Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІМІ БУДУЦЬ ПЕРШЫЯ КРОКІ УТЫ ЦАПФ?


Алена Панкратава, Прага

Шэраг нямецкіх палітолягаў і заходніх экспэртаў па Беларусі, камэнтуючы сёньня новае прызначэньне Уты Цапф у АБСЭ, пачынаюць менавіта са словаў: “Так, спадарыня Цапф у адрозьненьне ад спадара Севярына – не дыплямат, у яе няма таго вопыту будаўніцтва міжнародных стасункаў, аднак яна цудоўна ведае Беларусь і як дэпутат Бундэстагу працуе ў адмысловай камісіі з пачатку 90-х”.

Адзін зь нямецкіх журналістаў, які сустрэўся зь ёю некалькі месяцаў таму на прыёме з удзелам беларускіх і нямецкіх палітыкаў, ахарактарызаваў яе так: “Цапф ня схільная да рашэньняў, якія могуць быць выкліканая сытуацыяй. Ведаючы многіх беларускіх палітыкаў шмат год, яна вельмі асэнсавана ставіцца да кожнага іхнага аргумэнту, імкнецца выслухаць некалькі пазыцыяў і да кожнай паставіцца з роўнай аналітычнасьцю. Я ведаў нямала заходніх палітыкаў, якія залежалі ад пэўнага палітычнага лёбі ў Беларусі. З Утай Цапф так не атрымаецца,” – канец цытаты.

Ута Цапф належыць да тых палітыкаў, хто бачыць будучыню беларуска-эўрапейскіх стасункаў ў супрацоўніцтве. “Так, выбары ў Беларусі не былі празрыстыя і дэмакратычныя, але ізаляцыя, на якой раней настойваў Захад, нічога добрага беларускаму народу не прынесла,” – заявіла яна ў адным з інтэрвью нямецкай прэсе.
У размове з Радыё Свабода Ута Цапф дадала: “Канечне, многае залежыць ад тых крокаў, якія зробіць Менск”.

Паводле думкі палітоляга з Мангайма доктара Астрыд Заам, першыя крокі, якія рана ці позна зробіць Ута Цапф на пасадзе старшыні рабочай групы ПА АБСЭ, будуць на шляху прадастаўленьня Беларусі статусу запрошанага госьця у ПА (зразумела, такі крок будзе магчымы пасьля таго, як “Палаце прадстаўнікоў” будуць дадзеныя пашыраныя паўнамоцтвы). Другі момант, на думку Астрыд Заам, гэта захады па захаваньні АБСЭ ў Беларусі.

(Заам: ) “Гэта, лічу, адно з важнейшых пытаньняў, якія трэба вырашыць пасьля сыходу Віка з пасады кіраўнікі місіі АБСЭ ў Менску напрыканцы гэтага году. Бо, як вядома, стратэгія Лукашэнкі была ў тым, каб пазбавіць краіну місіі АБСЭ”.

Акрамя гэтых дзвюх задачаў – аднаўленьня стутусу у Парлямэнцкай Асамблеі і захаваньня місіі АБСЭ, якія паставіла перад сабой Ута Цапф, экспэрты не выключаюць, што новая старшыня рабочай групы ПА АБСЭ будзе падтрымліваць любыя канструктыўныя крокі апазыцыі па вяртаньні да дыялёгу з уладамі. Менавіта тыя дэмакратычныя сілы, якія прадэманструюць сваю гатоўнасьць на гэтым шляху, хутчэй за ўсё, стануць стратэгічнымі партнэрамі заходніх палітыкаў.

(Цапф: ) “Пытаньне – як спадар Лукашэнгка ставіцца да місіі АБСЭ – вельмі важнае для далейшых будучых стасункаў паміж Беларусьсю і ЭЗ. Са свайго боку Захад павінен зруйнаваць тую ізаляцыю, у якой апынулася Беларусь у апошні час і прывесьці краіну да такога становішча, каб яна магда апынуцца ў выйгрышы у выніку двухбаковага супрацоўніцтва, магла б будаваць лепшую будучыню для свайго народу”.

XS
SM
MD
LG