Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ СТВАРАЕЦЦА АНТЫКАРУПЦЫЙНАЯ ГРАМАДЗКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прапанова стварыць беларускую філію арганізацыі "Міжнародная галоснасьць" паступіла да менскіх праваабаронцаў і журналістаў ад прадстаўнікоў эўрапейскага аддзяленьня гэтай арганізацыі, што месьціцца ў Бэрліне.

На прапанову адгукнуўся шэраг актывістаў Беларускага Гельсынскага камітэту, сярод якіх адвакат Гары Паганяйла, журналіст Сяргей Аніська ды іншыя. На думку сябраў рабочай групы, праблема карупцыі, найперш у найвышэйшых структурах улады, стаіць досыць востра, і пытаньне стварэньня антыкарупцыйнай грамадзкай арганізацыі ў краіне насьпела ўжо даўно.

(Паганяйла: ) "Мы зьбіраемся сабраць журналістаў, якія праводзяць журналісцкія расьсьледаваньні ў галіне карупцыі, каб даваць зьвесткі й для прэсы, і для ўладаў, і для міжнароднай грамадзкасьці, каб супольнымі высілкамі супрацьстаяць гэтаму злу. Асабліва калі ўлады зьбіраюцца ствараць сытуацыю, спрыяльную для інвэставаньня. Калі яны думаюць лібэралізаваць эканоміку, то карупцыйны элемэнт можа толькі дыскрэдытаваць усе гэтыя ініцыятывы й разваліць рэшткі эканомікі".

Паводле сябраў рабочай групы, беларуская філія Міжнароднай галоснасьці будзе зьбіраць інфармацыю пра карупцыю ва ўсіх эшалёнах улады, рыхтаваць справаздачы на гэтую тэму для міжнародных арганізацыяў, удзельнічаць у канфэрэнцыях у справе карупцыі й г.д. Сябры рабочай групы ўсьведамляюць, за якую небясьпечную справу бяруцца. Гары Паганяйла працягвае:

(Паганяйла: ) "Натуральна, што кожны грамадзкі дзеяч, які закранае нейкія глыбока схаваныя таемныя ніткі, можа зазнаць пэўны ціск. Але ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць. Дарэчы, чым больш будзе адкрытасьці й галоснасьці ў дзеяньнях нашай арганізацыі, тым меншая верагоднасьць аказаньня ціску на такую арганізацыю".

Сябры рабочай групы ўжо на наступным тыдні зьбіраюцца правесьці ўстаноўчы сход беларускай філіі, пасьля чаго зарэгістраваць арганізацыю ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG