Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГЕНЦТВА DPA АБВІНАВАЦІЛА БЕЛАРУСЬ У СУВЯЗЯХ З ТЭРАРЫСТАМІ


Юры Сьвірко, Менск

Грунтуючыся на зьвестках крыніцаў у Цэнтральным разьведчым упраўленьні ЗША, нямецкае агенцтва навінаў DPA распаўсюдзіла інфармацыю, што сёлета Беларусь толькі ў першым паўгодзьдзі падпісала кантракты з арабскімі, палестынскімі й альбанскімі групоўкамі мусульманскіх экстрэмістаў пра пастаўкі зброі на агульную суму больш як 500 мільёнаў даляраў.

Агенцтва DPA зрабіла выснову, што Беларусь — гэта найбуйнейшы пастаўшчык зброі радыкальным ісьлямістам.

Большасьць расейскіх Інтэрнэт-сайтаў сёньня падае гэтую інфармацыю нямецкага агенцтва ды цытуе Сімона Вэзэмэна, экспэрта ў пытаньнях кантролю над узбраеньнямі са стакгольмскага інстытуту SIPRI: "Беларусь ёсьць самай сакрэтнай краінай у пытаньнях зьдзелак што да паставак узбраеньняў за мяжу ды адной з найбольш безадказных у гэтым пытаньні".

У гэтай жа інфармацыі падаецца цьверджаньне, што Беларусь пастаўляла зброю альбанцам, якія ваявалі ў Косаве й Македоніі, а менавіта кулямёты, гарматы, супрацьтанкавыя ракеты ды боепрыпасы.

Вось як пракамэнтваў інфармацыю DPA прэсавы сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў Павал Латушка:

(Латушка: ) "Мы зьвярнулі ўвагу на згаданую інфармацыю. Мы лічым яе ілжывай і ня маем намеру яе камэнтаваць".

Аднак незалежны журналіст Раман Якаўлеўскі з гэтай нагоды сказаў Радыё Свабода:

(Якаўлеўскі: ) "Сёньня ў сваім артыкуле ў газэце "Наша свабода" я закрануў пытаньне, што, паводле маскоўскіх зьвестак, у Радзе Бясьпекі ААН зьявіўся нейкі дакумэнт, у якім падаецца інфармацыя наконт магчымага дачыненьня беларускага кіраўніцтва да падтрымкі краін і арганізацыяў, якія абвінавачваюцца ў сувязях з тэрарыстамі.

Паводле самых апошніх зьвестак з тых жа крыніцаў маскоўскіх, сёньняшні візыт кіраўніка брытанскага Форын-офісу ў Маскву таксама можа мець адной са сваіх мэтаў закрануць пытаньні, пра якія я пісаў у сёньняшнім сваім артыкуле", — сказаў Раман Якаўлеўскі, аўтар артыкулу "Беларускі сьлед у Іраку", які сёньня надрукавала газэта "Наша свабода".

У гэтай публікацыі спадар Якаўлеўскі нагадвае, што афіцыйны Менск абвяргае інфармацыю пра навучаньне ірацкіх курсантаў у Вайсковай акадэміі Беларусі, але дагэтуль ніхто не абвергнуў паведамленьне пра тое, што найноўшая расейская зброя, якую Беларусь рээкспартавала ў Лібію, урэшце апынулася ў чачэнцаў.


XS
SM
MD
LG