Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ НАВУКІ. КАСЬМІЧНЫ ЗОНД “МАРСІЯНСКАЯ АДЫСЭЯ” ЗРАБІЎ ПЕРШЫЯ ЗДЫМКІ МАРСА


Сяргей Шупа, Вільня

Пасьля адоленьня за 6 месяцаў адлегласьці 450 мільёнаў кілямэтраў, зонд распачаў асноўны этап сваёй місіі. Першыя здымкі былі зробленыя з вышыні 22 тысячаў кілямэтраў. Зонд паступова зьніжае арбіту і неўзабаве мае дасягнуць максымальнай блізкасьці – 400 кілямэтраў. З гэтай вышыні можна будзе сфатаграафаваць дробныя дэталі паверхні Марса. Навукоўцы спадзяюцца, што ў выніку місіі ўдасца выявіць абшары, дзе вясною й летам зьбіраюцца запасы расталай вады – гэткія абшары маглі б стацца месцамі для разьмяшчэньня базаў будучых марсіянскіх экспэдыцыяў.

Нядаўнія здымкі Зямлі, выкананыя ўначы сатэлітамі агенцтва НАСА, сьведчаць, што да дзьвюх трацін насельніцтва нашай плянэты ня маюць магчымасьць назіраць цёмнае неба і бачыць зоркі. Бальшыня жыхароў вялікіх гарадоў нават не ўяўляюць сабе, як выглядае зорнае неба. Віною гэтаму – тысячы яркіх ліхтароў і забруджанае паветра. Найгоршая сытуацыя з назіраньнем зорнага неба – у Каліфорніі і ў Заходняй Эўропе, асабліва ў краінах Бэнілюксу. З гэтай зьявай ужо шмат гадоў змагаецца Міжнародная Асацыяцыя Цёмнага Неба, якая заклікае ўжываць больш эканомныя і эфэктыўныя сродкі асьвятленьня вялікіх гарадоў.

ПАНАМА. Панамскія вадалазы знайшлі рэшткі карабля, які, магчыма, належаў да апошняй экспэдыцыі Крыстафора Калюмба ў Амэрыку. Рэшткі гішпанскага галеона былі знойдзеныя каля панамскага ўзьбярэжжа на глыбіні 6 мэтраў. Калі пацьвердзіцца, што гэты карабель удзельнічаў у выправе 1502 году, гэта будзе першы знойдзены карабель часоў раньніх гішпанскіх заваёваў. Пакуль што вадалазы вынесьлі з карабля гарматы і рэшткі глінянага посуду. Перад вяртаньнем у Гішпанію Калюмб наўмысна затапіў адзін са сваіх галеонаў, у якім была выяўленая прабоіна. Інфармацыя пра знаходку пашырылася толькі пасьля таго, як у мясцовых вадалазаў былі канфіскаваныя гарматы XVI стагодзьдзя.

ВАШЫНГТОН. У Злучаных Штатах выпрабоўваецца новая прылада для выяўленьня кантрабанды наркотыкаў і выбуховых рэчываў. Падчас асабістага дагляду і праверкі баагажу і пошты выкарыстоўваюцца радыёімпульсы нізкай частаты. Новая прылада была распрацаваная ў Лябараторыі ваенна-марскіх дасьледаваньняў у Вашынгтоне, у яе працы выкарыстоўваецца прынцып магнітнага ядзернага рэзанансу. Радыёімпульс выклікае пульсацыю атамных ядраў, яны выпраменьваюць у адказ унікальны для пэўнага рэчыва радыёсыгнал, які распазнаецца адмысловым прыймачом.

* Львам на значнай частцы афрыканскага кантынэнту неўзабаве можа пагражаць зьнікненьне. Паводле зьвестак Міжнароднага Саюзу Захаваньня Асяродзьдзя, ніводная папуляцыя львоў у Заходняй і Цэнтральнай Афрыцы дастаткова шматлікая, каб выжыць на працягу бліжэйшых дзесяцігодзьдзяў. На думку біёлягаў, каб мець дастатковую для выжываньня генэтычную разнастайнасьць, паасобная папуляцыя львоў мусіць налічваць ад 500 да 1000 жывёлінаў. Тым часам на абшарах Камэруну, Сэнэгалу, Малі і Гвінэі дзьве найбуйнешыя папуляцыі налічваюць ня больш за 200 львоў, апрача іх ёсьць яшчэ зь дзясятак меншых. Зьнікненьне львоў можа азначаць, што пад пагрозай знаходзіцца ўся экалягічная сыстэма рэгіёну і што праз 20-30 гадоў зьнікненьне будзе пагражаць іншым відам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG