Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЫ Ў ВЕК ТЭРОРУ


Мікола Іваноў, Прага

У сваёй кнізе “Новая геаграфія” Джоэль Коткін вылучае тэзіс, што век дыгітальнай рэвалюцыі выкліча масавую міграцыю высокакваліфікаваных спэцыялістаў зь вялікіх гарадоў у іх ваколіцы і ў сельскую мясцовасьць. На старонках “Newsweek” ён выказвае думку, што падзеі 11 верасьня яшчэ больш паскораць гэты працэс. Атака на Ўсясьветны гандлёвы цэнтр, лічыць Коткін, змусіць людзей бізнэсу накіроўвацца ў месцы, дзе яны будуць адчуваць сябе ў большай бясьпецы. Тое самае датычыць эўрапэйскіх гарадоў, такіх як Лёндан. А ў такіх гарадах як Ротэрдам і Гамбург зь вялікім мусульманскім насельніцтвам, людзі таксама будуць адчуваць сябе менш утульна.

На думку Джоэля Коткіна, галоўны цяжар тэхналягічнага разьвіцьця цяпер перамесьціцца ў ваенную галіну. А новая абаронная эканоміка будзе канцэнтравацца ў ваколіцах. У ваколіцах вялікіх гарадоў ужо нарадзіліся такія новыя тэхналёгіі, як ракеты “Круз”. Грошы з камэрцыйнага сэктару пачнуць пералівацца ў ваенны – так, як пасьля халоднай вайны яны пераліваліся з абароны ў камэрцыю. Тэхналёгія – адзіны адказ, які Захад можа даць на новую пагрозу: больш новых тэхналёгіяў сачэньня, больш высокатэхналягічных кампанэнтаў.

Джоэль Коткін сьцьвярджае, што падзеі 11 верасьня будуць мець свой выразны спэцыфічны ўплыў і на гарады Эўропы і Азіі. У Эўропе існуе тэндэнцыя росту мусульманскага насельніцтва ў вялікіх гарадах. Эўрапэйскія гарады, асабліва брытанскія, павінны быць напагатове. Коткін вельмі занепакоены Нямеччынай, дзе нямецкае супрацоўніцтва з ЗША можа зрабіць іх аб’ектамі атакі. Па сутнасьці, гэта ня толькі вайна супроць ЗША. Гэта будзе вайной супроць Эўропы. Калі Японія пачне дапамагаць ЗША, яе гарады таксама могуць быць аб’ектамі атакі.

Высокія тэхналёгіі таксама даступныя для тэрарыстаў. І таму, лічыць амэрыканскі аналітык Джоэль Коткін, будзе патрэбнае стварэньне шматлікіх сыстэмаў дубляжу.

На думку Коткіна, некаторыя нацыі выкрэсьлілі сябе з працэсу глябалізацыі. Палестынцы, якія жывуць у дыяспары, маюць вялікі патэнцыял, аднак прымітыўны фундамэнталізм зьнішчае яго. Шмат хто з гэтых тэрарыстаў-самазабойцаў – высокаадукаваныя людзі (саўдааравійцы і эгіпцяне). Бог даў арабам гэткае вялізнае нафтавае багацьце, але яны ня здолелі скарыстацца зь яго, у той час, як этнічныя кітайцы і індусы, якія маюць значна меншы прыбытак на душу насельніцтва, дасягнулі значна большага посьпеху.

Працэс інтэграцыі арабскай інтэлектуальнай эліты ва усясьветныя эліты мог бы прадухіліць акт 11 верасьня. На думку Коткіна, калі б рост арабскага і мусульманскага адукаванага клясу характэрызаваўся фармаваньнем пачуцьця партнэрства ў адносінах да Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру і да Захаду, актаў тэрору не было б. У той час, як гарады сьвету робяцца ўсё больш глябалізаванымі і касмапалітычнымі, арабскія гарады робяцца больш замкнутымі. Пасля выгнаньня зь іх габрэяў і эўрапэйцаў, цяпер іх пакідаюць хрысьціяне. Замест таго, каб быць інкубатарамі касмапалітычнай думкі ў арабскім сьвеце, яны робяцца інкубатарамі фундамэнталізму і неталеранцыі. Яны робяцца менш разнастайнымі.

Джоэль Коткін на старонках часопісу “Newsweek”, аднак, сьцьвярджае, што, нягледзячы на цяперашнюю вельмі складаную сытуацыю, ён аптыміст. У будучыні, на ягоную думку, людзі будуць жыць у высокатэхналягічных з высокім узроўнем бясьпекі супольнасьцях у ваколіцах вялікіх гарадоў. Людзі захаваюць сьвядомасьць гарадскіх жыхароў. Гарады ж часткова ператворацца ў месцы палёмніцтва, дзе людзі будуць наноў адкрываць сваю гісторыю.

Пагрозу Джоль Коткін бачыць у тым, што ўсе могуць пачаць імкнуцца жыць у ваколіцах вялікіх гарадоў. Гарады, аднак, сьцьвярджае ён, па-ранейшаму будуць прыцягваць творчых людзей, асобаў, якія ня маюць дзяцей. Але трэба задумацца над будучай роляй гарадоў, над тым, як яны будуць пашырацца ў будучыні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG