Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗНОЎ АДКРЫЎСЯ КАМАРОЎСКІ РЫНАК


Міхал Стэльмак, Менск

Урачыстасьці на Камароўцы, перабудова якой пачалася два гады таму, адбыліся з удзелам гарадзкога начальства. Вось што паведаміў нашаму радыё дырэктар "Белкамунбудмашу" Ігар Кузьняцоў, пад чыім кіраўніцтвам адбывалася рэканструкцыя:

(Кузьняцоў: ) "Тры з паловай мільярда ўклалі ў сэзонны рынак і 1,2 мільярда ў добраўпарадкаваньне. Быў крэдыт Камароўскаму рынку "Беларусьбанку".

Начальства задаволенае абноўленай Камароўкай. Між тым, гэтая ініцыятыва гарадзкіх уладаў у свой час выклікала актыўны пратэст насельніцтва і прадпрымальнікаў Камароўкі. Ці зьмянілася гэткае стаўленьне? Вось меркаваньні шараговых наведнікаў:

(Марыя Мікалаеўна: ) "Выгляд стаў лепшы, але цэны на тавары сталі не ніжэйшыя, а вышэйшыя ў параўнаньні зь мінулым годам. Цыбуля, напрыклад, стала нашмат даражэйшая".

(Карэспандэнт: ) "Ці трэба было Камароўку гэтак перабудоўваць?"

(Марыя Мікалаеўна: ) "Не".

(Карэспандэнт: ) "Што вы можаце сказаць пра зьмены на Камароўцы?"

(Спадар: ) "Усё дорага. Нашмат даражэй".

(Карэспандэнт: ) "Вось раней на Камароўцы было шмат люду..."

(Марыя Мікалаеўна: ) "Зараз не ідуць, бо дорага — узяць тыя ж гуркі ці памідоры. Навошта яны зрабілі гэтыя цацкі?! Трэба было б, каб людзям паесьці за што было. Калі б Лукашэнка на гэта паглядзеў! Хоць бы мой гэты запіс па тэлебачаньні ня быў паказаны".

(Яўгенія Піліпаўна: ) "Камароўка, вядома, стала прыгажэйшая, але каму патрэбная гэтая паказуха! Я лічу, што простаму люду гэта зусім не патрэбна. Прыгожа — гэта не азначае добра".

(Спадар: ) "Гэта бэнээфаўкі. Вельмі добрая Камароўка".

(Анатоль Сяргеевіч: ) "Стала прыгажэйшая, больш свабодна".

(Карэспандэнт: ) "А кошты вас задавальняюць?"

(Анатоль Сяргеевіч: ) "Прыгажосьць каштуе грошай".

(Карэспандэнт: ) "Гэты рынак для простых людзей ці заможных?"

(Іншы спадар: ) "Для буржуазіі. Было б харашо для людзей тады, калі б можна было гандляваць. А то прывёз калгасьнік тавар, а ня можа прадаць. Яму трэба за дарогу заплаціць, дык яму няма выгады й везьці сюды".

Вельмі шмат пытаньняў да начальства маюць і гандляры Камароўкі. Між тым, гарадзкія ўлады сёньня не пажадалі сустрэцца з прадпрымальнікамі:

(Прадпрымальнік: ) "Яны ж не пацікавіліся, як тут людзям працуецца, якія кошты, якія патрэбы ў пакупнікоў".

(Карэспандэнт: ) "Многія людзі ня ведаюць, каму належыць зараз Камароўка. Вы ведаеце?"

(Прадпрымальнік: ) "Не. Мы ня ведаем, ці гэта дзяржаўны рынак ці прыватны. Таму што цэны за гандлёвыя месцы — якія захоча дырэктар рынку, то такія і выстаўляюць".

(Карэспандэнт: ) "Вы прыежджы?"

(Прадпрымальнік: ) "Так. Са Случчыны. Я ўсё бачыў на свае вочы. Раней бабуля ці дзядуля мог сюды прывезьці, скажам, вядро сьліваў. Цяпер не паставіш тут кошык — трэба дваццаць тысяч".

(Іншы: ) "Камароўскі рынак быў раней самы танны. Калі ж больш танная прадукцыя, то лепш і для людзей. А калі стала большая цана за месцы, то гандляр вымушаны ставіць больш высокія кошты на тавары", — мяркуюць прадпрымальнікі Камароўкі.


XS
SM
MD
LG