Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСЬ СПАДЗЯЕЦЦА НА НОВЫЯ КРЭДЫТЫ…”


Алена Панкратава, Прага

У мінулыя месяцы Аляксандар Лукашэнка неаднойчы гаварыў свайму народу: “Рэформы – я не люблю гэтае слова. Мы не прызвычаіліся да рынку”. Аднак у верасьні, – піша газэта, – валадар нацыі, які кіруе Беларусьсю з 1994 году, дазволіў сябе выбіраць і, больш таго, дазволіў зацьвердзіць сябе на пасадзе на далейшы пяцігадовы тэрмін. Зразумела, не абыйшлося бяз розных вычварэньяў і прымусу, аднак прагаласавалі ў большасьці тыя, для каго рэформы у той жа суседняй Расеі лічацца сыномімам рабаўніцтва і крадзяжа народнага дабрабыту. Менавіта ім, сялянам дзяржаўных калгасаў і пэнсіянэрам, новы стары прэзыдэнт абяцаў: урад ніколі ня пойдзе на непапулярныя захады шокавай тэрапіі.
Аднак, - сьцьвярджаюць назіральнікі, - у апошні час зьявіўся пэўны знак таго, што пільнае вока Аргуса, якое дагэтуль сачыла за непахіснасьцю плянавай гаспадаркі, паціху пачало слабнуць.
Паводле заходніх аналітыкаў, традыцыйна прасацыялістычны і антызаходні Менск апошнім часам дэманструе Захаду сваё жаданьне палепшыць эканоміку ня без дапамогі міжнародных фінансавых арганізацыяў.

Што тычыць заходніх фінансавых структураў, то яны перакананыя, што Беларусь можа разьлічваць на крэдыты, але ў тым выпадку, калі прадэманструе сваю гатоўнасьць да рэформаў. Як ні дзіўна, сьцьвярджаюць назіральнікі, беларускі ўрад разьлічвае прайсьці гэты тэст.

У гэтым зьвязку, - піша Neue Zuercher Zeitung, - Міжнародны валютны фонд вельмі стрыманы ў прагнозах і абяцаньнях. Ягоны прадстаўнік у Беларусі спадар Гортан засьцерагае, што інфляцыя, якая летась дасягнула 100 адсоткаў, у першую палову 2001 году наўрад ці зьнізіцца, згодна афіцыйным дадзенным, да 22 адсоткаў. На гэта ў краіне няма адпаведных структурных рэформаў. Што тычыць сытуацыі ў рэальнай эканоміцы, то яна ўвогуле пагоршылася, - лічыць Гортан.

Аднак пры гэтым заходнія фінансавыя экспэрты адзначаюць шэраг пазытыўных момантаў: беларускі ўрад спрабуе паскорыць прыватызацыю, да канца году павінны быць адмененыя дзяржаўны кантроль над 95-цю адсоткамі цэнаў. Зразумела, наколькі адпавядаюць гэтыя і іншыя абяцаньні, якіх шмат давалася ў апошнія часы, рэчаіснасьці – справа часу.

Аднак паціху-патроху Захад пачынае шукаць пэўныя шляхі, каб вывесьці краіну з таго стану, у якім яна апынулася ў выніку ізаляцыі. Сусьветны банк асыгнуе гэтымі днямі Беларусі крэдыт у 26 мільёнаў даляраў для праграмаў энэргазахаваньня ў школах і шпіталях. Акрамя таго распрацоўваецца стратэгія падтрымкі экалягічных праграмаў, праграмаў барацьбы з жабрацтвам і СНІДам, падтрымкі малога бізнэсу. Плянуецца, што гэтыя праграмы пэрыяду 2002-04 гадоў будзе выдаткавана 260 млн. даляраў.

Сярод міжнародных фінансавых структураў на цяперашні момант найменш вызначаная пазыцыя Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. Пасьля таго, як АБСЭ вынесла вэрдыкт, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не былі празрыстыя і свабодныя, шэф банку спадар Лемьер у сваім лісьце Лукашэнку паабяцаў прыпыніць стасункі зь Беларусьсю. Аднак, улічваючы рэкамэндацыі АБСЭ перагледзець былую ізаляцыйную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, дырэкторыюм Эўрапейскага банку зараз выпрацоўвае сваё рашэньне і ў хуткім часе прадставіць яго. Без перабольшаньня – гэта будзе палітычна матываванае рашэньне, - піша Neue Zuercher Zeitung.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG