Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АД РЭЖЫМУ ТАЛІБАЎ ЦЕРПІЦЬ УСЁ АФГАНСКАЕ НАСЕЛЬНІЦТВА. У КРАІНЕ – ГУМАНІТАРНАЯ КАТАСТРОФА


Мікола Іваноў, Прага

25 дзён мінула ад пачатку ваеннай апэрацыі супраць базаў тэрарыстаў і талібскага рэжыму ў Афганістане. Узброеная барацьба супроць талібаў – гэта новы від вайны, у якой ня можа быць дакладна акрэсьленага дня перамогі.

Міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд у інтэрвію тэлекампаніі Эн-Бі-Сі заявіў: “Ваенная кампанія прыносіць добрыя вынікі. Але мы ад самага пачатку гаварылі, што яна можа працягвацца гады, а ня тыдні ці месяцы”.

Аднак сэнатар Джон Маккей, герой Віетнамскай вайны лічыць, што немагчыма перемагчы талібаў і тэрарыстаў Аль-Каіды толькі з дапамогай паветраных атакаў.

Прыгадаем, што пасьля Ірацкай агрэсіі супроць Кувэйту мінула 5 месяцаў перад тым, як пачаліся інтэнсыўныя бамбаваньні пазыцыяў іракскай арміі, а наземная апэрацыя пачалася яшчэ праз 40 дзён пасьля гэтага. А сама наземная апэрацыя працягвалася толькі 4 дні.

Тыматы Гартэн, брытанскі маршал авіяцыі, гаворыць: “Людзі прызвычаіліся назіраць за хуткімі гадзіннымі акцыямі з хэпі-эндам. Вайна так ня робіцца”.

Між тым, у рамках інфармацыйнай вайны з талібамі Палата прадстаўнікоў амэрыканскага кангрэсу пачала слуханьні ў справе парушэньняў правоў чалавенка талібамі ў Афганістане. Удзел у слуханьнях прынялі прадстаўнікі афганскай апазыцыі, сярод якіх быў прэсавы сакратар Паўночнага Альянсу Гарон Амін, прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў, у тым ліку Міжнароднай аміністыі, а таксама іншых грамадзкіх аб’яднаньняў.

Выступаючы на слуханьнях кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, вядомы абаронца правоў чалавека ў сьвеце, заявіў на тэму сытуацыі жанчынаў у Афганістане:

(Сьміт: ) “Бадай што нідзе на сьвеце палітыка полавага апартэіду не праводзіцца так агрэсіўна і з такой злосьцю, як талібамі Афганістану. Складаецца такое ўражаньне, як быццам нянавісць да жанчынаў (і, зразумела, кантроль над імі) – гэта галоўнае, што яны робяць цяпер. Талібскія праваахоўнікі б’юць і зьдзекваюцца над жанчынамі за невыканаьне іх правілаў, нават за такія малыя парушэньні, як паказ шчыкалаткі”.

Дана Рамбахер, сябра Палаты прадстаўнікоў ад Каліфорніі, назвала талібаў у сваім выступленьні “мусульманскімі нацыстамі”, якія ня маюць нічога супольнага з міралюбнай плыньню мусульманскай рэлігіі.

Выступаючы на слуханьнях, памочнік Дзяржаўнага сакратара ЗША Лёрн Кранэр заявіў, што толькі 3% афганскіх жанчынаў маюць доступ да перашапачатковай адукацыі. Ён падаў прыклады перасьледу нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў у Афганістане. Толькі ў раёне гораду Мазары Шарыф было забіта да 3 тыс. мусульманаў-шыітаў. Кранэр падкрэсліў:

(Кранэр: ) “Вайна талібаў супроць афганскай культуры пашырылася да забароны лятучых зьмеяў, гульні ў шахматы, валоданьня далярамі і нават да карыстаньня цацкамі, зробленымі з пудзілаў жывелаў. Гэта разглядаецца, як парушэньне талібскага разуменьня ісьламскай забароны рабіць выявы любых жывых істотаў. Талібы патрабуюць абмяжоўваць мэдычныя тэксты апісаньнем хваробы, без дыяграмаў і фотаздымкаў цела ці асобных яго частак”.

На суханьнях у амэрыканскім Кангрэсе было таксама падкрэсьлена, што гуманітарны крызыс у афганістане пачаўся задоўга да вайсковай апэрацыі. Удзельнікі слуханьняў заявілі, што амэрыканскі ўрад і міжнародныя гуманітарныя арганізацыі павінны павялічыць свае высілкі ў галіне дапамогі афганскаму насельніцтву, якое пакутуе ня толькі ад жорсткага ўраду талібаў, але і ад голаду, цяжкага эканамічнага становішча і вайны.

XS
SM
MD
LG