Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМІТЭТ ВЫКАНАНЬНЯ ПАКАРАНЬНЯЎ НЕ ЗАПЛАЦІЦЬ ЗА СЬМЕРЦЬ ВЯЗЬНЯ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мы ўжо паведамлялі пра спробу Натальлі Капачовай праз суд спагнаць з турэмшчыкаў грошы. Спадарыня Капачова лічыць, што ў сьмерці ейнага сына Юрыя вінаватыя адміністрацыі аршанскіх 8-й і 12-й калёніяў, дзе ён адбываў пакараньне, а таксама турэмныя дактары.

У калёніі Юры захварэў на сухоты, але своечасовага лячэньня не атрымаў, — мяркуе жанчына. Яна згадвае, што калі Юрыя прывезьлі дамоў з турэмнага шпіталю, ён важыў толькі 30 кіляграмаў і да сьмерці з ложку ўжо не падняўся. Аднак судзьдзя Валянціна Крывая зь Ленінскага раённага суду ейныя прэтэнзіі да турэмшчыкаў не палічыла абгрунтаванымі.

(Капачова: ) "Было бачна зь першага дня суду, што ўсё супраць нас. Таму нічога іншага я і не чакала. На судзе міліцыянты не прызналі, што шмат вязьняў хварэюць на сухоты, што ім не хапае лекаў, а атрыманьне лекаў часта ставяць у залежнасьць ад паводзінаў і яшчэ шмат ад чаго. Затое былі агалошаныя такія дакумэнты, паводле якіх усё там добра, як у санаторыі, аднак на самой справе нічога такога няма".

Паводле зьвестак Камітэту выкананьня пакараньняў, Юры Капачоў за час адбыцьця тэрміну меў ажно 16 пакараньняў. Прыкладам, ён трапіў на 15 дзён ў карцар за тое, што гуляў у карты. Але Натальля Капачова лічыць, што адміністрацыя разьлічылася з сынам зусім за іншае.

(Капачова: ) "Яго кінулі у карцар за тое, што ён дамагаўся, каб цыбулю аддалі ў сталоўку для ўсіх вязьняў, а не прадавалі праз краму. У гэтым — сапраўдная прычына карцара, а не гульня ў карты. Тым больш, што ён быў вернікам і картаў у рукі ня браў. А тое, што ў халодны карцар адправілі ўжо хворага чалавека, было наўпрост забойствам".

Нагадаю, працэс на пазоў Натальлі Капачовай быў абвешчаны закрытым з прычыны магчымага разгалошваньня сакрэтаў. Аднак жанчына лічыць, што і тут гэта не было сапраўднай прычынай.

(Капачова: ) "Не было там агалошана ніякіх сакрэтных дакумэнтаў. Проста яны не хацелі, каб там прысутнічалі людзі з АБСЭ і журналісты. Яшчэ яны баяцца, што вязьням стане вядома пра тыя нормы харчаваньня, якія ёсьць у дакумэнтах. Бо вязьні не атрымліваюць і палову таго, што напісана ў гэтых паперах".

Праваабаронца Беларускага Гельсынскага камітэту Алег Гулак лічыць, што адхіленьне пазову Капачовай не на карысць гуманізацыі турэмнай сыстэмы Беларусі.

(Гулак: ) "Цяпер турэмшчыкі яшчэ больш пераканаюцца, што насамрэч яны не нясуць адказнасьці за захаваньне жыцьця і здароўя людзей, якія часова апынуліся пад іхнай ўладай".

Ён згадвае, што ў турмах Беларусі цяпер сапраўдная эпідэмія некаторых хваробаў, якія на волі выяўляюць сябе рэдка. У прыватнасьці, гэта тычыцца сухотаў, на якія ў турмах хварэюць ледзь не ў 30 разоў часьцей, чым на волі. Паводле Гулака, прэцэдэнт судовай адказнасьці за жыцьцё вязьня стаўся бы такім жа важкім чыньнікам, як, напрыклад, павелічэньне колькасьці шпітальных ложкаў, ці плошчы камэры на аднаго вязьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG