Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ МОЖА БЕЛАРУСЬ ДАЛУЧЫЦЦА АД ДЭМАКРАТЫЧНЫХ КРАІНАЎ? ГЭТАЕ ПЫТАНЬНЕ ГУЧАЛА Ў КАНТЭКСЬЦЕ СУСТРЭЧЫ Ў ВАРШАВЕ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Менавіта запрашэньне на форум Беларусі выклікала шырокае абмеркаваньне ў сродках масавай інфармацыі, якія спрабавалі знайсьці адказ на пытаньне: “Як можа Беларусь, якая застаецца чорнай плямай на мапе сучаснай Эўропы, далучыцца да дэмакратычных краінаў?” Некаторыя, ня верылі ў шчырасьць словаў кіраўніка беларускай дэлегацыі і сёньня.

Напярэдадні, камэнтуючы запрашэньне да ўдзелу ў канфэрэнцыі ў якасьці назіральнікаў прадстаўнікоў Беларусі, кіраўнік бюро дзяржаўнай бясьпекі канцылярыі прэзыдэнта Польшчы, віцэ-міністар Марэк Сівец заявіў, што, калі гаворка ідзе пра такую надзвычай важную справу, як барацьба з тэрарызмам у рэгіёне Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы, нельга пакінуць “дзірку” ці “чорную пляму” якой ёсьць Беларусь. Віцэ-міністар таксама адзначыў, што запрашэньне Беларусі ёсьць пэўным крэдытам для гэтай краіны, і прадстаўнікі міжнароднай супольнасьці будуць уважліва сачыць за тым, што скажа беларускі бок у часе канфэрэнцыі.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі Урал Латыпаў выступаў сёньня перадапошнім, калі прысутныя журналісты ўжо вырашылі, што беларуская дэлегацыя ўвогуле ня возьме слова. У часе сваёй прамовы, якая была напэўна самай кароткай, у параўнаньні зь прамовамі прадстаўнікоў іншых краінаў, спадр Латыпаў, у прыватнасьці, сказаў:

(Латыпаў) “Сёньня я хачу сказаць, што мая краіна лічыць сябе неад’емнай часткай міжнароднай антытэраэстычнай кааліцыі.Калі ласка, убачце ў маёй краіне надзейнага партнэра ў барадзьбе з міжнародным тэрарызмам”.

Тое, што заява Латыпава адпавядала асноўнай ідэі канфэрэнцыі – ідэі аб’яднаньня Цэнтральна і Ўсходне-Эўрапейскіх краінаў у барацьбе з тэрарызмам, прыкметна зьнізіла напружанасьць сярод прысутных палітыкаў, асабліва прадстаўнікоў Польшчы, прэзыдэнт якой ёсьць ініцыятарам аб’яднаньня краінаў гэтай часткі Эўропы.

(Квасьнеўскі) “Хачу падкрэсьліць, што прамова прадстаўніка Беларусі адпаявдае асноўным напрамкам думак і дзеяньняў у нашых краінах. Гэта добры і важны знак для будучыні”.

У часе прэсавай канфэрэнцыі, журналісты запыталі Урала Латыпава, якія ёсьць доказы падтрымкі Беларусьсю антытэрарэстычнай кааліцыі, акрамя ягонай прысутнасьці на канфэрэнцыі.

Спадар Латыпаў адказаў,што Беларусь ад самога пачатку была на баку кааліцыі, ды кваліфікавала захады Злучаных Штатў і іхных хаўрусьнікаў як самаабарону, якая дазваляецца Статутам ААН. Справа ў тым, што паводле Латыпава, роля Беларусі ў гэтай справе ацэньваецца неаб’ектыўна.

На пытаньне карэспандэнта радыё СВАБОДА, ці могуць беларускія ўлады прадставіць якія-небудзь гарантыі, што зброя, якой вельмі шмат прадае Беларусь, не трапляе да тэрарыстаў, Урал Латыпаў адказаў, што Беларусь прадае зброю як і іншыя краіны, аднак, нягледзячы на шматлікія заангажаваныя публікацыі ў прэсе, німа ніводнага доказу, што ў справе гандлю зброяй, Беларусь парушае міжнародныя абмежаваньні, прынятыя ААН.

Праз год прэзыдэнты дзяржаваў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы ізноў зьбяруцца, каб абмеркаваць вынікі выкананьня асноўных дакумэнтаў сёньняшняй канфэрэнцыі – “Дэклярацыі” ды “Пляну дзеяньняў”.
XS
SM
MD
LG