Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМІЖ АМЭРЫКАНЦАМІ І ТАЛІБАМІ ЎЗМАЦНЯЕЦЦА “ВАЙНА СЛОВАЎ”


Віталь Цыганкоў, Прага

Міністр абароны ЗША Дональд Рамсфэльд у панядзелак адхіліў меркаваньні, што канфлікт у Афганістане можа цягнуцца няпэўна доўга і паведаміў, што эфэктыўнасьць авіяўдараў расьце з кожным днём. “Я ня думаю, што ў Афганістане нам спатрэбяцца гады,” – заявіў Рамсфэльд у сталіцы Індыі Дэлі пасьля заканчэньня сваёй паездкі па пяці краінах.

У той жа дзень у Кабуле міністар адукацыі балібаў Амір Хан Мутагі заявіў, што вайна амэрыканцаў у Афганістане будзе доўгай і бессэнсоўнай. Мутагі дзёрзка паставіў пад сумненьне здольнасьць ЗША правесьці пасьпяховую наземную апэрацыю, заявіўшы, што яна прывядзе адно толькі да паразы ЗША. “Ахвяры Талібану будуць у такім выпадку амаль нулявымі,” – сказаў Мутагі.

Амэрыканскае вайсковае кіраўніцтва сьцьвярджае, што кампанія ідзе паводле графіку і пасьпяхова. Амэрыканскія цяжкія самалёты Б-52 працягваюць бамбаваць пазыцыі талібаў у раёне Талагану, гораду каля таджыцкай мяжы, што калісьці належыў Паўночнаму альянсу. Авіяўдары ставяць на мэце ачысьціць дарогу для сілаў паўночнікаў, каб яны маглі пачаць свой наступ яшчэ перад наступленьня зімы, – адзначае газэта International Herald Tribune.

Тымчасам Паўночны альянс правёў шырокамаштабныя вайсковыя манэўры з удзелам звыш 3 тысячаў жаўнераў, а таксама танкаў і артылерыі. Войскі апазыцыі і талібаў вось ужо ня першы дзень вядуць баі каля стратэгічна важнага гораду Мазары-Шарыф. У панядзелак ЗША паведамілі, што прызначылі дыплямата Джэймса Добінса пасланьнікам у афганскай апазыцыі. “Ягоная місія ў тым, каб працягваць працу з афганскімі апазыцыйнымі групамі, з афганскімі партыямі, каб дапамагчы ім сфармаваць будучы ўрад Афганістану,” – паведамілі ў Дзярждэпартамэньце.

У Дэлі амэрыканскі міністар абароны паведаміў, што эфэктыўнасьць паветраных удараў значна падвысілася пасьля таго, як ЗША высадзілі невялікія каманды спэцыяльных войскаў з мэтай лепш накіроўваць авіяўдары. “Верагодным вынікам жорсткіх бамбаваньняў пазыцыяў талібаў на лініі фронту з войскамі паўночнага альянсу можна лічыць тое, што вось ужо некалькі дзён талібы не адкрываюць агонь у адказ,” – паведаміў намесьнік начальніка камітэту аб`яднаных штабоў Джон Стафлбім. Таксама ён адзначыў, што не відаць ніякіх прыкметаў актыўнасьці тэрарыстычнай арганізацыі Аль-Каеда, якую ўзначальвае Усама бін Лядэн. “Іхныя вучэбныя лягеры, інфраструктура і некаторыя горныя прыбежышчы разбураныя, – паведаміў Стафлбім, і дадаў: – Мы адчуваем, што яны вельмі задаволеныя, што талібы замагаюцца замест іх”.

Тымчасам Мутагі, міністар адукацыі ва ўрадзе талібаў, сказаў рэпарцёрам у Кабуле, што талібан рыхтуецца да доўгай вайны. “Амэрыканцам трэба пракансультавацца з расейцамі і брытанцамі наконт іхных паразаў тут,” – сказаў Мутагі, маючы на ўвазе зьнішчэньне афганцамі брытанскіх каляніяльных сілаў у 19 стагодьдзі і вывад савецкіх войскаў у 1989 годзе.

“Гэтая дзяржава, якую ў сьвеце называюць магутнай сілай, пацерпіць фіяска. Яшчэ раз мы нагадваем народу ды ўраду Амэрыкі, што яны ўсё яшчэ маюць час адступіць ад правядзеньня сваёй вар`яцкай акцыі,” – пагражае Мутагі.

Мутагі сьцьвярджае, што дагэтуль загінуў толькі адзін баец талібану. Аднак рэпартажы са шпіталёў і моргаў сьведчаць, што страты талібаў вымяраюцца сотнямі. Раней у Іслямабадзе міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд адзначыў, што прадстаўнік талібаў хлусіць, калі кажа, што ў выніку амэрыканскай апэрацыі загінула звыш 1500 цывільных асобаў. Міністар замежных справаў Пакістану Абдул Сатар падтрымаў свайго амэрыканскага калегу, адзначыўшы: “Ніколі ў гісторыі не надавалася гэтак шмат увагі таму, каб зьвесьці ахвяры сярод цывільнага насельніцтва да мінімуму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG