Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ СУД ЗАСЛУХАЎ СЬВЯТЛАНУ І ВОЛЬГУ ЗАВАДЗКІХ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня на працэсе па справе "групоўкі Ігнатовіча" са сваімі сьведчаньнямі выступілі жонка і маці зьніклала летась у ліпені апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Яны адказвалі на пытаньні пра магчымыя абставіны зьнікненьня Зьмітра і пра падзеі, якія гэтаму папярэднічалі.

Судзьдзю Аляксандра Сіманава цікавілі самыя розныя рэчы, у тым ліку і тое, ці не сама Сьвятлана Завадзкая арганізавала выкраданьне мужа. Адказаўшы адмоўна, Сьвятлана згадала некаторыя істотныя падрабязнасьці, якія не ўкладваюцца ў вэрсію сьледчых пра выкраданьне Завадзкага па дарозе ў аэрапорт Менск-2.

Калі ўлічыць гэтыя факты, верагодна, што Зьмітра выкралі ўжо пасьля таго, як ён прыехаў у аэрапорт і пакінуў свой аўтамабіль на стаянцы. Але тады атрымліваецца, што на затрыманьне апэратара ОРТ у аэрапорце ніхто не зьвярнуў увагі, бо сьведкі гэтага затрыманьня не адгукнуліся. Хто ж мог гэтак незаўважна затрымаць у людным месцы чалавека з пасьведчаньнем апэратара расейскага тэлебачаньня?

Паводле зьвестак з суду, судзьдзяў зацікавіла інфармацыя, якую давяла Сьвятлана Завадзкая. Інтарэс быў і да паведамленьня Вольгі Рыгораўны Завадзкай пра дзіўныя тэлефанаваньні з пагрозамі на адрас сына.

Паводле Вольгі Завадзкай, такіх званкоў у сакавіку 2000 году (неўзабаве пасьля вяртаньня Зьмітра з камандзіроўкі ў Чачэнію) было ня менш як два. А потым быў перапынак ажно да ліпеня. І толькі за два дні да зьнікненьня Завадзкага зноў сталі непакоіць падазроныя тэлефонныя званкі. Прозьвішча аднаго з тых, хто тэлефанаваў, сям'і Завадхкіх вядомае, аднак чамусьці сьледзтва гэтым чалавекам не зацікавілася.

Ці шчыра зацікавіўся гэтымі "беламі плямамі" справы суд? Адзін з абаронцаў лічыць, што судзьдзі апошнімі днямі дэманструюць сапраўднае жаданьне самім разабрацца ў акалічнасьцях справы, а не кіравацца толькі высновамі сьледчых. "Але ніхто ня дасьць гарантыі, што пасьля адпаведнага загаду зьверху гэты інтарэс так і застанецца толькі інтарэсам", — пракамэнтаваў вынікі сёньняшняга паседжаньня гэты абаронца і папрасіў мяне не называць ягонага прозьвішча.

Дарэчы, за захаваньнем рэжыму закрытасьці сочыць ня толькі судзьдзя Сіманаў, але і ягоныя памочнікі. Яны па некалькі разоў на дзень нагадваюць пра крымінальную адказнасьць за разгалошваньне зьвестак з працэсу. Аднак удзельнікі працэсу дагэтуль не разумеюць, якія зьвесткі, што гучаць на гэтым судзе, варта лічыць сакрэтнымі.

XS
SM
MD
LG