Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁЛЕТНІ “ЗАЛАТЫ ШЛЯГЕР” У МАГІЛЁВЕ МОЖА СТАЦЬ САМЫМ БЕДНЫМ ЗА ЎСЕ ГАДЫ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Праблема фінансаваньня фэстывалю ўзьнікла некалькі месяцаў таму. З прычыны адсутнасьці сродкаў існавала пагроза, што сёмы фэстываль не адбудзецца.

Тым ня менш грошы зьявіліся. У Менску выкарысталі рэзэрвы, а Магілёў вырашыў праблему досыць проста — на сэсіі Магілёўскага абласнога савету пераразьмеркавалі бюджэтныя сродкі. На 150 мільёнаў рублёў зьменшылі асыгнаваньні па артыкулу "Сродкі масавай інфармацыі", а гэтыя грошы накіравалі ў фонд фэстывалю.

Аднак нягледзячы на намаганьні рэспубліканскіх і гарадзкіх уладаў, сёлета выдаткі на фэстываль зьменшыліся прыкладна на чвэрць. Адпаведна — і аплата сьпевакам. Відаць, гэта й стала прычынай ігнараваньня фэстывалю шэрагам эстрадных сьпевакоў.

У апошнюю хвіліну на "Залаты шлягер" адмовіліся паехаць зоркі расейскай эстрады Алег і Раман Газманавы, Дзьмітры Малікаў і ягоны сын. Арганізатары фэстывалю адмовіліся назваць журналістам канкрэтную суму, якую запатрабавалі сьпевакі.

Зоркі, як вядома, дорага каштуюць. Паводле зьвестак асобных крыніцаў, памеры ганарараў могуць складаць ад 1000 да 10000 даляраў. Відаць, столькі будзе каштаваць выступ знакамітага расейскага сьпевака Іосіфа Кабзона.

Як паведамілі ў аргкамітэце фэстывалю, у ім ня будуць удзельнічаць нямецкая сьпявачка Дагмар Фрэдырык і танцоры балету "Фрыдрыхштадтпалац". Як стала вядома, яны не прыехалі з-за таго, што ім своечасова не выкупілі квіткоў.

Бадай, гэты фэстываль стане самым бедным з усіх папярэдніх. Напачатку году арганізатары меркавалі выдаткаваць на яго каля мільёна даляраў. Мяркуючы па пачатку фэстываля, гэтыя пляны так і засталіся на паперы.

Іншым разам грошай не хапае на самае неабходнае. Напрыклад , сёньня прайшоў адборачны тур конкурсу расейскага рамансу "Рамансіяда". А ягоныя арганізатары толькі незадоўга да пачатку знайшлі грошы на дыплёмы для ляўрэатаў.

Як паведамілі арганізатары фэстывалю, памеры грашовых прэміяў удзельнікам конкурсу не дасягаюць леташняга ўзроўня за выключэньнем Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў. Ягоны пераможца як і летась атрымае 2000 даляраў.

На гэты раз "Залатым шлягерам" кіруе мясцовая вэртыкаль. Калі папярэднімі фэстывалямі кіраваў ягоны ініцыятар, дырэктар Магілёўскай абласной філярмоніі Ўладзімер Брайлоўскі, то цяпер гэтую функцыю на сябе ўзяў намесьнік старшыні аблвыканкаму Анатоль Глаз.

Сёлета чынавенства актыўна ўмешваецца ў творчыя працэсы. Кажуць, што начальнік абласнога ўпраўленьня па надзвычайных сытуацыях ледзь не забараніў правядзеньне канцэртаў у мясцовым лядовым палацы, бо яму не спадабалася ягонае месца ў залі, якое выдзеліў аргкамітэт фэстывалю.


XS
SM
MD
LG