Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СНЬНЯ ЎНАЧЫ НЕВЯДОМЫЯ ПАДПАЛІЛІ НАМЁТ АБАРОНЦАЎ КУРАПАТАЎ І ЗДЫМАЛІ ГЭТА НА ВІДЭА


Радыё Свабода.

(Соусь: ) “Сёньня Дзяды. Нягледзячы на тое, што вось ужо чацьверты год Дзень памяці продкаў не зьяўляецца выхадным днём, сёньня з раніцы ў Курапаты пачалі прыходзіць людзі. Марыя Мінкевіч прыйшла сюды сёньня з кветкамі і сьвечкамі, каб памянуць бацьку і трох дзядзькаў. Іх арыштавалі ў лютым 1938 году і ўжо празь месяц расстралялі. Пазьней Марыя Мінкевіч зьвярнулася ў архівы КГБ і даведалася пра тое, што ейны бацька і дзядзькі былі растраляныя ў Менску, хутчэй за ўсё у Курапатах. А вось Вера Іванавіч дагэтуль ня ведае, дзе пахаваны яе бацька Міхал Коршак, якога таксама арыштавалі ў 1938 годзе, але штогод яна прыходзіць менавіта ў Курапаты. І Вера Іванавіч, і Марыя Мінкевіч вельмі ўдзячныя цяпер валанцёрам, якія ўжо больш за месяц нясуць у Курапатах кругласутачнае дзяжурства і не дазваляюць будаваць дарогу на костках іх бацькоў.

Дарэчы, учора ўвечары тут адбылося надзвычайнае здарэньне. Нехта звонку падпаліў дах намёту. Пра тое, як гэта адбылося, распавядзе сябра БПС Цімох”.

(Цімох: ) “Сёньня ўначы, у палову на другую, мы заўважылі, што дах намёту ў нас гарыць. Калі мы выбеглі яго тушыць, насупраць намёту на дарозе стаяла белая Волга з танаваным шклом. Адно шкло было апушчанае і адтуль здымалі на камэру ўсё, што мы рабілі, як тушылі пажар”.

(Ціхановіч: ) “Як вы ацэньваеце гэтае здарэньне?”

(Цімох: ) “Я мяркую, што гэта была правакацыя. Яны вывучалі нашыя дзеяньні, хацелі паглядзець, колькі людзей у намёце. Штучнасьць падпалу відавочная, бо калі мы палівалі агонь вадой, ён разгараўся яшчэ больш – відаць, было ўжытае нейкае хімічнае рэчыва”.

(Ціхановіч: ) “Такім чынам, вам пагражае ўжо рэальная небясьпека?”

(Цімох: ) “Так. Каб мы спалі, мы маглі б нават згарэць у гэтым намёце”.

(Ціхановіч: ) “А вы ня думалі папрасіць дапамогі ў праваахоўчых ворганаў, каб падтрымаць парадак у Курапатах?”

(Цімох: ) “Мы ім не давяраем”.

(Ціхановіч: ) “Тут чакаюць Сяржука Сокалава-Воюша. Ён абяцаўся недзе сёньня вечарам прыехаць і пасьпяваць валанцёрам свае песьні. Заўтра пад эгідай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты” адбудзецца шэраг мерапрыемстваў – на Кальварыйскіх могілках, у Лошыцкім парку, у парку Чалюскінцаў і ў Курапатах. Сюды будуць прыходзіць людзі зь кветкамі і сьвечкамі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG