Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ БУШ АПАСАЕЦЦА, ШТО БІН ЛЯДЭН МОЖА МЕЦЬ ЯДЗЕРНУЮ ЗБРОЮ


Сяргей Навумчык, Прага

Калі дзесяць гадоў таму скончылася халодная вайна, сьвет ўздыхнуў з палёгкай – на працягу пяцідзесяцігадовага ядзернага супрацьстаяньня паміж Масквой і Вашынгтонам ніхто не націснуў на кнопку. Аднак пасьля 11-ага верасьня пагроза ядзернага ўдару большая, чым яна была ў часе халоднай вайны.

Як адзначае наш карэспандэнт Джэфры Донаван, упершыню прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што Усама бін Лядэн і ягоная сетка “Аль Каеда” імкнуцца здабыць ядзерную зброю і накіраваць яе супраць ЗША і іншых краінаў Захаду. Буш зьвярнуіўся праз спадарожні да ўдзельнікаў сустрэчы лідэраў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якая адбываецца ў Варшаве. Гэтую занепакоенасьць Буш таксама выказаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Белым Доме пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Жакам Шыракам.

У прыватнасьці, прэзыдэнт ЗША сказаў адносна ядзерных плянаў бін Лядэна:

(Буш: ) “Ён абвясьціў, што мае такі намер, і мы павінныя разглядаць гэта сур’ёзна. Мы зробім усё магчымае, каб пераканацца, што ён не набывае сродкі для вытворчасьці ядзернай зброі. Калі ён іх мае – мы будзем дамагацца, каб быць упэўненымі, што ён не вырабляе. Калі ж ён вырабляе, мы павінны пераканацца, што ён не размяшчае яе”.

Заяве Буша папярэднічалі падобныя засьцярогі амэрыканскіх і міжнародных адказных асобаў. Так, намесьнік Дзяржсакратара ЗША Джон Болтан на мінулым тыдні адзначыў, што сур’ёзнасьць верасьнёўскіх нападаў прымушаюць меркаваць, што тэрарысты ня спыняцца і перад выкарыстаньнем ядзернай зброі. Аднак Буш – першы амэрыканскі лідэр, які адкрыта спалучыў бін Лядэна з ядзернымі амбіцыямі. Пад час звароту да эўрапейскіх лідэраў Прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў неабходнасьць міжнароднай кааліцыі супраць тэрарызму і заявіў, што бін Лядэн і ягоныя прыхільнікі пагражаюць “кожнай нацыі і, урэшце, усёй цывілізацыі”.

Прадстаўнік Белага Дому Ары Фляйшэр заявіў, што нават сумесныя ваенныя дзеяньні ў Афганістане ня могуць гарантаваць ад будучых тэрарыстычных атакаў. Ён адзначыў, што здольнасьць асобных тэрарыстаў здзейсьніць атакі ня можа быць ліквідаваная ў выніку вайсковай кампаніі.

У той час, калі амэрыканцы сутыкаюцца з пагрозамі біятэрарызму, адзін з уплывовых амэрыканскіх часопісаў зьмясьціў артыкул пад назовам “Рэальная пагроза – не біялягічная ці хімічная. Яна – ядзерная”.

Гісторыя сьведчыць, што Ірак – тая краіна, якая з найбольшай верагоднасьцю можа стварыць такую зброю і скарыстаць яе супраць Амэрыкі. Аднак гэта таксама прымушае разгледзіць варыянт, што “Аль Каеда” ці падобная на яе тэрарыстычная арганізацыя магла набыць адпаведныя расшчапляльныя матэрыялы, неабходныя для вытворчасьці ядзернай зброі.

Хаця б такой, якая ня здолее зьнішчыць горад, але пакіне ядзерныя выпраменьваньні, дастатковыя, у канчатковым выніку, для зьнішчэньня тысячаў людзей.

Роз Готтэмольлер, кіраўнік праекту нераспаўсюджваньня ядзернай зброі Вашынгтонскага інстытуту палітыкі, наступным чынам ацэньвае цяперашнюю ядзерную пагрозу:

(Готтэмольлер: ) “Злучаныя Штаты, ды й і іншыя краіны, я сказаў бы, ў большай рызыцы, чым ў часы Халоднай вайны, таму што падзеі 11-га верасьня сапраўды парушылі табу супраць выкарыстаньня агромністай разбуральнай сілы ў тэрарыстычных дзеяньнях”.

Аднак Роз Готтэмольлер лічыць, што тэрарыстам будзе вельмі складана назапасіць дастатковую колькасьць апрацаванага плутонія, каб стварыць бомбу, ня кажучы ўжо пра сродкі яе стварэньня:

(Готтэмольлер: ) “Я мяркую, няшмат верагоднасьці, што яны б мелі паўнавартасную ядзерную зброю. Гэта значыць, што яны б здолелі нанесьці ядзерны ўдар па ЗША. Гэта даволі цяжка тэхнічна – дасягнуць ядзернага выбуху”.

Гарры Мілхольлін, дырэктар вісконсінскага праекту ў справе кантролю за ядзерным узбнаенньнем, лічыць малаверагодным, каб Аль Каеда валодала ядзернымі матэрыяламі альбо сродкамі іх абслугоўваньня.

(Мілхольлін: ) “Я лічу, што калі Аль Каеда магла атрымаць ядзерныя адкіды, яна б маглі атрымаць і ядзерны матэрыял для зброі. Праблема, аднак, для тэрарыстаў палягае ў тым, што ядзерныя адкіды зьяўляюцца высокаактыўнымі, яны павінны быць ізаляваныя пры транспарціроўцы і пераапрацоўцы і чым больш матэрыялу, тым большай павінна быць ізаляцыя. Таму гэта ня вельмі практычна, каб транспартаваць вялікую колькасьць радыёактыўнага матэрыялу, таму што сыстэма ізаляцыі нагэтулькі цяжкая, што робіць гэта нерэальным”.

Амэрыканскія сродкі масавай інфармацыі занепакоеныя таксама верагоднасьцю таго, што рэжым пакістанскага прэзыдэнта Первэза Мушарафа, асноўнага саюзьніка ЗША ў зоне афганскіх дзеяньняў, можа пасьці, пакінуўшы ядзерныя запасы ў рукаў радыкальных іслямістаў. Аднак міністар абароны ЗША Доналд Рамсфэльд лічыць, што Мушараф і ягонае атачэньне разумеюць усю адказнасьць за захоўваньне гэтай магутнай зброі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG