Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗДОЛЬНЫЯ СПЭЦСЛУЖБЫ ЗША ПРАДУХІЛІЦЬ ДЗЕЯНЬНІ ЗЛАЧЫНЦАЎ?


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, паведамлена пра новыя пагрозы тэрарыстычных актаў і як цяпер ацэньваецца ў ЗША здольнасьць спэцслужбаў перадухіліць злачынствы?”

(Навумчык: ) “Алена, дзейнасьць ФБР і ЦРУ – ў цэнтры грамадзскай увагі. Сёньня New York Times паведамляе, што сэнатар ад штату Нью-Ёрк Гілары Клінтан выступіла з заканадаўчай прапановай ў справе ўзаемадзеяньня ФБР і мясцовых аддзелаў паліцыі. ФБР мае сваіх прадстаўнікоў ва ўсіх колькі-небудзь вялікіх гарадох Амэрыкі, але не падпарадкоўваецца мясцовым уладам і дзейнічае абсалютна аўтаномна ад паліцыі. Пры гэтым паліцыя абавязаная прадстаўляць агентам ФБР любую інфармацыю і спрыяць ім у патрэбе падчас апэрацыяў – агентам жа ФБР забаронена дзяліцца інфармацыяй з паліцыяй. Забаронена законам. І ў выніку паліцыя не магла перадухіляць злачынствы – бо ня мела інфармацыі, а агенты ФБР не прадухілялі іх, бо займаліся больш глябальнымі і істотнымі, на іх погляд, справамі, напрыклад, адсочвалі дзейнасьць піратаў, якія парушалі аўтарскія правы кампаніі “Майкрасофт”. Можна паспачуваць Гейтсу, які цяпер мае ня 100 мільярдаў, а ў два разы менш – і ў тым ліку з прычыны кампутарнага пірацтва. Фармальна пірацтва – парушэньне закону, фармальна ФБР магло займацца гэтым – але не на шкоду справам, наўпрост зьвязаным з чалавечымі жыцьцямі. У ЗША цяпер шмат гавораць пра тое, што спэцслужбы займаліся другараднымі рэчамі, а ў тым, што акты 11 верасьня – найбуйнейшы правал ЦРУ і ФБР, ніхто не сумняецца.

Дык вось цяпер мяркуецца зьняць пэўныя забароны і, скажам гэтак, апусьціць ФБР зь неба на грэшную зямлю. New York Times выказвае перакананьне, што законапраект, унесены Гілары Клінтан, будзе падтрыманы рэспубліканцамі і хутка прыняты ў Кангрэсе.

Сэнатар Джордж Вайновіч выказаў меркваньне, што ЦРУ да гэтага часу кіруецца стэрэатыпамі часоў “халоднай вайны”, калі галоўным ворагам ЗША быў Крэмль. Пры гэтым Вайновіча нельга назваць прыхільнікам Расеі – летась мне даводзілася зь ім сустракацца ў Кліўлэндзе на зьездзе беларусаў Паўночнай Амэрыкі, ён, дарэчы, актыўна падтрымлівае беларускую дыяспару, выступае супраць любых праяваў Расеяй рэцыдываў імпэрскай палітыкі. І адначасна Вайновіч лічыць, што небясьпека для ЗША ідзе зусім не з Масквы, а зь іншага боку. І да гэтага ЦРУ было не падрыхтаванае”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, а што канкрэтна плянуецца зьмяніць у практыцы дзейгасьці ФБР і ЦРУ?”

(Навумчык: ) “Алена, найперш – пазбавіцца ад бюракратызацыі. Былы начальнік аддзелу ЦРУ ў справе барацьбы з тэрарызмам Вінс Канністраро заявіў, што цяпер ЦРУ мала чым адрозьніваецца ад міністэрства сельскай гаспадаркі. Той жа сэнатар Вайновіч зьвярнуў ўвагу на тое, што значная частка супрацоўнікаў ЦРУ валодае расейскай мовай, але існуе вялікі недахоп спэцыялістаў зь веданьнем арабскай мовы, ці, напрыклад, мовы фарсі. У ЦРУ і ФБР самыя дасканалыя тэхнічныя сродкі для перахопу тэлефонных, і ня толькі тэлефонных, перамоваў патэнцыйных тэрарыстаў. Праблема – каб зразумець, пра што яны гавораць. Доўгі час амэрыканскія спэцслужбы рабілі стаўку на тэхніку, ігнаруючы тое, што прынята зваць “чалавечым фактарам”. Не надавалася належнай увагі працы з агентурай – у выніку, напрыклад, назіральнікі не выключаюць, што ў Афганістане ў ЦРУ цяпер зусім няма агентурнай сеткі. Нарэшце, ўздымаецца праблема адэкватнасьці дзеяньняў спэцслужбаў, нагадваецца, што спэцслужбы ня могуць дзейнічаць у “белых пяльчатках” – злачынцы ж выкарыстоўваюць самыя розныя спосабы. Зьмяняецца заканадаўства – і тут вельмі істотна рашэньне прэзыдэнта Буша, які фактычна скасаваў выдадзеную прэзыдэнтам Фордам забарону на забойства лідэраў, чыя дзейнасьць уяўляе пагрозу для бясьпекі ЗША. Нагадаю, што цяпер у якасьці такой дзейнасьці разглядаецца тэрарызм альбо спрыяньне тэрарыстам – напрыклад, пастаўка ім зброі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG