Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ ЗГОДНЫЯ ВЕСЬЦІ ПЕРАМОВЫ З УЛАДАМІ, АЛЕ ТОЛЬКІ ПА-ЗА РАМКАМІ ГЭТАК ЗВАНАГА "ШЫРОКАГА ДЫЯЛЁГУ"


Уладзімер Глод, Менск

Як вядома, Сяргей Посахаў у панядзелак ад імя ўладных структураў прапанаваў правесьці шырокі грамадзка-палітычны дыялёг. Удзельнікі сёньняшняга паседжаньня адразу ўзгадалі, што з такой ініцыятывай ужо сутыкаліся летась. На іхную думку, тады ўлады спрабавалі падмяніць рэальныя перамовы з канкрэтнымі апанэнтамі рэжыму аморфным абмеркаваньнем другасных праблемаў з ляяльнымі да сябе сіламі. І вось цяпер, на думку прадстаўнікоў апазыцыі, улады ізноў прапануюць далучыцца да бясплённых размоваў.

Станіслаў Шушкевіч так тлумачыць заклік Сяргея Посахава:

(Шушкевіч: ) "Мне здаецца, што ўлада ня здольная весьці палітычную гаворку. Гаворку аб уладзе, аб прынцыпах рэалізацыі заканадаўства. І таму яна хоча мець справу зь нейкімі карпаратыўнымі структурамі, альбо структурамі па схільнасьцях, напрыклад, з сабакаводамі, філятэлістамі… Там лягчэй абмяркоўваць пытаньні.

І такім людзям палітычнага ўзроўню, на якім знаходзіцца той самы Посахаў, які нічога не вырашае, а можа толькі дагаджаць, зручна весьці перамовы з такімі структурамі. І няхай вядуць сабе. Гэта паказвае, што ў нас працягваецца спэцапэрацыя па ўтрыманьню ўлады, а ніякай гаворкі з тымі, хто імкнецца дзейнічаць у адпаведнасьці з дэмакратычнымі, сусьветна прызнанымі стандартамі, няма і ня будзе".

Партыйныя лідэры таксама лічаць, што прадметам магчымых перамоваў перш-наперш павінны стаць добравядомыя чатыры ўмовы, што вылучыла міжнародная супольнасьць для прызнаньня выбараў у Беларусі дэмакратычнымі й свабоднымі, а ня нейкія іншыя, штучна прыдуманыя ўладамі.

Свае меркаваньні ўдзельнікі паседжаньня выклалі ў адмысловым лісьце. Яны папрасілі кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі амбасадара Віка азнаёміць сп. Посахава зь лістом. На той выпадак, калі афіцыйны бок пажадае ўступіць у непасрэдныя кантакты з апазыцыяй, партыйныя лідэры даверылі правесьці першыя кансультацыі кіраўнікам экспэртных групаў — спадарам Пастухову, Пліску і Хадыку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG