Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАБРЫЭЛА КОЕТШАЎ: “У БЕЛАРУСІ ПАВІННА БЫЦЬ АТМАСФЭРА ДАВЕРУ Й СВАБОДЫ”.


Алена Панкратава, Прага

(Панкратава: ) “Нямецкія палітыкі апошнім часам выказваюць меркаваньне, што зьмены ў палітычнай стратэгіі Заходняй Эўропы ў дачыненьні да Беларусі могуць вось–вось настаць, замест ізаляцыі прыйдзе супрацоўніцтва. Усё залежыць, аднак, ад пэўных знакаў, якія павінен даць Захаду афіцыйны Менск. Вы апошнім часам часта бываеце ў Беларусі. Вы бачылі гэтыя знакі? Ці ёсьць адрозьненьні паміж Беларусьсю да і пасьля выбараў?”

(Коетшаў: ) “Так. Аднак я спачатку хацела б сказаць, што я была таксама назіральніцай ад АБСЭ ў часе прэзыдэнцкіх выбараў. І яшчэ тады, у верасьні, я зьвярнула ўвагу на тое, што ёсьць пэўныя тэндэнцыі разьвіцьця. Напрыклад, з боку прэзыдэнта ішлі сыгналы, што ён хоча выйграць прыгожа, у чыстай барацьбе.Аднак тады ж мяне стала вельмі раздражняць тое, што насамрэч выбары праходзілі ня чыста. Зразумела, АБСЭ не магла ў гэтым выпадку прызнаць гэтыя выбары... Аднак адначасова АБСЭ зафіксавала шмат станоўчых момантаў: парасткі грамадзянскай супольнасьці, шмат новых цікавых недзяржаўных установаў, зьяўленьне даволі моцнага грамадзкага патэнцыялу”.

(Панкратава: ) “Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў многіх інтэрвію Вы, як і іншыя нямецкія палітыкі – напрыклад, Ута Цапф – гаварылі, што трэба шукаць паразуменьне на любым узроўні, а не сьцвярджаць: “Прызнаем –не прызнаем”, трэба думаць пра будучыню краіны. Што зьяўляецца падставай для такіх высноваў?”

(Коетшаў: ) “Для нас відавочна, што прэзыдэнта абралі на пяць год. Згодна канстытуцыі –гэта ягоны апошні тэрмін. Ён павінен выкарыстаць гэты тэрмін для таго, каб вывесьці краіну з крызысу, паспрабаваць палепшыць свае стасункі з Заходняй Эўропай, з Паўночнай Амэрыкай.

Сёньня мы бачым, што даюцца пэўныя знакі таго, што Менск жадае палепшаць свае стасункі з Захадам. Ёсьць прызначэньні ва ўрадзе, ёсьць асобы ў кіраўніцтве, якія прадстаўляюць новы тып беларускіх палітыкаў. Гэтыя людзі на адказных пасадах хочуць новага адкрытага грамадзтва. Канешне, часу прайшло мала, каб меркаваць пра нейкія зрухі ў іх працы. Аднак, як мне здалося пасьля маіх размоваў у Менску, гэтыя людзі знаходзяцца ў пошуках”.

(Панкратава: ) “Каго Вы маеце на ўвазе?”

(Коетшаў: ) “Напрыклад, чалавек, які ведае Захад і які дэманструе сваю адкрытасьць –гэта міністар замежных справаў Хвастоў.Таксама Латыпаў. Лічу, што прызначэньне прафэсара Латыпава на пасаду кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі ёсьць сыгналам шляху да адкрытасьці грамадзтва, таму што Латыпаў у нас вядомы як чалавек, які шукае розныя шляхі да адкрытасьці Беларусі.

Ёсьць яшчэ некалькі людзей, чые імёны я не хацела б называць. Карацей, ва ўладных структурах ёсьць зацікаўленасьць, каб прыйшлі новыя галовы, якія б разам з сабой прынесьлі гэтак званы вецер пераменаў.

Зразумела, за сыгналамі павінны быць зробленыя канкрэтныя крокі. Пасьля скандалу ў Драздах Беларусь унутры сябе павінна стварыць атмасфэру даверу. Павінна дзейнічаць апазыцыя, існаваць усе незалежныя СМІ і гэтак далей. Паўтаруся: павінна быць атмасфэра даверу і свабоды ад страху. Маё жаданьне, каб Захад разам з Беларусьсю знайшоў шляхі вываду Беларусі з ізаляцыі”.

(Панкратава: ) “У Варшаве пачынаецца Саміт эўрапейскіх краінаў, у часе якога лідэры гэтых краінаў абмяркуюць шляхі барацьбы зь міжнародным тэрарызмам. Сярод запрошаных на гэты саміт – афіцыйныя дэлегацыі Расеі і Беларусі. Сымбалічна, што Беларусь будзе прадстаўляць Латыпаў, пра якога вы гаварылі. Адначасова Вам вядома, што агэнцтва ДПА днямі распаўсюдзіла інфармацыю адносна таго, што Беларусь гандлюе зброяй з краінамі, якія маюць дачыненьне да тэрарызму. Як вы гэта пракамэнтуеце?”

(Коетшаў: ) “Хачу сказаць: калі гэта адпавядае рэчаіснасьці – гэта кепска. З боку Захаду павінна быць жорсткае патрабаваньне, каб гэтага не было. З другога боку – і я тут крытычна стаўлюся да Захаду – мы павінны рабіць усё, каб Беларусь мела зусім іншыя пэрспэктывы… Мы павінны эканамічна працаваць больш інтэнсыўна з краінай, каб краіна магла мець больш экспарту, павінны ладзіць больш каапэрацыі з Беларусьсю.

Гэта азначае, што і палітыкі павінны ставіць іншыя рамкавыя ўмовы. Захад павінен прапанаваць Беларусі заканадаўчыя акты, каб інвэставаць пэўныя праекты. Вядома, што краіна, якая гандлюе зброяй, атрымлівае шмат грошай. Улічваючы эканамічную сытуацыю, у якой знаходзіцца Беларусь, яна павінна якімсьці чынам спрабаваць шукаць нейкае рашэньне выйсьця з крызы. Адна з магчымасьцяў таго, каб Беларусь спыніла гэты гандаль – гэта адмова Захаду ад ізаляцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG