Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША ІЗНОЎ ПРАНОСЯЦЬ У САМАЛЁТЫ ЗАБАРОНЕНЫЯ РЭЧЫ


Сяргей Навумчык,Нью-Ёрк

(Навумчык: ) «Ізноў ўзьнікла «авіяцыйная тэма», якая была аціхла на тле паведамленьняў пра сібірскую язву. Паступаюць ізноў паведамленьні пра факты праносу на борт самалётаў забароненых рэчаў. Так, у Чыкага сямёра супрацоўнікаў аэрапорту былі звольненыя, калі высьветлілася, што пасажыр пранес на борт самалёту нажы і газавы пісталет. У Нью-Ёркскім аэрапорце адклалі два авіярэйсы. Было заўважана, што адзін з кантралёраў, які правяраў пасажыраў, рабіў гэта фармальна. Пасажыраў прымусілі ізноў прайсьці кантроль. Нягледзячы на ўзмацненьне сыстэмы кантролю, у друку пастаянна зьяўляецца інфармацыя, што нехта пранёс на борт самалёта нож, а днямі адзін чалавек нават знайшоў у сваім дыплямаце пісталет, які забыў выкласьці перад рэйсам».

(Вядучы: ) “Сяргей, ну вось сёньня ты вылятаеш у Прагу і атрымаеш магчымасьць назіраць, як працуе сыстэма кантролю”.

(Навумчык: ) «Калі казаць пра ўласны вопыт, дык я даволі шмат лётаю і магу зрабіць пэўныя параўнаньні. Калі параўнаць кантроль на авіярэйсе Віцебск-Менск (калісьці былі такія авіярэйсы, яшчэ пры Шушкевічу, калі грамадзянская авіяцыя не была разбураная, як пры Лукашэнку) – дык вось, калі параўнаць кантроль у Віцебску і на рэйсе Нью-Ёрк –Лёндан ці Нью-Ёрк-Прага – дык да апошняга часу параўнаньне было на карысьць Віцебску. Аднойчы я ляцеў з Нью-Ёрку ў Цінцінаці, штат Агайа – там увогуле не было ніякага кантролю. Але цяпер сыстэма кантролю, канешне, узмацнілася”.

(Вядучы: ) “Якраз цяпер Кангрэс ЗША прыняў новы закон у справе авіяцыйнай бясьпекі. У чым сутнасьць гэтага закону, наколькі істотна ён зьменіць арганізацыю палётаў?

(Навумчык: ) «Так, Кангрэс прагаласаваў за закон, хаця канчаткова яго можна будзе лічыць прынятым, калі яго падпіша прэзыдэнт Буш. Але няма сумненьняў, што Буш падпіша, паколькі кангрэсмэны прынялі менавіта тую рэдакцыю, якую прапаноўваў Белы Дом і рэспубліканская частка Кангрэсу.

Закон дазваляе пілётам самалётаў мець зброю пад час палётаў, абавязвае авіякампаніі ўзмацніць дзьверы кабіны пілотаў. На кожным авіярэйсе будзе ўзброены агэнт ці некалькі агэнтаў”.

(Вядучы: ) “Сяргей, з тваіх словаў вынікае, што былі і іншыя варыянты закону?”

(Навумчык: ) «Так, Алена, паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі была пэўная розьніца ў падыходах да арганізацыі наземнага кантролю за пасажырамі. Дэмакраты прапаноўвалі, каб служба кантролю аэрапортаў была дзяржаўнай. Іншымі словамі, каб супрацоўнікі, якія правяраюць багаж пасажыраў, мелі статус дзяржаўных служачых. Аргумэнт быў той, што яны будуць мець большую зарплату і лепшыя сацыяльныя гарантыі, што прымусіць іх адказна ставіцца да сваёй працы.

Цяпер на амэрыканскіх авіялініях наземны кантроль ажыцьцяўляюць супрацоўнікі, якім часта плоцяць разы ў тры меней, чым афіцыянту ў рэстарацыі. Шмат хто зь іх, як пазьней высьветлілася, былі нават асуджаныя за нейкія злачынствы. Канешне, наземныя службы кантролю нароўні з ФБР і ЦРУ павінныя падзяліць адказнасьць за тое, што праглядзелі тэрарыстаў 11 верасьня.

Дык вось, дэмакраты мяркуюць, што служба кантролю павінна быць дзяржаўнай. Рэспубліканцы і Белы Дом лічаць, што надзейную сыстэму кантролю абавязаныя наладзіць самі авіякампаніі, тым болей, што пару тыдняў таму яны атрымалі ад ураду істотную фінансавую падтрымку. Часта пытаюцца: у чым розьніца паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі? Дык вось, у гэтай праблеме авіяперавозак выявілася галоўная розьніца ў падыходах да ўсіх сфэраў жыцьця: рэспубліканцы супраць таго, каб перакладаць на дзяржаву тое, што можа рабіць прыватны сэктар”.
XS
SM
MD
LG