Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ СЬВЯТКАВАЛІ ЧАРГОВЫЯ ЎГОДКІ КАСТРЫЧНІЦКАГА ПЕРАВАРОТУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньня аб 11-й гадзіне віцебскія сябры Партыі камуністаў Беларускай зладзілі на плошчы імя Леніна свой штогадовы сьвяточны мітынг. Яны, дарэчы, абышліся без гарадзкіх уладаў, якія адмысловых урачыстасьцяў на 7 лістапада не заплянавалі. Затое арганізавалі на плошчы Волі за колькі соцень мэтраў ад мітынгу маштабны харчова-гарэлачны гандаль.

Паслухаць прамовы выступоўцаў пра пагрозы міжнароднага імпэрыялізму ды страчаныя сацыялістычныя каштоўнасьці сабраліся ўсяго каля 150 віцеблянаў. У гэтым натоўпе некалькі агітатараў раздавалі ўлёткі "Моладзь, апамятайся", хаця да ліку асобаў маладзейшых за 50 гадоў можна было аднесьці хіба прысутных тут маладафронтаўцаў ды яшчэ шматлікіх журналістаў, што сабраліся паглядзець па сканчэньні паўгадзінавага камуністычнага мітынгу пэрформанс фронтаўскай моладзі.

Гледачам паказалі папуры на тэму вядомых рэвалюцыйных сюжэтаў. Спачатку з трыбуны выступіў сам Уладзімер Ульянаў (яго, дарэчы, вельмі цёпла сустрэлі камуністы, пакуль не зразумелі падвоху), а потым зьявілася эсэрка Фані Каплан ды стрэліла ў Ільіча на вачох у зьнямелай публікі. Тут да правадыра падскочылі ці то дактары, ці то санітары ў белых халатах, а за імі тры міліцыянты. Увесь гэты стракаты натоўп хутка зьнік у парку, адкуль міліцыянты неўзабаве вярнуліся адны.

Тымчасам маладафронтаўцы скіраваліся на прывакзальную плошчу. Там сёньня апоўдні сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі й грамадзкага аб'яднаньня імя Карпенкі супольна ладзілі акцыю "Ланцуг неабыякавых людзей". Чаму яна адбылася менавіта сёньня, на дзяржаўнае сьвята, патлумачыла старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залеская:

(Залеская: ) "Нават гаворкі пра нейкае сьвята сёньня быць не павінна. Зашмат гора прынесла людзям 7 лістапада, таму радавацца недарэчна. Для нас гэты дзень — дзень памяці, і мы выйшлі сюды з партрэтамі тых, хто загінуў або памёр пры загадкавых абставінах, каб нашыя людзі хоць крыху задумаліся пра тое, што сёньня вакол іх адбываецца".

Міма пікетоўцаў прайшло сёньня даволі шмат народу. Усе ахвотныя атрымалі агітацыйныя буклеты Аб'яднанай грамадзянскай партыі ды зборнік "Мы памятаем", які выдала аб'яднаньне імя Карпенкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG