Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ ВУЧЭЛЬНЯЎ МАГІЛЕВУ СПРАБАВАЛІ ЗАБЯСЬПЕЧЫЦЬ ЯЎКУ НА “СЬВЯТА”


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Мясцовыя сацыял-дэмакраты слухалі сьвятароў ды ўшаноўвалі памяць людзей, якія загінулі ў выніку наступстваў бальшавіцкага перавароту, а тымчасам на цэнтральнай плошчы Магілёва казалі пра станоўчае значэньне гэтай падзеі для гісторыі. У адным месцы маліліся за душы ахвяраў грамадзянскай вайны, а ў другім праслаўлялі яе арганізатараў.

На афіцыйным мітынгу выступалі толькі мясцовыя вэртыкальшчыкі ды прадстаўнікі арганізацыяў, якія падтрымліваюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Большасьць удзельнікаў мітынгу (пераважна моладзь) апынулася там паводле "добраахвотна-прымусовага" прынцыпу. Як стала вядома, супрацоўнікі выканкамаў тэлефанавалі ў навучальныя ўстановы і прадпрыемствы гораду ды патрабавалі забясьпечыць патрэбную колькасьць удзельнікаў мітынгу.

Супрацоўніца гарвыканкаму, якая не захацела называць свайго імя, заявіла: "Мы прасілі забясьпечыць прадстаўніцтва ад трох да пяці чалавек, а кіраўнікі дасылалі дзясяткамі, каб выслужыцца перад уладай".

Заяўку на мітынг падавалі вэтэраны, а ягоным вядучым улады прызначылі старшыню Магілёўскага гарадзкога савету Вячаслава Сьвістунова. Нягледзячы на камуністычны характар гэтага "сьвята" для членаў апазыцыйнай партыі камуністаў Беларусі не знайшлося ні месца ў прэзыдыюме, ні часу на выступ. Пакуль прамоўцы выказвалі свае думкі, палова з 1000 удзельнікаў мітынгу разышлася.

XS
SM
MD
LG