Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНСУЛЬТАЦЫІ ЎЛАДЫ І АПАЗЫЦЫІ ПАЧАЛІСЯ


Валер Каліноўскі, Менск

На "круглы стол" лідэраў БНФ, АГП, ПКБ, Партыі працы, Народнай Грамады, некаторых галіновых прафсаюзаў ды памочніка Аляксандра Лукашэнкі Сяргея Посахава запрасіў прэс-цэнтар Дома прэсы.

Яны павінны былі абмеркаваць тэму "Апазыцыя пасьля выбараў", аднак размова зьвялася да ініцыятывы наконт правядзеньня перамоваў паміж уладай і апазыцыяй пра магчымасьць пасьлявыбарчай дэмакратызацыі беларускага грамадзтва. На думку прысутных, круглы стол стаўся пачаткам кансультацыяў на гэты конт. На сёньня абодва бакі, улада і апазыцыя, не адмаўляюцца ад перамоваў, хоць і трактуюць іх па-рознаму.

Другі важны вынік сустрэчы — тое, што апазыцыя праявіла адзінства. Адметную пазыцыю меў хіба што лідэр "Народнай Грамады" Мікалай Статкевіч, які адстойвае ідэю стварэньня левацэнтрысцкай кааліцыі. Але і ён ня супраць перамоваў, хаця мяркуе, што "шанцы на іх посьпех мізэрныя".

Ініцыятар перамоўнага працэсу Анатоль Лябедзька заявіў, што апазыцыя і ўлада маюць пункты супадзеньня інтарэсаў — захаванне сувэрэнітэту Беларусі й пошук выйсьця з эканамічнага крызысу. Гэта і падштурхоўвае да перамоваў наконт дэмакратызаці грамадзтва і лібэралізацыі эканомікі, "каб падзяліць адказнасьць за будучыню Беларусі". Аднак з самага пачатку "круглага стала" зь лідэрамі апазыцыі памочнік А.Лукашэнкі Сяргей Посахаў паспрабаваў павесьці гаворку з пазыцыі сілы:

(Посахаў: ) "Першую пазыцыю я адразу хачу сказаць: ні пра якія перамовы зь людзьмі, што называюць сябе апазыцыяй, якія не ўваходзяць у сыстэму дзяржаўнай улады, у тым ліку прысутныя тут, ня можа ісьці й гаворкі — аб перамовах".

Паволе спадара Посахава, размова ідзе толькі пра сталы дыялёг у грамадзтве. Ад імя Аляксандра Лукашэнкі Сяргей Посахаў заявіў, што абстаноўка ў краіне зьмянілася, зьявілася новая палітычная рэальнасьць, што ўлада моцная, і што ніякія міжнародныя пасярэднікі ў гэтым дыялёгу непатрэбныя.

Сяргей Посахаў запатрабаваў, каб не было ніякіх ультыматумаў і папярэдніх умоваў, у тым ліку і агульнавядомых чатырох умоваў дэмакратызацыі.

Аднак гэтая заява спадара Посахава была ўспрынятая апанэнтамі як ультыматум. Гаворыць адзін зь лідэраў БНФ Юры Хадыка:

(Хадыка: ) "Тое, што ўлада надувае шчокі й сьцьвярджае, што ўсё стала па-іншаму, што ўсё стала лепш — гэта глыбокая памылка. Стала значна горш. Галоўная работа — гэта дэмакратызацыя грамадзтва.

Патрэбны, паважаны Сяргей Аляксеевіч, не шырокі дыялёг, а менавіта перамовы аб палітычнай лібэралізацыі, роспуск незаконнаабранага парлямэнту, правядзеньне новых выбараў на падставе новых законаў, дэмакратычных законаў, на падставе тых вамі не любімых чатырох умоваў: спыненьне рэпрэсіяў супраць апазыцыі, спыненьне звальненьняў актывістаў апазыцыі, доступ да СМІ апазыцыі — рэгулярны й сыстэматычны".

Юры Хадыка заклікаў абмяркоўваць найперш выкананьне ўладай менавіта тых самых вядомых чатырох умоваў. А ў бясплённых размовах апазыцыя ня будзе браць удзел, — лічыць ён. Падчас дыскусіі ніхто з прадстаўнікоў апазыцыі не прызнаў справядлівасьці мінулых выбараў, але многія пагаджаліся, што ў краіне склалася іншая сытуацыя.

Хаця, як зазначылі лідэр ПКБ Сяргей Калякін і Станіслаў Багданкевіч, выбары ня вырашылі ніводнай праблемы беларускага грамадзтва. Рэаліі прымушаць уладу ісьці на нейкія зьмены. І іх можна дабіцца толькі праз палітычныя перамовы з апазыцыяй. Як лічыць Анатоль Лябедзька, часу на кансультацыі застаецца месяц–два, і калі перамовы не распачнуцца, то бакам не застанецца нічога іншага як "вярнуцца ў ранейшыя акопы".

Сяргей Посахаў паабяцаў паведаміць зьмест размовы Аляксандра Лукашэнку. Паводле яго, улада ня супраць дыялёгу ці перамоваў і гатовая нават да адмысловага Грамадзкага форуму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG