Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІ СЭНАТАР ГЭЛМС ЗАКЛІКАЕ ПРЭЗЫДЭНТА БУША ПАДТРЫМАЦЬ ТЫХ, ХТО ЗМАГАЕЦЦА ЗА ДЭМАКРАТЫЮ БЕЛАРУСІ


Радыё Свабода

(Гэлмс: ) “На тле крывавай бойні ў Нью-Ёрку, Пэнтагоне й Вашынгтоне ў сёлетнім верасьні ізноў была разыграная пародыя на дэмакратыю ў Беларусі. Дыктатар Аляксандар Лукашэнка, які правіць у гэтай краіне, быў пераабраны, праз запалохваньні і рэпрэсіі, на прэзыдэнцкіх выбарах 9-га верасьня.

Страшная трагедыя, якая здарылася ў нашай краіне, таксама, як неабходнасьць змагацца з тэрарызмам надалей, не павінны засланіць жорсткасць і несправядлівасьць такога рэжыму як рэжым Лукашэнкі – асабліва ў цэнтры Эўропы.

З гэтай прычыны я прадстаўляю сёньня “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі –2001”, мэта якога - як дапамагчы беларусам, што змагаюцца, рызукуючы ўласным жыцьцём, аднавіць дэмакратыю і захаваць сваю краіну незалежнай і сувэрэннай.

Дэмакратыя была разбураная ў Беларусі фанатычнай дыктатурай, якую можна апісаць толькі як брутальнае вяртаньне ў савецкую эру. Аляксандар Лукашэнка з аўтарытарнай апантанасьцю узнаўляе былы Савецкі Саюз, у канчатковай пабудове якога ён перакананы. Бо пры Лукашэнку Беларусь засталася змрочным востравам рэпрэсіяў, цэнзуры і каманднай эканомікі ў рэгіёне дэмакратыі.

Беларусь трагічным чынам сталася Кубай у Эўропе. Беларускі народ, разам з тым, не падпарадкаваўся Лукашэнку. Незалежныя выданьні змагаюцца за свой выхад. Кіраўніцтва парлямэнту, які быў распушчаны ў парушэньне канстытуцыі, адмаўляецца прызнаць законнасьць гэтага крывадушнага рэжыму. Шматлікія няўрадавыя арганізацыі прапагандуюць вяршэнства закону і абараняюць фундамэнтальныя правы чалавека.

Сьведчаньнем нараджэньня грамадзянскай супольнасьці сталіся Маршы свабоды, падчас якіх некалькі дзясяткаў тысячаў выходзілі на вуліцы Менска, а таксама шматлікія іншыя антылукашэнкавыя дэманстрацыі ва ўсёй Беларусі.

Лёзунгі дэманстрантаў аб захаваньні свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай і арыентаванай на Захад Беларусі рэзка кантрастуюць з намаганьнямі Лукашэнкі рэанімаваць Савецкі Саюз.

Тыя, хто вылучае гэтыя лёзунгі, рызыкуюць сабой. Некаторыя з тых, хто адважыўся выступіць супраць Лукашэнкі, зьніклі. Юры Захаранка зьнік неўзабаве пасьля таго, як пакінуў пост міністра ўнутраных справаў і пачаў супрацоўнічаць з апазыцыяй. Апазыцыйны лідэр Віктар Ганчар і ягоны сябра Анатоль Красоўскі зьніклі празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як Лукашэнка падчас выступу на тэлебачаньні ў прыступе ярасьці заклікаў сваіх прыхільнікаў скончыць з “апазыцыйным ашмецьцем”.

Іншыя лідэры апазыцыі, сярод якіх – Андрэй Клімаў, былі адпраўленыя ў турмы з жахлівымі ўмовамі проста за выказваньні супраць рэжыму Лукашэнкі.

Гэты рэжым разганяў дэманстрацыі апазыцыі з дапамогай дабінкамі ўзброенага спэцназу. Незалежная прэса і няўрадавыя арганізацыі, якія адстойваюць дэмакратыю, законнасьць і правы чалавека ў Беларусі, застаюцца аб’ектам пастаяннага перасьледу з боку ўладаў -- запалохваньня, арыштаў, штрафаў, зьбіцьця і забойстваў. Зьміцер Завадзкі, апэратар расейкага тэлебачаньня, вядомы паводле рэпартажаў з крытыкай рэжыму Лукашэнкі, зьнік пры нявысьветленых абставінах.

У прапанаваным законапраекце прадугледжаныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. У выпадку яго прыняцьця будзе спыненае міжнароднае супрацоўніцтва зь ягоным урадам. Будуць замарожаныя актывы Беларусі ў ЗША. Будзе забаронена гандляваць з урадам Лукашэнкі і з кампаніямі, сузаснавальнікам якіх выступае дзяржава. Будзе таксама забаронена афіцыйным асобам у кіраўніцтве Лукашэнкі прыязджаць у ЗША.

І калі Лукашэнка працягне палітыку, якая пагражае суверэнітэту Беларусі, гэты законапраект пазбавіць ягоны ўрад дыпляматычнай уласнасьці, набытай у ЗША. Больш за тое, калі ён даб’ецца посьпеху ў сваіх спробах аднаўленьня Савецкага Саюзу, ўраду Беларусі ня будзе патрэбная гэтая ўласнасьць.

Гэты законапраект замацоўвае наш погляд на Эўропу як дэмакратычныю, свабодную і непадзельную. Гэты погляд ня будзе адпавядаць рэчаіснасьці датуль, пакуль Беларусь будзе пакутваць пад тыраніяй Лукашэнкі. Нашым маральным і стратэгічынм інтарэсам адпавядае падтрымка тых, хто змагаецца за дэмакратыю і свабоду ў Беларусі і вяртаньне іхнай краіны ў эўрапейскую супольнасьць свабодных дзяржаваў.

Ігнараваць змаганьне за дэмакратыю і свабоду і закрываць вочы на спробы Лукашэнкі адбудаваць Савецкі Саюз было б вялікай памылкай ня толькі з маральнага, але і са стратэгічнага гледзішча.

Дазволіць Маскве паглынуць дзяржаву, якая была дэмакратычнай і незалежнай, азначала б яшчэ больш разагрэць памкненьні Масквы аднавіць старыя савецкія межы. Гэта магло б стварыць прэцэдэнт і пагражала б бясьпецы Ўкраіны, Латвіі, Літвы і Эстоніі. Паблажлівасьць да старадаўніх расейскіх імпэрскіх прэтэнзіяў паставіла б таксама пад пагрозу дэмакратычныя рэформы ў самой Расеі.

З гэтых прычынаў у “Акце аб дэмакратыі ў Беларусі 2001” прапануецца вылучыць 30 мільёнаў даляраў дапамогі на аднаўленьне і ўмацаваньне інстытуцыяў дэмакратычнага ўраду ў Беларусі. У прыватнасьці, Акт заклікае, каб прэзыдэнт ЗША забясьпечыў дапамогу палітычным партыям Беларусі, якія працуюць дзеля дасягненьня названых мэтаў.

Акт прадугледжвае павялічэньне сродкаў у падтрымку радыёвяшчаньня на Беларусі, каб аблегчыць распаўсюджаньне нецэнзураванай інфармацыі сярод насельніцтва Беларусі.

Спадар прэзыдэнт, верасьнёўскія выбары ў Беларусі былі праведзеныя рэжымам Лукашэнкі за кошт жорсткага здушэньня дэмакратыі і правоў чалавека. Прыняцьё Акту аб дэмакратыі ў Беларусі будзе адказам Амэрыкі апошняму эўрапейскаму дыктатару Аляксандру Лукашэнку”.

У эфіры Радыё Свабода і на сайце мы пазнаёмім Вас з абмеркаваньнем і ацэнкамі прапанаванага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG