Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫЯ БЕЛАРУСЫ НЯ ВЕДАЮЦЬ, ШТО АДБЫЛОСЯ 7 ЛІСТАПАДА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня зраніцы нешматлікія актывісты камуністычных партыяў і груповак пачалі зьбірацца на менскім пляцы Незалежнасьці, каб ускласьці кветкі да помніка правадыру бальшавіцкай рэвалюцыі Ўльянаву-Леніну.

Першымі, а 10-й гадзіне раніцы сюды прыйшлі каля паўтысячы актывістаў праўрадавай кампартыі Віктара Чыкіна, а таксама прадстаўнікі радыкальнай ВКПБ і нацыянал-бальшавіцкай партыі са сьцягамі, якія вельмі нагадваюць гітлераўскія. (Толькі замест свастыкі на чырвоным сьцягу ў белым коле — выявы сярпа і молата.) Гэтую калёну ўзначальвалі намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Пятрушын, старшыня гарсавету Папкоўскі й памочнік Аляксандра Лукашэнкі Посахаў.

Напярэдадні гарадзкія ўлады не дазволілі камуністам правесьці мітынгі й шэсьці ў цэнтры Менску, чым камуністычныя лідэры былі вельмі незадаволеныя. Аднак лідэр КПБ Віктар Чыкін заявіў, што трэба выконваць закон. Маўляў, добра й тое, што гарадзкія ўлады ўчора арганізавалі ўрачыстае паседжаньне ды канцэрт. Сяргей Посахаў выказаў шкадаваньне, што ўлады розных краінаў на постсавецкай прасторы яшчэ не гатовыя адзначаць рэвалюцыйнае сьвята на належным узроўні.

Лідэр жа апазыцыйнай ПКБ Сяргей Калякін, які зь дзьвюма сотнямі сваіх прыхільнікаў таксама прыйшоў да помніка Леніну, абяцаў падаць у суд на ўлады, бо ім не дазволілі правесьці шэсьце й мітынг. Для апазыцыйных камуністаў дзень 7 лістапада па-ранейшаму застаецца сьвятам.

(Калякін: ) "У галовах людзей гэтае сьвята засталося як першая спроба прыйсьці да такога грамадзтва, у якім павінны жыць цывілізаваныя людзі ў трэцім тысячагодзьдзі. У грамадзтве свабоды, у грамадзтве абсалютнай адсутнасьці страху, калі ёсьць праца, дабрабыт і ўпэўненасьць у заўтрашнім дні".

Мінакі ж на менскіх вуліцах ставяцца да дня 7 лістапада больш спакойна.

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, ці вы ведаеце які сёньня дзень?"

(Спадар: ) "Ведаю, 7 лістапада".

(Карэспандэнт: ) "А чым для вас ёсьць гэты дзень?"

(Спадар: ) "Цяжка сказаць. Я чалавек ня надта малады. Таму зьвязаны з пэўнай настальгіяй, не па мінулых часах, а па часах маладосьці. Гэта выходны дзень, і дзецям паабяцалі маленькае сьвята ў McDonald's".

(Спадарыня: ) "Рэвалюцыя паўплывала на хаду гісторыі ва ўсім сьвеце".

(Дзяўчына: ) "Выходны дзень. Гэта сьвята нашых дзядуляў і бабуляў, а для нашага пакаленьня гэта проста выходны".

(Хлопец: ) "Ды, здаецца, адышлі гэтыя сьвяты. Раней неяк было, а цяпер не".

Некаторыя маладыя людзі альбо не прызнаюць каштоўнасьці рэвалюцыі для грамадзтва наогул, альбо знаходзяць іншыя нагоды для сьвята:

(Дзяўчына: ) "7 лістапада пераломны момант у гісторыі. Хутчэй толькі ў горшы бок. У горшы, бо была цалкам зьнішчаная інтэлігенцыя, многія традыцыі былі зьмененыя".

(Іншая дзяўчына: ) "Для мяне такі звычайны дзень, хаця ў маіх бацькоў сёньня 20 гадоў з моманту шлюбу. Таму сёньня ўвечары мы будзем сьвяткаваць. А рэвалюцыя — ведаеце, ужо ня тыя часы".

Многія ж 15-16-гадовыя падлеткі наагул ня ведаюць, што за дзень 7 лістапада:

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, вы ведаеце які сёньня дзень?"

(Дзяўчына: ) "Ня ведаю".

(Карэспандэнт: ) "Вось было такое сьвята кастрычніцкай рэвалюцыі. Вы штосьці чулі пра яго?"

(Дзяўчына: ) "Ну, нешта чула".

(Карэспандэнт: ) "І што было?"

(Дзяўчына: ) "Ня ведаю".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, ці вы ведаеце які сёньня дзень?"

(Хлопец: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "А што ў гэты дзень адбылося?"

(Хлопец: ) "А халера яго ведае, проста выходны дзень".

Пры гэтым хлопцы і дзяўчаты дадавалі, што ў іх хапае сваіх праблемаў, каб цікавіцца ці памятаць, што адбылося 7-га лістапада 84 гады таму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG