Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЛЁТЧЫКІ НЯ ХОЧУЦЬ ЛЯТАЦЬ НА РАСЕЙСКІХ САМАЛЁТАХ


Вольга Рымашэўская, Менск

Гэтая праблема паўстала асабліва востра пасьля нядаўняй прапановы краінаў Эўразьвязу абмежаваць колькасьць міжнародных рэйсаў для некаторых марак расейскіх самалётаў.

Дзяржаўны камітэт па авіяцыі накіраваў ва ўрад сьпiс самалётаў, якiя мяркуецца набыць. Гэта будуць невялікія ляйнэры з колькасцю пасадачных месцаў ня больш як 70. Як стала вядома, у сьпiсе, апрача францускага Эмбраера, амэрыканскага Боінга і іншых замежных марак, значыцца i самалёт расейскай вытворчасьцi Як-42.

Паводле некаторых крынiц, блiзкiх да Дзяржкамавiя, самi авiятары выступаюць супраць набыцьця самалётаў расейскай вытворчасьцi, але чыноўнікі, ад якіх залежыць, якое рашэньне будзе прынятае, вымушаныя лічыцца ня столькі з эканамічнымі інтарэсамі авіякампаніі "Белавіа", колькі з палітычнай мэтазгоднасьцю.

У кампаніі "Белавіа", якой будуць перададзеныя новыя самалёты, ня хочуць, каб гэта былі расейскія Які. Адзін з супрацоўнікаў авіякампаніі так выказаўся на гэты конт:

(Супрацоўнік "Белавіа": ) "Гэта самалёт 30-гадовай даўніны. Ён наагул нам не патрэбны. На расейскім рынку няма самалётаў, якія нам патрэбныя. Трэба шукаць ляйнэры заходняй вытворчасьці, альбо Злучаных Штатаў Амэрыкі альбо нават Бразыліі, дзе зьбіраюць добрыя самалёты... У Расею мы лятаем толькі ў Маскву і Санкт-Пецярбург. Вось і ўся наша супольная прастора. Мы бачым, што прайграем заходнім авіякампаніям: пасажыр ня йдзе на наш самалёт, ідзе на іншы. Мы бачым прыклад Усходняй Эўропы, якая ўвогуле адмовілася ад самалётаў расейскай вытворчасьці".

Камітэт па авіяцыі плянуе адразу купіць не адзін, а як мінімум 4 самалёты. Зрабіць гэта за дзяржаўны кошт амаль немагчыма. Знайсьці інвэстараў таксама складана. А замежныя вытворцы авіятэхнікі прапануюць выгадныя варыянты куплі-продажу ляйнэраў, у тым ліку лізынгавы.

На карысьць замежных вытворцаў і яшчэ адзіны факт: на нядаўняй Асамблеі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі краіны Эўразьвязу выступілі з прапановай абмежаваць з 1 красавіка наступнага году колькасьць міжнародных рэйсаў для некаторых марак самалётаў. У гэтым сьпісе пераважна авіяляйнэры расейскай вытворчасці — Ту-134, Ту-154, Ан-24 і Як-40. Узровень шуму і экалягічныя паказчыкі расейскіх самалётаў не адпавядаюць міжнародным стандартам.

Айчынны авіяцыйны парк не аднаўляўся больш за 10 гадоў. У сярэдзіне 90-х удалося купіць толькі адзін новы самалёт Ту-154. Астатнія машыны, якія сёньня складаюць маёмасьць нацыянальнай авіякампаніі "Белавіа", атрыманыя ў спадчыну ад савецкага "Аэрафлоту". Большасьць самалётаў вычарпалі свой рэсурс.

Вось як камэнтуе сытуацыю прэзыдэнт Асацыяцыі садзеяньня эканамічным рэформам Васіль Шлындзікаў:

(Шлындзікаў: ) "Да таго часу, пакуль дзяржава будзе лезьці ў гаспадарчыя справы, нічога добрага не атрымаецца. І будзем мы лятаць на састарэлых самалётах, ездзіць на "Волгах" ды "Жыгулях", араць плугам алтайскага "Сельгасмашу" і атрымліваць 10 цэнтнэраў з гектару зерневых і ўвогуле жыць бедна".

XS
SM
MD
LG