Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГОРАДНІ ЗАСУДЗІЛІ СЯБРАЎ КАМАНДЫ ГАНЧАРЫКА ЗА АРГАНІЗАЦЫЮ СУСТРЭЧЫ З ВЫБАРЦАМІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сустрэча адбылася 7 верасьня ў гарадзкім пасёлку Сапоцкін Гарадзенскага раёну. Улады дазволілі правесьці яе ў Доме культуры. Мікалай Салянік, сьведка, паведаміў суду наступнае.

Калі яны з Гіруцем і Гавіным 7 верасьня прыйшлі ў Дом культуры, там нікога не было — улады пастараліся, каб сустрэча не адбылася. Мясцовыя жыхары сказалі, што ў праўленьні калгаса і ў пасялковым савеце ім гаварылі, каб не хадзілі на сустрэчу. Тым жа часам у школе склікалі бацькоўскі сход.

Давялося ісьці ў школу. Госьці папрасілі дырэктарку Яніну Зарэцкую выступіць перад бацькамі. Яна сказала, што гэта лепей зрабіць пасьля заканчэньня сходу. Але ў канцы абвесьціла, каб бацькі разышліся па клясах, засталася толькі невялікая іх частка. Перад імі хвілін 10 выступаў Мечыслаў Гіруць і некалькі словаў сказаў Тадэвуш Гавін. У залі знаходзілася прадстаўніца райвыканкаму і паўдзясятка міліцыянтаў. Яны склалі пратакол аб правядзеньні недазволенага сходу.

Участковы Андрэй Занеўскі так і патлумачыў суду, што парушэньне ў тым, што сустрэча адбылася ня там, дзе далі каманду. На судзе выступілі адвакат Алег Куц і праваабаронца Аляксандар Антанюк. Яны давялі, што падчас прэзыдэнцкай кампаніі выбарчае заканадаўства мае прыярытэтнае значэньне. І згодна з тлумачэньнямі Цэнтарвыбаркаму, сустрэча з выбарцамі ў закрытым памяшканьні не падпадае пад дзеяньне Закону аб мітынгах і дэманстрацыях. Больш за тое, прысутныя прадстаўнікі ўлады абавязаныя былі стварыць умовы для правядзеньня сустрэчы.

Судзьдзя па адміністрацыйных справах Ігар Сідорчык, каб прыняць рашэньне, аб'явіў 5-гадзінавы перапынак. Ён прызнаў, што Мечыслаў Гіруць і Тадэвуш Гавін парушылі заканадаўства і даў абодвум папярэджаньне. Замест Тадэвуша Гавіна ў судзе прысутнічаў ягоны прадстаўнік. Матывацыя падобнага рашэньня з вуснаў судзьдзі прагучала так: прадстаўнікі Ўладзімера Ганчарыка запынілі бацькоў і правялі незаплянаваны сход у школе, куды іх ніхто не запрашаў.

Раней Ваўкавыскі суд вынес папярэджаньне Мечыславу Гіруцю за выступ спадара Ганчарыка перад гараджанамі.

XS
SM
MD
LG