Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛУКАШЭНКА НАВЕДАЎ ГОРАДНЮ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У горадзе ёсьць два вялікія хімічныя прадпрыемствы. На “Хімвалакне” выдатна экспартуецца прадукцыя, яго Аляксандар Лукашэнка наведаў напярэдадні выбараў.

А вось на “Азоце” з экспартам справы кепскія. Рэнтабэльнасьць на аб’яднаньні стала мінусовай. Прычыны дзьве. Па-першае, кожны год першыя пяць месяцаў урад змушае пастаўляць азотныя ўгнаеньні толькі на ўнутраны рынак, забясьпечваць калгасы. Прычым калгасы ня маюць магчымасьці расплаціцца.

Выправіць потым сваё становішча на зьнешнім рынку штораз цяжэй. Генэральны дырэктар Валеры Лангоў кажа, што расейскія канкурэнты толькі чакаюць моманту, каб заняць месца “Азоту” на рынках Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Прычына другая — ізноў амаль удвая зьменшыліся кошты прадукцыі аб’яднаньня на міжнародным рынку.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што прышле на “Азот” дзяржкантроль. Каб разабрацца, ці вінаваты генэральны дырэктар у кепскім эканамічным становішчы. Што да прыватызацыі прадпрыемства, дык кантрольны пакет акцый у любым разе застанецца ў дзяржавы. Са словаў Лукашэнкі вынікала, што магчымым інвэстарам можа стаць адна з расейскіх кампаній, як Лукойл альбо Газпром.

У выступе Лукашэнкі ў аблвыканкаме можна адзначыць наступныя моманты. Гаворачы аб карупцыі, ён узгадаў пра арышт некалькіх гарадзенскіх мытнікаў, сярод якіх сам кіраўнік рэгіянальнай мытні Пракопчык. Затым Лукашэнка сказаў, што некаторых кіраўнікоў папросту просяць пакінуць пасаду. Некаторыя зь іх маюць па некалькі машынаў і кватэраў. Аднак прозьвішчаў названа не было.

У адказ на гэта ўзьняўся былы старшыня гарвыканкаму Анатоль Пашкевіч і сказаў, што ў яго ніякіх лішніх кватэр няма. Тады Лукашэнка адказаў, што ў яго ёсьць адпаведныя відэаматэрыялы і даў каманду прысутнаму на сходзе Віктару Шэйману разабрацца.

Старшыня абкаму прафсаюзу работнікаў аховы здароўя Тацяна Гальцава ў сваім выступе пажадала госьцю, каб у сталіцы паміж уладамі і прафсаюзамі існавалі добрыя дачыненьні — такія, маўляў, як у Горадні.

Лукашэнка адказаў, што праблема ня вартая "выедзенага яйка". А што да Ўладзімера Ганчарыка, дык перад выбарамі яго правяраў сп. Тозік. Залішняй маёмасьці ў кіраўніка прафсаюзаў не адшукалі. Аднак, паводле словаў Лукашэнкі, у яго было багата розных акцый. Якія той перад выбарамі часова перадаў камусьці, а потым забраў назад.

Госьць закрануў і некаторыя праблемы звонкавай палітыкі. Напрыклад, Аляксандар Лукашэнка сказаў, што дарэмна яго крытыкуюць, быццам Беларусь прадае шмат зброі. Столькі зброі ў дзяржавы папросту няма, сказаў ён. Але паведаміў, што будзе і надалей падтрымліваць абаронныя прадпрыемствы.
XS
SM
MD
LG