Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЗАСТАЕЦЦА Ў СЬПІСЕ ВОРАГАЎ ПРЭСЫ


Віталь Тарас, Прага

“Рэпартцёры бязь межаў” сёлета выпусьцілі свой сьпіс у траўні. У ім фігуравала тады 31 імя. Аднак, за чатыры месяцы колькасьць парушэньняў правоў журналістаў і свабоды слова ў розных краінах сьвету істотна павялічылася.

Дарэчы, падчас выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі генэральны сакратар арганізацыі “Рэпарцёры бязь межаў” Рабэр Мэнар зрабіў адмысловай заяву, у якой канстатавалася, што “Радыё і тэлебачаньне цалкам падпарадкаваныя ўладам, і недзяржаўныя медыі сыстэматычна цэнзуруюцца. У такіх умовах выбары 9-га верасьня ёсьць ня болей чым фарсам”.

“Рэпарцёры бязь межаў” прыводзіць і іншыя, найбольш яскравыя прыклады апошняга часу.

Кіраўнік афганскіх талібаў Мула Амар забараніў карыстацца Інтэрнэтам у краіне, а з моманту пачатку канфрантацыі з ЗША пасьля 11-га верасьня ў Афганістане былі арыштаваныя пяць замежных журналістаў.

Кубінскі дыктатар Фідэль Кастра кінуў за краты “Інтэрнэт- дысыдэнта”.

Прэзыдэнт Пуцін падпарадкаваў сабе мэдыі ў Расеі, а прэзыдэнт Конга загадаў арыштаваць 10 журналістаў.

Сьпіс ворагаў прэсы павялічыўся на 8 імёнаў і назваў арганізацыяў.

Гэта палестынская служба бясьпекі, якая затрымлівала замежных журналістаў за крытыку палестынскіх уладаў;

Гэта начальнік ізраільскага генэральнага штабу Шаўль Мафаз. Ізраільскія жаўнэры пад ягоным камандаваньнем паранілі падчас беспарадкаў на палестынскіх тэрыторыях ужо больш за 30 журналістаў.

А таксама палітык з Банглядэш Джайнал Газары, прэм’ер-міністар Малайзіі Магацір Магамад, прэзыдэнт Зімбабвэ Рабэрт Мугабэ (восем журналістаў там былі арыштаваныя ў жніўні); прэзыдэнт Эрытрэі Ісайя Афеуокі; кароль Свазілэнду Мсваці, прэзыдэнт Тога Гнасінгбэ Эядэма.

“Яны прысвоілі права саджаць у турму, выкрадаць, катаваць, а ў некаторых выпадках забіваць журналістаў,” – заяўляюць “Рэпарцёры бязь межаў”. Можна згадаць зьніклага беларускага тэлеапэратара Зьмітра Зававдзкага, імя якога фігуруе зараз на менскім працэсе аб забойствах, зьдзейсьненых групай былых спэцназаўцаў.

Рэпарцёры бязь межаў уключылі ў свой сьпіс кіраўніка ўраду Малайзіі таму, у прыватнасьці, што там адбыліся зьмены ў законах аб друку і бясьпецы, якія дазволілі перасьледваць незалежную прэсу. У Беларусі ж Закон аб друку зьмяняўся ўжо неаднаразова, і кожнага разу ў бок абмежаваньня правоў журналістаў. І вось цяпер рыхтуюцца новыя зьмены.

Зрэшты, Аляксандар Лукашэнка ўжо даўно й трывала займае сваё мейсца ў міжнародным сьпісе ворагаў прэсы. Аднак, “Рэпарцёры бязь межаў” не абмяжоўваюцца простай канстатацыяй.

“Дыктатары павінны адказваць за свае злачынствы перад міжнародным трыбуналам,” – гаворыцца ў заяве вядомай праваабарончай арганізацыі.
XS
SM
MD
LG