Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЙ КІРАЎНІЧКАЙ АДМЫСЛОВАЙ РАБОЧАЙ ГРУПЫ Ў СПРАВАХ БЕЛАРУСІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ СТАЛА УТА ЦАПФ


Уладзімер Глод, Менск

Уту Цапф у Беларусі добра ведаюць. Сацыял-дэмакратка зь Нямеччыны ўжо даўно цікавіцца беларускімі справамі й часта наведвае краіну. Да таго ж, яна была сталай сяброўкай адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і падтрымлівала сталыя кантакты зь беларускімі палітыкамі — як апазыцыйнымі, так і з уладных структураў.

Сябар сталай дэлегацыі Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Ўладзімер Нісьцюк, які ня раз сустракаўся з Утай Цапф, лічыць ейнае прызначэньне знакавым — яно супадае з новай палітыкай Эўропы адносна Беларусі.

(Нісьцюк: ) "Ута Цапф якраз уяўляе той новы вобраз той самай павольнай Эўропы, якая ня будзе сьпяшацца прымаць рашэньні, канкрэтныя нейкія дзеяньні ды ацэнкі, якая павольна будзе рабіць сваю справу дэмакратызацыі беларускага грамадзтва.

І чакаць нейкіх рэзкіх, кантраставых крокаў зь яе боку нельга. Яна ёсьць вельмі сталым палітыкам, адна з самых уплывовых дэпутатаў Бундэстагу, мае вялікі досьвед працы ў міжнародных арганізацыях. Вядома, гэта будзе дыплямат, а не прадстаўнік парлямэнцкай структуры.

Мне бачыцца, што прызначэньне Уты Цапф, а не кагосьці іншага, якраз дэманструе тое, што ПА АБСЭ бярэ пад увагу, што трэба павольна, пакрокава весьці Беларусь да дэмакратыі".

(Карэспандэнт: ) "Ці можна казаць, што гэтае прызначэньне і ёсьць першым крокам у такой стратэгіі Эўропы?"

(Нісьцюк: ) "Так, нават тое, што гэта жанчына, дэманструе якраз эўрапейскае стаўленьне да сытуацыі ў Беларусі, да яе складанасьці, да магчымасьці вырашыць яе вельмі мякка і павольна".

Неаднаразова сустракаўся са спадарыняй Цапф і намесьнік кіраўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) "Гэта чалавек, які настроены на дыялёг і хоча ўдзельнічаць у кантактах з усімі структурамі. Некаторыя заўвагі, якія яна рабіла (напрыклад, пра тое, што трэба ўжо размаўляць з "палатай", трэба прызнаць "палату", трэба нават размаўляць з Лукашэнкам, запрашаць яго) — яны відавочна пярэчаць пазыцыі беларускай апазыцыі.

Але яна таксама ў гэтай сытуацыі ня можа не прызнаць, што каб разьвіваць той прагрэс, які, на думку Захаду, дасягнуты падчас прэзыдэнцкай кампаніі, патрэбная воля ўсіх бакоў: і апазыцыі, і ўлады.

І калі спадарыня Цапф будзе праводзіць такую лінію, што палітыка міжнароднай супольнасьці будзе больш мяккай, больш ляяльнай да Лукашэнкі без аніякіх крокаў з боку Лукашэнкі, дык гэта будзе, на мой погляд, ня крокам да дэмакратызацыі, а крокам да зацягваньня канфліктаў".

Я папрасіў Яраслава Раманчука выказаць сваё стаўленьне і да таго, што новым кіраўніком прызначаны прадстаўнік Нямеччыны, а ня нейкай іншай краіны.

(Раманчук: ) "Гэта перамога нямецкай дэмакратыі. Я думаю, што такая дамінацыя нямецкага фактару можа быць пазытыўнай з гледзішча інтарэсаў усіх бакоў".

Мяркуюць, што пры канцы лістапада новая кіраўнічка адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі наведае Менск.

Афіцыйнай рэакцыі на прызначэньне Уты Цапф пакуль няма. Прыкладам, у прэсавай службе МЗС прызналіся, што ўпершыню даведаліся пра гэтае прызначэньне ад нашага карэспандэнта.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG