Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША ПЛЯНУЮЦЬ УВЕСЬЦІ БОЛЬШ ЖОРСТКУЮ СЫСТЭМУ ВІЗАВАГА КАНТРОЛЮ


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк

Міністар юстыцыі ЗША Джон Эшкрафт заявіў, што у бліжэйшым часе будзе створанае адмысловае агенцтва ў справе кантролю за эмігрантамі, галоўная функцыя якога – адсочваць, колькі часу замежнікі знаходзяцца на тэрыторыі ЗША і чым яны займаюцца. Варта дадаць, што пры гэтым высьвятляюцца такія акалічнасьці, якія ўводзяць амэрыканскае грамадзтва ў стан, блізкі да шоку.

Да гэтага моманту традыцыйна лічылася, што амэрыканская візавая сыстэма – самая жорсткая ў сьвеце. Цяпер высьвятляецца, што, фактычна, гэтая сыстэма ў яе клясычным разуменьні адсутнічае наогул.

Усім вядома, наколькі складаная працэдура атрыманьня амэрыканскіх візаў. Напрыклад, паводле неафіцыйных зьвестак, 80 адсоткам тых, хто зьвяртаецца па візу ў амбасаду ЗША ў Менску, у візе адмаўляюць. Ёсьць краіны, дзе працэнт адмоваў яшчэ большы. Прычым атрыманьне візы – гэта толькі першы этап; у амэрыканскім аэрапорце замежнік апынаецца перад супрацоўнікам службы іміграцыі і натуралізацыі, які канчаткова вырашае, ці варта чалавека пускаць у Злучаныя Штаты. Ён жа канчаткова вызначае і тэрмін дзейнасьці візы.

Візавая сыстэма складаецца з кантролю ўезду і выезду замежнікаў; менавіта так дзейнічае Шангенская сыстэма, якая падтрымліваецца міждзяржаўнай кампутарнай базай дадзеных. У тым выпадку, калі францускі ці нямецкі паліцыянт зь нейкай прычыны затрымлівае замежніка, першае, чым ён цікавіцца – гэта ці не пратэрмінаваная віза. Калі так – паліцыянт імгненна зьвязваецца з эміграцыйнай службай, і замежнік дэпартуецца з краіны.

Мне ніводнага разу не даводзілася чуць, каб амэрыканскі паліцыянт пацікавіўся візай у пашпарце – хаця ведаю выпадкі, калі яны спынялі замежнікаў, чые візы былі пратэрмінаваныя. Амэрыканскія паліцыянты наогул ня лічаць патрэбным глядзець тыя старонкі пашпарту, дзе ставяць візы, бо гэтага, па-першае, не патрабуе інструкцыя, а па-другое – гэта прэрыгатыва службы іміграцыі і натуралізацыі. Гэтая служба – такі ж дэпартамэнт у міністэрстве юстыцыі, як і паліцыя, а паміж дэпартамэнтамі, як вядома, часам ідзе неабвешчаная “халодная вайна”.

Фармальна, служба іміграцыі можа ажыцьцяўляць праверку выезду з ЗША. Калі ў вас аднойчы была пратэрмінаваная віза, наступны раз вы можаце яе і не атрымаць. Але калі пераносіць гэтую практыку на тэрарыстаў-камікадзэ, дык яна губляе сэнс, бо ім другая віза не патрэбная, яны лічаць, што ўжо маюць “білет ў рай”.

Наогул у ЗША колькасьць замежнікаў з пратэрмінаванымі візамі павялічваецца штогод на 125 тысячаў чалавек. Здавалася б, гэта ня шмат ў параўнаньні з 350 мільёнамі – менавіта столькі замежнікаў штогод наведваюць ЗША. Але цяпер колькасьць асобаў з пратэрмінаванымі візамі перавысіла 2 мільёны – гэта больш, чым насельніцтва некаторых краінаў, напрыклад, Эстоніі. Дарэчы, гэта – прыблізная лічба: чыноўнікі іміграцыйнай службы і Дзярждэпу вельмі зьдзівілі кангрэсмэнаў, калі ня здолелі назваць дакладную колькасьць. Некаторыя аглядальнікі лічаць, што лічбу гэтую можна сьмела памнажаць на два. Усе гэтыя людзі, пратэрмінаваўшы візы, фармальна парушылі закон і могуць быць прыцягнутыя да судовай адказнасьці. Зразумела, толькі мізэрная колькасьць зь іх мае на мэце нейкія злачынныя пляны – большасьць застаецца ў ЗША з эканамічных прычынаў. Аднак дзеля таго, каб зьдзейсьніць жудаснае паводле маштабаў злачынства, як паказвае вопыт, дастаткова некалькіх чалавек. Дарэчы, найменш як тры тэрарысты, якія ўгналі самалёты 11 верасьня, мелі пратэрмінаваныя візы.

Прэзыдэнт Джордж Буш заявіў, што патрэбны таксама і кантроль за тым, наколькі дзейнасьць замежнікаў адпавядае мэце візы. “Калі чалавек прыехаў у ЗША на вучобу, мы маем права пацікавіцца, ці сапраўды ён вучыцца,” – сказаў Буш. Штогод ў ЗША па так званай “вучэбнай візе” прыяжджаюць сотні тысяч чалавек: шмат хто, пакінуўшы аэрапорт, не пераступае парог навучальнай установы. Дарэчы, большасьць з тых, каго падазраюць у тэракце, знаходзіліся ў Амэрыцы па так званых “вучэбных візах”.

Сэнатар Лэймар Сьміт, які прапаноўваў ўвесьці сыстэму кантролю за тэрмінам знаходжаньня замежнікаў у ЗША яшчэ задоўга да тэрактаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне, лічыць, што без яе ўрад проста няздольны абараніць грамадзянаў ад тэрарыстаў.

Сыстэма візавага кантролю ў тым варыянце, у якім яна будзе параўнальная з сыстэмамі краінаў Шэнгенскага пагадненьня, запатрабуе некалькі мільярдаў даляраў і будзе ўведзеная не раней 2005 году.

А пакуль заняліся ліквідацыяй відавочных недарэчнасьцяў. ФБР і ЦРУ абавязалі прадастаўляць інфармацыю амэрыканскім кансулятам адносна падазроных асобаў – парадаксальна, але раней інструкцыі ФБР і ЦРУ забаранялі дзяліцца такой інфармацыяй з прычыны яе сакрэтнасьці. У бліжэйшы час у амэрыканскія амбасады будуць разасланыя сьпісы асобаў, якія знаходзяцца на адмысловым уліку ў ФБР.

XS
SM
MD
LG