Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ НЕ АТРЫМАЕ КРЭДЫТУ АД МВФ


Тацяна Каліноўская, Менск

На падставе вынікаў мусяць прыняць рашэньне пра атрыманьне ад МВФ крэдыту на падтрымку беларускай эканомікі. І хоць да заканчэньня працы місіі яшчэ тры дні, але вынікі маніторынгу ўжо вядомыя — Беларусь не атрымае ад МВФ жаданага крэдыту.

Выступаючы перад прафэсарска-выкладчыцкім складам эканамічных ВНУ Беларусі, кіраўнік місіі, дырэктар другога эўрапейскага дэпартамэнту МВФ Джон Одлінг-Сьмі паведаміў, што рашэньне пра фінансавую дапамогу Беларусі ня можа быць прынятае.

Одлінг-Сьмі назваў і прычыны гэтага — невыкананьне ўрадам пунктаў праграмы, што датычылі структурных пераўтварэньняў у беларускай эканоміцы, і ў прыватнасьці — спыненая прыватызацыя, адсутнасьць спрыяльнага клімату для прыватнага бізнэсу, залішняе дзяржаўнае рэгуляваньне.

Перадвыбарчае падвышэньне заробкаў, якое адбылося без узгадненьня з МВФ і без адпаведнага падвышэньня прадукцыйнасьці працы ў выніку, на думку Одлінга-Сьмі, прывядзе да росту інфляцыі. У краіне па-ранейшаму непразрысты бюджэт і не падтрымліваецца бюджэтная дысцыпліна.

Напярэдадні прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі спрабаваў выратаваць сытуацыю, паабяцаўшы падчас асабістай сустрэчы з Одлінгам-Сьмі пачаць лібэральныя рэформы і нават частковую прыватызацыю: "Мы зробім гэтыя крокі з мэтаю атрыманьня крэдыту", — шчыра паведаміў Навіцкі. Але МВФ ня верыць абяцаньням: "Заявы — гэта добра, але нам важныя дэталі і тое, як гэтыя намеры будуць зрэалізаваныя", — заявіў Одлінг-Сьмі.

Якія далейшыя пэрспэктывы супрацоўніцтва з Фондам, апошні крэдыт ад якога Беларусь атрымала ў 1995 годзе? Джон Одлінг-Сьмі паведаміў, што ён азнаёмлены з урадавай эканамічнай праграмай на наступны год. На ягоную думку, гэтая праграма ня здольная палепшыць сытуацыю ў беларускай эканоміцы. "Мы спадзяемся, што будзем праводзіць маніторынг праграмы ўраду, але пакуль што яны не распрацавалі такую праграму, якую мы маглі бы падтрымаць", — заявіў Одлінг-Сьмі.

Сытуацыю камэнтуе экспэрт Анатоль Тараховіч:

(Тараховіч: ) "Рашэньне прадстаўнікоў Міжнароднага валютнага фонду пра нявыдачу Беларусі чарговай траншы пазыкі па лініі стэнд-бай сталася цалкам заканамернай падзеяй, паколькі рэальныя рэформы ў Беларусі не праводзяцца, апрача нязначных зрухаў на валютным рынку.

Падзеі апошняга месяца сьведчаць, што высілкі ўраду былі сканцэнтраваныя на будаўніцтве гэтак званай "пацёмкінскай вёскі" ў нашай эканоміцы, з мэтаю стварэньня вобразу пасьпяховых рынкавых пераўтварэньняў. Аднак у рэальнасьці апошнія месяцы назіраецца абвастрэньне крызысных зьяваў у эканоміцы, скарачэньне золатавалютных рэзэрваў Нацыянальнага банку.

Гэта не ўдалося схаваць ад МВФ. Яны бачаць, што шэраг структурных рэформаў, неабходных дзеля рэальнага росту, пераходу эканомікі да рыначных умоваў, не праводзіцца, і таму заканамерна вырашыў адкласьці рашэньне пра выдачу крэдыту".

Джон Одлінг-Сьмі таксама паведаміў, што праз палітыку штучнай падтрымкі курсу беларускага рубля, якая праводзіцца ўвесь апошні год, валютныя рэзэрвы Нацыянальнага банку амаль вычарпаныя. Гэта можна прызнаць ці не адзіным вынікам сумеснай прагамы беларускага ўраду і Міжнароднага валютнага фонду.
XS
SM
MD
LG