Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ПОЛЬШЧЫ СВАІХ ПАМЁРЛЫХ ПАМІНАЮЦЬ 1 ЛІСТАПАДА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У польскіх гарадох з нагоды сьвята адчыненыя сотні дадатковых маршрутаў грамадзкага транспарту, а дзясяткі тысячаў паліцыянтаў па ўсёй Польшчы будуць дапамагаць кіроўцам бясьпечна трапіць да магілаў сваіх продкаў.

Калісьці сьвята шанаваньня памёрлых у Польшчы таксама як і на Беларусі называлася “Dziadki”. Цяпер яно мае дзьве іншыя назвы - “święto zaduszne” і больш ужываную – “święto zmarłych”. У прынцыпе, само “święto zmarłych” адзначаецца заўтра, бо на сёньня, першага лістапада, прыпадае царкоўны “Дзень усіх сьвятых”, у часе якога вернікі ўспамінаюць усіх сьвятых каталіцкай царквы. Аднак цяпер гэтыя два сьвяты ніхто ўжо не падзяляе.

Натуральна, што сёньня ў Польшчы непрацоўны дзень. Зачыненыя крамы і грамадзкія ўстановы.

Уражвае тое, як грунтоўна палякі рыхтуюцца да сьвята шанаваньня сваіх продкаў. Ледзь не за тыдзень старэйшыя людзі пачынаюць прыбіраць могілкі. Тэлевізія штодня паведамляе, якія адмысловыя захады рыхтуе паліцыя і камунальныя службы, каб зарганізаваць бясьпечны даезд да могілак. Газэты друкуюць адмысловыя мапы, якія паказваюць кірункі дадатковых аўтобусных ды трамваёвых маршрутаў, што будуць актуальныя цягам гэтых двух дзён. І канечне ж палякі купляюць вялізную кольксьсць сьвечак, якія ёсьць адным з найбольш істотных элемэнтаў тутэйшых Дзядоў. У вялікіх супэрмаркетах, дзе звычайна ёсьць да продажу дзясяткі тысячаў сьвечак самых розных гатункаў, учора ўвечары не засталося ніводнай.

Сёньня з самага ранку, нягледзячы на дрэннае надвор’е і моцны дождж, які ідзе цяпер амаль па ўсёй краіне, палякі сем’ямі йдуць на могілкі, дзе каля магілаў сваіх продкаў сустракаюць іншыя сем’і свайго роду. На магілы кладуць мноства кветак, моляцца ды запальваюць сьвечкі. Потым сваякі разам йдуць у касьцёл у горадзе альбо бяруць удзел ў імшы прама на могілках. Апоўдні звычайна ладзіцца вялікі сямейны абед. Палякі гавораць, што самае важнае ў гэтым сьвяце – перажыць і зразумець яго менавіта ўнутры сябе.

Увечары людзі зноў ідуць на могілкі – папраўляюць кветкі ды запальваюць новыя сьвечкі. Падарожны, які пад’яжджае сёньня ўвечары да якога-небудзь польскага мястэчка з могілкамі на ўскрайку, можа падумаць, што там пажар – настолькі моцнае сьвятло ад тысячаў сьвечак.

У гэты дзень палякі звычайна йдуць ня толькі на магілы сваіх продкаў, але й да месцаў, дзе пахаваныя знакамітыя людзі, а таксама на брацкія могілкі. Сотні сьвечак запаленыя сёньня каля помніка ахвярам Катыні ці помніка палякам, прымусова вывезеным на Ўсход.

Гэтае сьвята для палякаў ёсьць вельмі важным – сьвяткаваньню не наважыліся перашкаджаць камуністы нават у часе ваеннага рэжыму Ярузэльскага. Мае суразмоўцы, жыхары Варшавы, не маглі паверыць, што цяпер на Беларусі ўдзел у жалобным шэсьці на Дзяды да Курапатаў можа быць небясьпечны ды нават скончыцца затрыманьнем ці зьбіцьцём.

Адметна, што ня меньш значным гэтае сьвята ёсьць і для моладзі.
Робэрт Кухарскі, супрацоўнік варшаўскага цэнтру недзяржаўных арганізацыяў, гаворачы пра дзень шанаваньня памёрлых, сказаў:

(Кухарскі: ) “Гэтае сьвята для мяне вельмі важнае. Звычайна потым яшчэ некалькі тыдняў я адчуваю спэцыфічны пах сасновых галінаў і дыму ад сьвечак, перамяшаны з пачуцьцём нейкага асаблівага хваляваньня ў сэрцы”.


XS
SM
MD
LG