Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКА ПЕРАД ПАГРОЗАЙ НОВЫХ ТЭРАКТАЎ УЗМАЦНЯЕ ЗАХАДЫ БЯСЬПЕКІ


Радыё Свабода.

(Радкевіч: ) “Сяргей, што цяпер робіцца ўладамі, каб прадухіліць гэтыя магчымыя тэракты?”

(Навумчык: ) “Алена, папярэджаньне Эшкрафта – гэта ўжо другое падобнае афіцыйнае папярэджаньне, першае было 11 кастрычніка і сыходзіла ад кіраўніка ФБР. Яно, на шчасьце, ня спраўдзілася. І тым ня менш, папярэджаньне прынятае пад увагу і ўлады пачалі дзейнічаць. Якраз у сёньняшнім нумары New York Times даволі падрабязна распавядаецца пра комплекс мерапрыемстваў, якія праводзіць губэрнатар штату Нью-Ёрк Джордж Патакі. Дзеля дадатковай аховы некалькі сотняў вартаўнікошў турмаў пераведзеныя на нью-ёркскія вуліцы.

Узмацняецца ахова мостаў, чыгуначных і аўтамабільных вакзалаў, тунэляў. 400 рэзэрвістаў, якія былі прызваныя ў войска, працягнуць службу яшчэ на 90 дзён. Паўтары тысячы вайскоўцаў будуць ахоўваць чатыры атамныя станцыі ў штаце Нью-Ёрк і дзьве – у Канэктыкуце. Прычым гэтыя вайскоўцы маюць цяжкае ўзбраеньне. Паблізу ад Нью-Ёрку ўзмоцненая новымі караблямі берагавая ахова. Ізноў будуць забароненыя палёты ў пэўных зонах, блізкіх да Мангэтану. І раней было ўначы бачна, як па воблаках над горадам гойсаюць прамяні ад пражэктараў – гэта нагадвае фільмы пра Другую сусьветную вайну. Ну і акрамя гэтага, ўзмоцненая ахова дванаццаці параўнальна невялікіх аэрапортаў, якія абслугоўваюць прыватныя самалёты”.

(Радкевіч: ) “Сяргей, сёньня – Хэлоўін, і ў сувязі з гэтай падзеяй?”

(Навумчык: ) “Гэта – так бы мовіць – сьвята нячыстай сілы, калі людзі высьмейваюць гэтых самых нячысьцікаў, ўвечары людзі апранаюцца ў розныя касьцюмы кшталту вядзьмарак, вампіраў, выходзяць на вуліцы, страшаць адзін аднаго. Хаця цяпер, здаецца, для страху некаторым ня трэба ніякага маскараду.

У Нью-Ёрку ўвечары традыцыйна на 6-ай авэню адбываецца парад – у ім бяруць удзел дзясяткі тысячаў чалавек. Канечне, перааапранаюцца ня толькі ў нячысьцікаў, але і ў карыкатурныя абліччы вядомых асобаў – як звычайна, гэта прэзыдэнт і першая лэдзі, мінулыя гады вельмі папулярны быў вобраз Монікі Левінскі. Сёлета імгненна раскуплялі маскі з выявай бін Лядэна. Меркавалася, што мэрыя забароніць парад, але вось цяпер абвясьцілі, што парад усё ж адбудзецца, але адначасна параілі на яго не хадзіць. Менавіта з прычыны магчымых тэрактаў. Хаця зразумела, што аматары вострых адчуваньняў праігнаруюць заклік. Таму ахоўваць ўдзельнікаў і гледачоў будуць больш за тысячу паліцыянтаў.

Але Хэлоўін мае яшчэ адну адметнасьць – ўвечары дзеці ходзяць па кватэрах і зьбіраюць цукеркі; дачка маёй знаёмай летась назьбірала нешта каля 10 кіляграмаў. Канечне, сёньня напэўна некаторыя бацькі без асаблівай ахвоты будуць адпускаць сваіх дзяцей, нехта, магчыма, неахвотна будзе адчыняць дзьверы. Гэта – традыцыя, кшталту нашых беларускіх Калядаў, і калі да цябе звоняць у дзьверы дзеці – няёмка не адчыніць і не пачаставаць. Таму, канечне, усе сёньня купляюць цукеркі – традыцыя ня будзе парушаная”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG