Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОЧЫЯ ВУЧАЦЬ УРАД ЯК ВЫПРАВІЦЬ СТАНОВІШЧА Ў ЭНЭРГЕТЫЧНАЙ ГАЛІНЕ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

Звычайна падобныя дакумэнты ўтрымліваюць патрабаваньні й просьбы, аднак сёньняшні зварот, пад якім паставілі свае подпісы 350 энэргетыкаў, выглядае арыгінальным. У ім аналізуецца крызысная сытуацыя ў энэргетычнай галіне і на наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі ў прыватнасьці, і вылучаюцца канкрэтныя прапановы па выпраўленьні становішча.

А становішча на згаданым прадпрыемстве і сапраўды незайздроснае. Тут трэці месяц запар нясвоечасова выплачваецца заработная плата, практычна не абнаўляюцца асноўныя фонды, ліквідуюцца сацыяльныя льготы. Да ўсяго, адміністрацыя апошнім часам пайшла на перагляд калектыўнай дамовы.

Такія захады сустрэлі рашучы пратэст дэмакратычных прафсаюзаў, што дзеяць на прадпрыемстве. У адказ на пратэсты дырэкцыя накіравала ў мясцовую пракуратуру афіцыйную паперу з просьбай юрыдычным чынам ліквідаваць заводзкія суполкі Свабоднага і Незалежнага прафсаюзаў.

Вось што сказаў на гэты конт старшыня тамтэйшай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Вадзім Духаменка:

(Духаменка: ) "Наш зварот — гэта кансалідаваны адказ працоўнага калектыву і дэмакратычных прафсаюзаў на дзеяньні адміністрацыі цеплаэлектрацэнтралі і кіраўніцтва галіны наагул. Замест таго, каб заняцца вырашэньнем надзённых праблемаў і ліквідацыяй запазычанасьці па заробках, своечасовай выплаце грошай на адпачынак, разьвязаньнем сацыяльных праблемаў і аднаўленьнем асноўных фондаў на прадпрыемстве, дырэкцыя занялася ліквідацыяй заводзкіх дэмакратычных прафсаюзаў. Спробы такія ня мелі плёну, але дарэшты ўскладнілі сытуацыю. Наваполацкія энэргетыкі больш не жадаюць мірыцца з падобнай сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй і распачынаюць змаганьне за лепшую долю".

Спадар Духаменка выказаў спадзеўку, што кіраўнік ураду ўважліва паставіцца да звароту работнікаў цеплаэлектрацэнтралі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG