Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ДАГЭТУЛЬ НЯ ВЫЗНАЧАНЫ СТАТУС НЕМАЛОЙ ВІЕТНАМСКАЙ ДЫЯСПАРЫ


Ігар Карней, Менск

Астатнія віетнамцы звыкла плацяць чыноўнікам розных узроўняў, каб тыя заплюшчвалі вочы на іхную прысутнасьць.

Першыя віетнамцы зьявіліся ў Беларусі ў сярэдзіне 1980-х, адразу пасьля падпісаньня адпаведнага савецка-віетнамскага пагадненьня. У Беларусі найвялікшая віетнамская калёнія дагэтуль існуе ў Воршы. Прыкладна 2 000 чалавек, якія некалі працавалі на мясцовым ільнокамбінаце, вось ужо сем гадоў — на становішчы нелегалаў.

Бальшыня гандлюе на мясцовым рынку, іншыя спэцыялізуюцца на абмене валюты. Многія спрабуюць мяняць дысьлякацыю, ад'яжджаючы з Воршы ў Менск ці Маскву, але, сутыкнуўшыся з больш жорсткім, чым тут, перасьледам уладаў, урэшце зноў вяртаюцца ў Воршу.

Тацяна Мацюшка працавала разам зь віетнамцамі на аршанскім ільнокамбінаце амаль пяць год. І кажа, што такіх працаўнікоў трэба яшчэ пашукаць.

(Мацюшка: ) "Працавітыя вельмі. Нашым да іх было вельмі далёка. Яны працавалі без адпачынку. Здаецца, такія маленькія, але разам вельмі энэргічныя і добрыя. Без усьмешкі ніколі не размаўлялі. Тут, здаецца, ніякіх сілаў няма, а яны працавалі як пчолкі. Скуплялі, праўда, усё, што было можна, адпраўлялі ў Віетнам, але што да працавітасьці — нам да іх далёка".

Паводле спадарыні Мацюшкі, віетнамцы не цураліся ніякай справы. Таму кіраўніцтва камбінату ахвотна кідала іх на самыя цяжкія ўчасткі.

(Мацюшка: ) "Калі мы абслугоўвалі 30 машынаў, то яны 40–45. Іх было асабліва шмат ў цэхах, дзе самая брудная праца і куды не хацелі йсьці нашыя рабочыя: мокрае прадзеньне, усё, што зьвязана з хіміяй і г.д. Атрымлівалі яны болей, але толькі таму, што й болей працавалі".

Адной з галоўных умоваў працаўладкаваньня віетнамцаў на савецкіх прадпрыемствах была падпіска пра тое, што ніхто з часовых працоўных ня будзе ўступаць цягам кантракту ў шлюб і, адпаведна, ня будзе нараджаць. Пункту трымаліся вельмі дакладна, і распавядаюць, што ў выпадку падазрэньняў на невыкананьне кантракту жанчын забіралі наўпрост ад станкоў і везьлі ў шпіталь, дзе рабілі прымусовы аборт. На гэтым для маральна няўстойлівых знаходжаньне ў Беларусі заканчвалася.

У 1994-м годзе, паводле адмысловай урадавай пастановы, усе віетнамцы павінны былі пакінуць Беларусь, бо патрэбы ў таннай працоўнай сіле больш не было. Паўстала праблема іншага кшталту: куды падзець тысячы ўласных беспрацоўных? Але на Радзіму ад'ехалі толькі адзінкі: амаль усе віетнамцы казалі, што дома асуджаныя на жабрацтва.

Пасьля 1994-га году ніводзін віетнамец на прамысловасьці не працуе. Затое ледзьве не на любым вялікім рынку краіны можна ўбачыць іхныя характэрныя твары. Як паведаміў мне адзін аршанскі бізнэсовец, ён ужо колькі год карыстаецца паслугамі, так бы мовіць, "віетнамбанку" — самых надзейных валютчыкаў у горадзе. Паводле саміх віетнамцаў, практычна кожны зь іх адседзеў некалькі сутак за парушэньне рэжыму побыту ў Беларусі, але ўсе цяжкасьці дастаткова лёгка вырашаюцца хабарам.

Паколькі статус віетнамцаў ніяк ня вызначаны, зараз ніхто не перашкаджае ім уступаць у шлюб, і ў той жа Воршы вырасла цэлае пакаленьне віетнамскіх дзяцей зь беларускімі імёнамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG