Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ ТЭНДЭНЦЫІ ЗАРАЗ НА РЫНКУ ПРАЦЫ?


Міхал Стэльмак, Менск

(Янэк: ) "Грузчыкам нават не бяруць. Дадуць месца, а калі я паеду, то там адмаўляюць".

(Карэспандэнт: ) "Сёньня куды вы езьдзілі?"

(Янэк: ) "У гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства "Белкаап".

(Тацяна Пяхота: ) "А мне — любая праца. Толькі, каб першая зьмена была".

(Карэспандэнт: ) "Ці вас цікавіць заробак?"

(Тацяна Пяхота: ) "Так. Чым большы, тым лепш".

(Маркаў: ) "Хачу ўладкавацца кіроўцам".

(Карэспандэнт: ) "Вы самі па прафэсіі кіроўца?"

(Маркаў: ) "Так. Адпрацаваў 38 гадоў".

(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць праблемы з уладкаваньнем на працу?"

(Маркаў: ) "Бяруць маладзейшых. А мяне ня вельмі".

(Вацлава Малішэўская: ) "Хачу ўладкавацца на працу".

(Карэспандэнт: ) "На якую?"

(Вацлава Малішэўская: ) "На якую-небудзь".

(Карэспандэнт: ) "Вас задаволіць і рабочая прафэсія?"

(Вацлава Малішэўская: ) "Я інвалід. Мне яшчэ няма і 50 гадоў. Дзяржава плаціць за інваліднасьць капейкі, таму трэба клапаціцца пра сябе. Вось так і жывем — не жывем, а існуем".

(Ананім: ) "Вакансіяў шмат, але што з гэтага. Заробкі — 50, 60, 100 тысяч. Хіба гэта грошы?!"

(Карэспандэнт: ) "Вы працавалі рабочым?"

(Ананім: ) "У мяне 10 спэцыяльнасьцяў. Я і электрык, і кіроўца, і трактарыст, і шмат яшчэ хто".

Паводле майго апытаньня, пераважная большасьць наведнікаў ня супраць працаўладкаваньня рабочымі. Штомесяц Ленінская філія службы занятасьці прапануе ім каля 2000 вакансіяў. Прычым 90% складаюць рабочыя прафэсіі. Вось што паведаміла нашаму радыё галоўная спэцыялістка гэтай установы Зінаіда Буянава:

(Буянава: ) "Станочнікі, токары, зборшчыкі, шліфоўшчыкі, фрэзэроўшчыкі — набор прафэсіяў вельмі разнастайны. Але цяпер склалася такая тэндэнцыя — ахвотных пайсьці працаваць на завод практычна няма".

Прыблізна такая самая сытуацыя наагул па Менску. Дзевяць зь дзесяці вакансіяў — рабочыя. Кіраўнікі прадпрыемстваў даюць абвесткі пра патрэбу як кваліфікаваных, так і малакваліфікаваных рабочых. Аднак, тыя, хто зьвяртаўся на прадпрыемствы, адзначаюць неадпаведнасьць гэтых абвестак рэчаіснасьці. Асабліва гэта тычыцца пытаньняў заработнай платы. Дарэчы, з гэтым пагаджаюцца і прадстаўнікі службы занятасьці. Гаворыць Зінаіда Буянава:

(Буянава: ) "Зарплата вельмі нізкая. Прыходзіць чалавек на месца, а там яшчэ меней атрымліваецца. Станочніку трэба адстаяць за станком восем гадзінаў. Апроч таго, на заводах яшчэ зарплата выплачваецца нерэгулярна".

А вось як гэтую сытуацыю на рынку працы пракамэнтаваў нашаму радыё віцэ-прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімер Макарчук:

(Макарчук: ) "Вось яны ўладкоўваюцца на працу. Маленькая зарплата. Яны ведаюць, што ня могуць запатрабаваць павелічэньня гэтай зарплаты. Апроч таго, рабочыя не ідуць на заводы яшчэ і таму, што ня ведаюць пэрспэктываў. Бо гэнае прадпрыемства заўтра можа збанкрутаваць. І яшчэ. Сёньня правы рабочых на прадпрыемствах прыціскаюць. А кіраўнікі дзейнічаюць так таму, што бачаць ціск уладаў на прафсаюзы".

XS
SM
MD
LG