замыкаюць жанчынаў у дамах, не дазваляюць ім працаваць і вучыцца, на вуліцу яны могуць выходзіць толькі апранутыя ад ног да галавы. У Савудаўскай Арабіі жанчына ня толькі ня мае выбарчых правоў, але і права кіраваць аўтамабілем, але нават выходзіць на вуліцу без прадугледжанага законам мужчыны. Гэтак жа і ў Іране. Там жынчыны могуць галасаваць, могуць кіраваць аўтамабілем, але таксама, калі зьявяцца на вуліцы без мужчыны, які ім ня муж, бацька, брат альбо сын, дык яны будуць аўтаматычна абвінавачаныя ў распусьце і пакараныя Міністэрствам Падтрымкі Цноты і Барацьбы з Правіннасьцямі. Ёсьць у Каране такія суры, зь якіх адназначна вынікае, што жанчына падпарадкаваная ўладзе мужчыны. Тое, што мужчына можа разьвесьціся з жонкая бяз ейнай згоды і нават бяз ведама, што мужчына можа мець чатыры жонкі, а жанчына ня можа мець чатырох мужоў, усё гэта сьведчыць аб відавочнай законнай няроўнасьці. Можна з упэўненасьцю сказаць, што ў параўнаньні з заходнімі стандартамі, жанчына ў ісляме дыскрымінаваная, хаця гэтае паняцьце мае іншы сэнс, калі выняць яго з эўрапэйскага культурнага кантэксту і ўкласьці ў іслямскі кантэкст”.

Гаварыў Канстанты Гэббэрт. Што тычыцца заходніх стандартаў, дык трэба адзначыць, што яны зьяўляюцца вынікам доўгай эвалюцыі. Старажытныя габрэі, грэкі і рымляне, на культуры якіх асноўваецца эўрапэйская цывілізацыя, не паважалі жанчынаў. Арыстоцель лічыў, што “жанчына - гэта няпаўнавартасны мужчына, скапец”. На думку Пэрыкла, “галоўнай цнотай жанчыны зьяўляецца ейнае ўменьне маўчаць”. Пачуцьцё грубага вяршэнства мужчыны над жанчынай Сакрат выказаў наступным чынам: “Тры рэчы можна лічыць шчасьцем: што ты ня дзікі зьвер, што ты грэк, а не барбар, і што ты мужчына, а не жанчына”. Біблія - першы рэлігійны тэкст у якім няма бога жаночага роду. З 46 кнігаў Старога Запавету толькі 2 прысьвечаныя жанчынам, а 80 % пэрсанажаў - мужчыны. Прамаці Эве Бог сказаў: “у болю будзеш нараджаць дзяцей, і муж твой будзе панаваць над табою”. Талмуд вучыць, што “лепш спаліць Тору, чым даручыць яе жанчыне”. Кожнай раніцы прававерны габрэй дзякуе Богу за тое, што Той не стварыў яго жанчынай”. Паводле Майсеевага Закону, мужчына можа разьвесьціся з жонкай тройчы, вымаўляючы слова “адыдзі”. Ён можа гэта зрабіць нават з той прычыны, што яна бясплодная, што разьбіла вазу альбо проста перастала яму падабацца. Аднак жонка ў ніякім разе ня можа сама патрабаваць разводу, бо без “разводнага лісту” яна ня можа пакінуць мужа. У гэтым сэнсе, той крытыкаваны за адсталасьць іслям выглядае надзвычай прагрэсіўным? Калі ласка, Спадар Ібрагім Канапацкі”.

(Канапацкі: ) “Па-першае, разглядаючы пытаньне становішча жанчынаў у ісляме, іхныя правы і абавязкі, устаноўленыя мусульманскай рэлігіяй, я хацеў бы адзначыць адну акалічнасьць. У ісляме ня можа быць гаворкі аб прызнаньні крайняй свабоды, якой карыстаюцца сёньня жанчыны ў некаторых сфэрах грамадзкага жыцьця як у заходніх, так і ў постсавецкіх краінах. Іслям патрабуе, каб жанчына заставалася разумнай істотай. Ён ня хоча, каб яна стала ні анёлам, ні дэманам. Найлепшая – залатая сярэдзіна - казаў Прарок Мухамед (мір яму і міласьць Усявышняга). Калі нехта хоча параўнаць становішча жанчыны ў ісляме зь ейным становішчам у цывілізаваных, заканадаўчых сыстэмах, то мне здаецца, што ён павінен прыняць да ведама ўсе факты, а не толькі асобныя звычаі, да якіх зводзіцца гаворка аб няраўнапраў’і . Сапраўды, у адносінах некалькіх аспэктаў маральнасьці, іслям больш строгі і патрабавальны, чым іншыя сучасныя сыстэмы жыцьцёвага ладу, але гэта яшчэ ня ўвесь іслям”.

(Бандарук: ) “Ібрагім Барысавіч, Хрыстос, які ў ісляме шануецца як адзін з прарокаў, выяўляў любоў да маці. Дзеве Марыі прысьвечаны наагул увесь разьдзел Карану. У ім сказана: “О, Марыя! Бог абраў цябе, ачысьціў і паставіў над усімі жанчынамі сьвету”. Хрыстос наагул ставіўся да жанчынаў з павагай і спагадай. Гісторык Гі Бэштэль піша: “Хрыста можна разглядаць як папярэдніка фэмінізму. У той час, калі ягоныя сучасьнікі лічылі жанчынаў нячыстымі істотамі, ён не баяўся папсаваць сваю рэпутацыю, кантактуючы зь імі і наведваючы іх”.

Аднак апосталы і айцы Царквы хутка падправілі Хрыстовае вучэньне. Апостал Павал пісаў: “Ня муж створаны для жонкі, але жонка для мужа” ( 1 Кар.3,10). “Галава мужчыну - Хрыстос, а галава жанчыне-муж”. Жанчына няхай моўчкі вучыцца ўсякай пакоры. А жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб мужам кіравала, але каб ў бязмоўнасьці была. Бо перш створаны Адам, а пасьля Эва, і не Адам быў спакушаны, але жанчына спакушаная, у праступку была. Збаўлена ж будзе праз раджэньне дзяцей, калі будзе трываць у веры, у любові ды ў сьвятасьці з мудрасьцяй” ( 1 Цім.2, 9-11). Сьвяты Еранім бачыў ў цяжарнай жанчыне нешта выключна агіднае. Мужчыны –тэолягі спаборнічалі паміж сабою, хто зь іх больш находліва абразіць і прынізіць жанчыну. Адон Клюнійскі пісаў ў 10-м стагодзьдзі: “Нам гадка дакранацца да ванітаў і да гною, дык як жа мы можам сьціскаць ў нашых абдымках гэты мяшок зь нячыстотамі, які завецца жанчынай”. Да канца сярэдневечча сярод тэолягаў працягваліся спрэчкі, ці жанчына наагул мае душу. Ібрагім Барысавіч. Такім чынам, у сэнсе павагі да жанчыны, іслям хутчэй падтрымаў думку самога Хрыста, а не хрысьціянаў?”

(Канапацкі: ) “Іслям, гэтак як і іншыя нябесныя рэлігіі, ставіць на высокую ступень маці. Нехта аднойчы спытаўся ў Прарока Мухамэда, што найбольш пажаданае для Аллаха? Прарок адказаў: “Быць добрым для бацькі і маці. У Кітабах беларускіх татараў гэтай тэме таксама надаецца вялікая ўвага. Вось, напрыклад, якое настаўленьне даецца дзецям: “вы павінны любіць бацьку і маці больш за ўсіх на сьвеце пасьля Аллаха і шанаваць іх. Адказвайце бацьку і маці ласкава, не дазваляйце сабе ніколі павышаць голас і адказваць ім нецярпліва”.

Звычайна, на нашых татарскіх помніках у Беларусі, разам з прозьвішчам нябожчыка, пісалі і імя маці. Вядомае таксама выслоў’е Прарока, датычнае замужніх жанчынаў. “Лепшы з вас той, - казаў Прарок, - хто лепш за ўсё ствіцца да сваёй жонкі”. А ў апошняй пропаведзі - худбе - Прарок сказаў “абыходзьцеся з жанчынамі па- добраму, бо яны ў вас як закложніцы, нічога свайго ня маюць. Вы ўзялі іх жонкамі як дар Аллаха, і яны сталі даступнымі вам па волі Аллаха”.

Дарэчы, слова "“мааруф"” што азначае "“дабро, добрае стаўленьне да жанчынаў"” у адной толькі суры Аль-Бакра паўтараецца 11 разоў. Усё гэта сьведчыць пра вялікі клопат аб жанчыне, імкненьне абараніць яе ад прыгнёту, які яна цярпела ў даіслямскую эпоху. У эпоху Мухамэда жанчына стала ахоўванай каштоўнасьцю, аб якой клапаціўся Прарок і ягоныя паплечнікі. Каран нагадвае, што жанчына мае больш слабую фізычную канстытуцыю, таму схільнасьці жанчыны павінны адпавядаць ейным мажлівасьцям. Мужчына больш моцны, таму ён павінен браць на сябе цяжэйшую ношу ў жыцьці. Кожны павінен адпавядаць свайму прадвызначэньню. І калі паміж двумя поламі і ёсьць нейкая няроўнасьць, зьвязаная зь іхняй прыродай, то ў іншых сфэрах жыцьця яны падобныя адзін на аднаго, таму падобныя і іхныя правы і абавязкі”.

Гаварыў Ібрагім Канапацкі, прадстаўнік беларускіх мусульман-татараў.
Што тычыцца правоў і абавязкаў, дык ёсьць у Каране і такія месцы, якімі можна патлумачыць няраўнапраўе жанчынаў. “Жанчыны маюць правы, адпаведныя іхным абавязкам згодна добраму звычаю. Аднак, мужчыны маюць над імі некаторае вяршэнства” - гаворыцца ў Каране, 2 сура, 228 аят. У 223 аяце гэтай жа суры сказана: “Вашы жонкі - вашая ральля, дзе вы сееце зерне патомства. Прыходзьце на Вашую ральлю, калі вам захочацца”. Адносна маёмасных правоў гаворыцца: “Сыну належыць доля спадчыны, роўная долі дзьвюх дачок”(4,11) Гэта тэорыя, а што тычыцца практыкі дык згадаю хаця б такія прыклады. Толькі ў мінулым годзе кувэйцкія жанчыны атрымалі права ўдзельнічаць у выбарах і быць абранымі. Каля 20-ці жанчынаў у Ярданіі штогод становяцца ахвярамі “злачынстваў гонару”. Іслямскае духавенства і крымінальны кодэкс гарантуюць бясьпеку любому мужчыну, калі той заб’е жанчыну, падозраную ў сужэнскай здрадзе. Спадар Малашэнка. Як ўсходазнаўца, што Вы скажаце на гэты конт?”

(Малашэнка: ) “Я ня схільны гэтак, як большасьць немусульманаў, думаць, што мусульманскае грамадзтва ўсёй сваёй сутнасьцю цісьне на жанчыну, робіць яе нейкай нявольніцай. Такое магчымае і яно бывае толькі ў адсталых краінах. У прынцыпе, я мяркую, што іслямская, хрысьціянская, будыйская ды ўсе астатнія цывілізацыі фармуюцца з аднаго боку на падставе іхных сьвятых кнігаў, а з другога - на падставе традыцыяў, датычных адносінаў ў грамадзтве, у тым ліку паміж мужчынам і жанчынай. У тым, што гэтыя адносіны розныя ў хрысьціянскай і іслямскай цывілізацыяў, дык я ня бачу нічога страшнага. Я нават лічу, што неаднойчы пазарэлігійныя традыцыі маюць большы ўплыў, чым іслям. Я згадаю толькі адзін прыклад, аб чым не прынята гучна гаварыць. У Іране, у дзяржаве, дзе кіруюць мулы, дзе вельмі моцны палітычны іслям, жанчына займае надзвычай высокую пазыцыю ў грамадзтве, не зважаючы хаця б на тыя цёмныя вопраткі. Самі іранцы гаварылі мне: “мы баімся сваіх жонак”. Найбольш падпарадкаванай асобай ў сям’і зьяўляецца муж. Гэтак гаварылі самі іранцы. Такім чынам, нельга ўсё маляваць адным колерам”.

Дарэчы, аб ролі пазарэлігійных чыньнікаў піша ў сваім артыкуле “Правы жанчынаў ў ісляме” прафэсар Гульнара Балтанова. Яна лічыць, што “мясцовыя, родавыя, патрыярхальна-пляменныя звычаі і культура, трактоўкі іслямскага права бяруць верх над клясычным іслямскім веравучэньнем. Гэта архаічныя, састарэлыя традыцыі робяць жанчыну хатняй закладніцай. Зь іх прычыны ўжываецца прымус у пытаньнях шлюбу, працы, асьветы і кар’еры, хаця Каран і Сунна выразна гарантуюць жанчыне роўныя з мужчынам правы”. Аднак, што думаць пра тыя краіны, дзе кіруюць мулы і шэйхі, якія добра ведаюць іслямскія законы. Я са зьдзіўленьнем прачытаў такую вось інфармацыю: “У большасьці з 13 штатаў Малезіі жанчыны карыстаюцца адносным раўнапраўем на рынку працы. Аднак у штаце Кэлянтан, кіраваным іслямскімі фундамэнталістамі, улады плянуюць увесьці поўную забарону працы жанчынаў паза хатай. Пакуль яны могуць выконваць публічныя функцыі, аднак пад адной умовай, калі яны брыдкія”. У некаторых арабскіх краінах, у прыватнасьці, у Савуаўскай Арабіі і Эгіпце, жонка без дазволу мужа ня можа паехаць за мяжу. Дык ці гэта не дыскрымінацыя?”

(Малашэнка: ) “Адносна грамадзкай дзейнасьці жынчыны, ейнай працы, дык тут сытуацыя трохі іншая, паколькі ў ісляме, згодна Карану, жанчына павінна займацца найперш сям’ёю. Адначасова, калі паглядзець на раньні іслям, на Пророка Мухамэда і тых жанчынаў, якія яго акружалі, дык былі і такія жанчыны, якія прэтэндавалі на ўдзел у палітыцы. Такой была, напрыклад, першая, каханая, жонка Мухамэда Хаджыджа, а дачка Айша, гэта наагул палітычны дзеяч, дастаткова прыкметны і ўплывовы. Я думаю, што ў гэтым становішчы жанчыны, ня гэтулькі падапарадкаваным, але хутчэй засяроджаным на сям’і, няма нічога заганнага. Іншая справа, што разам з разьвіцьцём і мадэрнізацыяй іслямскага грамадзтва, жанчына пачала прэтэндаваць на большае, найперш на працу, на занятасьць на роўні з мужчынам. Калі, напрыклад, мужчына бывае палітыкам, дык і жанчына хоча займацца палітыкай. І тут ўзьнікае супярэчнасьць паміж роляй жанчыны ў сям’і і ейнай грамадзка-палітычнай дзейнасцью, ейнай працай”.

Што тычыцца працоўнай, грамадзка-палітычнай дзейнасьці жанчыны і ейнага месца ў грамадзтве, дык прывяду тут прыклад дэмакратычнай заходняй краіны. У Злучаных Штатах жанчыны маюць права галасаваць з 1920 году. Большасьць сваіх правоў яны адваявалі ў 60-70 гады. З 63 году яны могуць зарабляць гэтулькі, што й мужчыны, з 64 –нельга іх дыскрымінаваць ў працы, з 73 маюць права на аборты, з 90-га – права на дэкрэтны адпачынак пасьля родаў. Тэарэтычна, кожны, незалежна ад полу, мае аднолькавыя шанцы, аднак на практыцы бывае інакш. Жанчыны ў сярэднім зарабляюць на 30 % менш за мужчынаў. Хаця яны складаць 45 % працоўнай сілы, аднак займаюць толькі 25% кіраўнічых пасадаў. 40 % амэрыканцаў заяўляюць, што яны ў ніякім разе не абралі б жанчыну прэзыдэнтам. Сярод Першых Лэдзі амэрыканцы найбольш любяць прыгожую і маўклівую і ласкавую Джэкі Кэнэдзі, а спрэчныя пачуцьці выклікае самастойная і амбітная Гіляры Клінтан. У кожным разе, хаця і позна, аднак жанчыны на Захадзе дасягнулі многага. Таксама ў шэрагу іслямскіх краінаў існуюць жаночыя арганізацыі. У Казахстане з 94-га году існуе “Фэмінісцкая Ліга” і “ Алмаацінскі жаночы інфармацыйны цэнтр”, у Кыргызстане “Дыяманд”, ва Ўзбэкістане “Жаночы Рэсурсны Цэнтр” якія выступаюць за раўнапраўе жанчынаў, аднак у прынцыпе не назіраецца нейкага масавага cупраціву. У адказ на рэзалюцыю Міжнароднай Канфэрэнцыі ў Бэйджангу, рэдактар “Усясьветнага Часопісу Мусульманскіх Мяншыняў” Салеха Махмуд задаў наступнае пытаньне: “ а чаму ж гэта самі мусульманкі так упарта супраціўляюцца мадэрнізацыі паводле заходняга ўзору, чаму нават жывучы ў заходніх краінах яны носяць паранджу, якая ў заходняй цывілізацыі лічыцца сымбалям прыніжэньня і бяспраўя?”. Выглядае, што пераважная большасьць жанчын- мусульманак зьмірыліся са сваім месцам ў грамадзтве і ня лічаць сябе дыскрымінаванымі? Спадар Гэббэрт, Вам слова:”

(Гэббэрт: ) “Жанчына мае вялікую, рэальную ўладу дома, яна прыймае важныя рашэньні: як выдаткаваць зэканомленыя грошы, дзе маюць вучыцца дзеці. Жанчына кіруе домам, а мужчына ў публічных месцах. Аднак такая канцэпцыя магла існаваць да часу, пакуль захоўвалася каставае грамадзтва, у якім правы і абавязкі паасобных людзей рэгуляваліся агульнаграмадзкімі нормамі. Грамадзтва свабодных людзей ня можа мірыцца з такімі нормамі, і ў юдэйстве гэтыя прынцыпы былі паступова абмяжаваныя альбо цалкам скасаваныя.

Аднак у ісляме правы і абавязкі жанчынаў надалей іншыя, чым ў мужчыны. З другога боку варта адзначыць, што, прынамсі, некаторыя мусульманскія жанчыны ўхваляюць гэтую няроўнасьць і лічаць яе сваім дасягненьнем. У Турцыі былі выпадкі, калі абраныя ў цалкам дэмакратычных і свабодных выбарах жанчыны-дэпутаты ад іслямскай партыі, не маглі прынесьці прысягу, бо турэцкае заканадаўства не дазваляляе выступаць ў публічных месцах ў рэлігійнай вопратцы, напрыклад ў традыцыйных хустках. Такім чынам, некаторыя лічаць няраўнапраўе станоўчай зьявай, а іншыя рашуча бунтуюць супраць гэтага”.

Гаварыў Канстанты Гэббэрт. Дарэчы, летась, у кэнійскім горадзе Мамбаса адбылася, арганізаваная мясцовымі імамамі, шматтысячная дэманстрацыя іслямскіх жанчынаў. Яны патрабавалі адкласьці разгляд законапраекту, зь якім выступіў апазыцыйны палітык Бэт Муго. Ён і некаторыя іншыя дэпутаты вуступілі за раўнапраўе кэнійскіх жанчынаў ў сацыяльнай сфэры. “Месца жанчыны ў Каране - недвухсэнсоўнае. Там ясна сказана, што жанчына павінна падпарадкоўвацца мужчыну, і ніхто ня можа зьмяніць гэтага правіла,” - выкрыквалі апранутыя ў чорныя вопраткі жанчыны. І вось мы ізноў вярнуліся да пытаньня вопраткі, што на Захадзе разглядаецца як бачны знак прыгнёту іслямскай мужчыны. Які сэнс надаюць гэтаму звычаю самі мусульмане. Калі ласка, Ібрагім Канапацкі”.

(Канапацкі: ) “Мусульманка павінна хаваць прывабныя формы свайго цела з дапамогай вопраткі. Дома, у сям’і, яна можа апранацца свабодна і ўпрыгожваць сябе. Больш таго. Іслям заахвочвае яе да гэтага, каб такім чынам яна была прывабнай для свайго мужа, паколькі ейная прыгажосьць прызначаная яму. Яна таксама мае права рабіць гэта, знаходзячыся сярод іншых жанчынаў-мусульманак, але паза сваёй хатай, у прысутнасьці мужчынаў, якія не зьяўляюцца яе блізкімі, яна абавязаная насіць вопратку, каб усе, хто яе бачыць разумелі, што яна прыстойная, сьціплая жанчына, і ніякім чынам яе не імкненцца прадэмаснтраваць сваю сэксуальнасьць. Прыстойная мусульманская жанчына, якая носіць вопратку, што не прыцягвае ўвагу і сымбалізуе ейную жаноцкасьць, хаваючы пры гэтым сэксуальнасьць, адразу заслугоўвае павагі з боку мужчыны. Адзеньне такога тыпу - “хіджаб”-прадпісанае самым Каранам. Вельмі важна падкрэсьліць, што іслям прадпісвае хіджаб ня толькі для абароны грамадзтва ад негатыўнага ўзьдзеяньня бескантрольнай полавай прыхільнасьці, для абароны гонару жанчыны, але і для таго, каб жанчына была пазытыўнай, канструктыўнай, а не шкоданоснай сілай ў грамадзтве. Дзякуючы яе сьціпламу адзеньню і набожнасьці, мужчына можа ставіцца да яе як да асобы, а не як да сэксуальнага аб’екту. Гэта значыць, што ейная каштоўнасьць для грамадзтва вызначаецца ня ейнай прывабнасьцю, але выключна яе чалавечай годнасьцю. Таму, калі мусульманка стане старэйшай, яна не губляе сваёй каштоўнасьці, як і ў сваіх вачох, так і ў вачох грамадзтва, паколькі для мусульманаў каштоўнасьць і жанчыны і мужчыны павялічваецца з ўзростам, па меры назапашваньня імі мудрасьці і жыцьцёвага вопыту”.

У гэтым іслям дакладна супадае з хрысьціянствам. У Лісьце да Цімафея апостал Павал пісаў: “Жадаю… каб жанчыны, у прыстойнай вопратцы, са стыдлівасьцяй і мудрасьцяй аздаблялі сябе не пляценьнем валасоў, ані золатам, ані пэрламі, ані дарагімі шатамі, але добрымі ўчынкамі” ( 1Цім.2, 8-10)

(Канапацкі: ) “Для мусульманаў крыніцай грамадзкай павагі і статусу зьяўляецца яе характар, асабістыя якасьці: сьціпласьць, годнасьць, набожнасьць і адукаванасьць, яе роля жонкі і маці, а не сэксуальная прывабнасьць і вольныя зносіны з мужчынам. . Іслям усяляе як мужчыну так і жанчыне трывалы дух “хайя”, што ў перакладзе азначае дух сарамлівасьці, стрыманасьці, сьціпласьці ў прысутнасьці прадстаўнікоў процілеглага полу, што зьяўляецца вельмі трывалай перашкодай для непрыстойнасьці. Карацей кажучы, цнатлівасьць, сьціпласьць і чысьціня - гэта ня проста зьнешняе абмежаваньне, устаноўленае рэлігіяй, але, хутчэй за ўсё, унутраныя якасьці, якія песьціць ды імкнецца захаваць, як шчыры мусульманін, гэтак і шчырая мусульманка”.

Гаварыў Ібрагім Канапацкі. На заканчэньне хачу адзначыць, што хрысьціянская Царква ў прынцыпе таксама не адмовілася ад падобных патрабаваньняў. Дагэтуль афіцыйна не скасаванае старажытнае правіла, згодна якому жанчына ў храме зь непакрытай галавой лічылася голай. Зараз гэтага правіла прытрымліваюцца толькі манашкі. У храме таксама лёгка пазнаць праваслаўную жанчыну з Расеі, калі яна ў царкве завязвае хустку на галаву. Царква дагэтуль прадугледжвае жанчыне найперш ролю жонкі і маці, не прыймае шэрагу формаў жаночай эмансіпацыі ў сэнсе вопраткі, працы і ўдзелу ў грамадзкім жыцьці.

Яна ўсхваляе цэлібат, дзявочасьць, сэксуальную стрыманасьць, забараняе альбо абмяжоўвае аборты, разводы і кантрацэпцыю, якія многія жанчыны на Захадзе лічаць сваім правам і здабыткам. Эмансіпацыя жанчынаў ў хрысьціянскай Эўропе пачалася толькі з 16-га стагодзьдзя, днак яна зыходзіла не з нетраў самой рэлігіі, але хутчэй наадварот: у выніку паступовай сэкулярызацыі і зьмяншэньня ўплыву Царквы. Жанчыны ў эўрапэйская культуры дасягнулі амаль поўнага раўнапраўя і поўнай свабоды, але на думку шмат каго, гэта неадназначная перамога. Царква перасьцерагае перад небясьпечным перахілам ў эмансіпацыі. Яна надалей цьвердзіць “ усё магу, але не ўсё карыснае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG