Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗА ПАМЯЦЬ ПА МЕНСКІХ ПАДПОЛЬШЧЫКАХ – АРЫШТЫ І ВЯЛІЗНЫЯ ШТРАФЫ


Любоў Лунёва, Менск

У Маскоўскім раённым судзе Менску судзілі лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца, а таксама Ўладзімера Рубінчыка, Алеся Нішчыка і Алега Лабатага.

Павал Севярынец на судзе настойваў, што 26 кастрычніка маладыя людзі прыйшлі да сьценаў Валадаркі, каб ушанаваць памяць забітых 60 гадоў таму падпольшчыкаў. Але судзьдзя палічыў акцыю парушэньнем адміністрацыйнага заканадаўства і пакараў лідэра Маладога Фронту арыштам на 10 сутак. У спэцпрыёмніку Павал Севярынец правядзе сем сутак, таму што трое сутак ён ужо адседзеў пасьля затрыманьня да суду.

(Севярынец: ) "Рэжым не зьмяніўся. Больш за тое, ён у гэты дзень прадэманстраваў сваю сутнасьць. Для мяне было дзівам тое, што нават не апраўдальныя прысуды, ня штрафы, а менавіта суткі арышту зьяўляюцца пакараньнем за ўшанаваньне памяці.

Думаю, што гэты дзень, 26 кастрычніка, у наступным годзе мы пастараемся зрабіць агульнанацыянальным Днём памяці байцоў супраціву і партызанаў. Такога дня ў партызанскай Беларусі дагэтуль няма. Мы такую традыцыю закладзем, і закладзем менавіта з увагі на тое, што рэжым сёньня вось такім вар'яцкім чынам ставіцца да памяці падпольшчыкаў.

Насамрэч. як выявілася, для гэтага рэжыму няма нічога сьвятога. Гэтыя паралелі зьяўляюцца для яго разбуральнымі. Менавіта таму на Малады Фронт і прыйшоўся такі ўдар".

Павал Севярынец папрасіў суд перанесьці пакараньне на 16 лістапада, каб вылечыць свой бранхіт.

Алега Лабатага пакаралі штрафам на 150 мінімальных заробкаў (гэта каля 750 амэрыканскіх даляраў).

Асьпіранта катэдры паліталёгіі Белдзяржунівэрсытэту Ўладзімера Рубінчыка затрымалі першы раз, і судзьдзя мог абмежавацца папярэджаньнем альбо невялікім штрафам. Але спадар Антаневіч пакараў Уладзімера арыштам на трое сутак — маўляў, спадар Рубінчык іх амаль цалкам адседзеў у спэцпрыёмніку пасьля затрыманьня. Цяпер Уладзімер Рубінчык павінен яшчэ чатыры гадзіны правесьці ў міліцэйскім пастарунку, каб захаваўся тэрмін пакараньня.

Адразу пасьля вынясеньня прысуду Ўладзімер напісаў заяву, каб яму дазволілі сесьці на чатыры гадзіны ў іншы дзень. Ён патлумачыў, што празь некалькі хвілінаў пачынаецца габрэйскае сьвята Шабат, і праводзіць яго ў міліцэйскім пастарунку — ганебна для габрэя. Гаворыць Уладзімер Рубінчык:

(Рубінчык: ) "Трое сутак ні за што. Што тут камэнтаваць? Добра, што ня дзесяць. Шабат — гэта рэлігійнае сьвята, яно бывае кожны тыдзень. Галоўнае сьвята юдэяў. Я габрэй і выконваю некаторыя патрабаваньні юдэйскай рэлігіі. Прынамсі, Шабат я стараюся не парушаць. Я прыйду добраахвотна. Раз напісаў, што абавязуюся прыйсьці, то прыйду. Што ж мяне, шукаць будуць?"

Алеся Нішчыка арыштавалі на трое сутак. Яго таксама да суду трымалі ў спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна. Міліцыянты завезьлі Алеся ў дзяжурную частку Маскоўскага ўпраўленьня ўнутраных справаў і пакінулі там на чатыры гадзіны.


XS
SM
MD
LG