Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯМЁН ДОМАШ У СУБОТУ ВЯРТАЕЦЦА НА РАДЗІМУ ПАСЬЛЯ ЛЯЧЭНЬНЯ Ў КРАКАВЕ


Уладзімер Глод, Менск

Сямён Домаш зьвярнуўся па дапамогу да польскіх лекараў пасьля некалькіх тыдняў абсьледаваньня і лячэньня ў менскіх шпіталях. Нагадаем, што праблемы са здароўем у былога кандыдата на прэзыдэнта пачаліся пасьля запісу выступу на Беларускім тэлебачаньні. У менскім шпіталі спадару Домашу прапанавалі зрабіць апэрацыю, паколькі лічылі, што безь яе не абысьціся.

Сябры параілі спадару Домашу пракансультавацца з замежнымі лекарамі. У кракаўскіх спэцыялістаў адзінай думкі наконт далейшага лячэньня не было. Адны казалі, што патрэбная апэрацыя шунтыраваньня на сэрцы, другія раілі правесьці спачатку курс мэдыкамэнтознага лячэньня.

Апекаваўся пацыентам польскі прафэсар — прыхільнік нехірургічнага спосабу аздараўленьня. Пасьля курсу лячэньня стан здароўя Сямёна Домаша палепшаў, і цяпер, на думку дактароў, апэрацыю на сэрцы рабіць ня трэба.

У суботу Сямён Домаш ужо мае намер вярнуцца ў Беларусь. Зьвязацца са спадаром Домашам у Польшчы не ўдалося. А вось што паведаміў пра далейшыя намеры спадара Домаша кіраўнік ягонага перадвыбарчага штабу Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) "Працы многа, нягледзячы на тое, што яшчэ ў часткі людзей ёсьць такі дэпрэсіўны настрой. Працы шмат. Многа людзей, якія былі ў дэмакратычнай апазыцыі, і, безумоўна, хочуць працягваць дзейнасьць. І я думаю, што Домаш можа быць прыдатны, таму што ў рэгіёнах яго добра ведаюць, ведаюць ягоныя здольнасьці, ведаюць ягоны арганізацыйны талент.

І я думаю, што мы многае можам зрабіць. А самае галоўнае — захаваць кааліцыю, якая ўтварылася ня толькі ў Менску, але і ў вялікіх і нават вельмі маленькіх гарадках".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG