Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ АДЗНАЧЫЛІ МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ПАЛІТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ


Радыё Свабода.

На простай тэлефоннай сувязі – нашая карэспандэнтка Ганна Соусь.

(Соусь: ) “Сёньня ў Курапатах, у Міжнародны дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, сабралося каля 100 чалавек. Людзі прыйшлі зь кветкамі і крыжамі, прынесьлі крыжы і бел-чырвона-белыя сьцягі. Сярод тых, хто знаходзіцца зараз у Кураптах, людзі, чые продкі былі расстраляныя сталінскімі катамі. Прыкладам, у кіраўніка “Мартыралёгу Беларусі” Маі Кляшторнай, якая знаходзіцца цяпер побач са мной, бацьку расстралялі менавіта 30 кастрычніка.

Сёньня ж у Курапаты прыйшлі і тыя, хто стаўся ахвярамі палітычных рэпрэсіяў ужо ў нас час. Непадалёк стаяць Павал Севярынец, які нядаўна выйшаў з-за кратаў, Вячаслаў Сіўчык, Вінцук Вячорка ды іншыя.

Толькі што быў усталяваны крыж у памяць беларускіх археолягаў, што былі расстраляныя ў 1937 годзе. Крыж быў зроблены на ахвяраваньні беларускіх археолягаў. Вось побач са мной археоляг Мікола Крывальцэвіч. Раскажыце, калі ласка, пра тых людей, што пачыналі прафэсійную археалёгію і былі расстраляныя ў 1937 годзе”.

(Крывальцэвіч: ) “27 жніўня 1937 году ў Менску былі расстраляныя тры беларускія археолягі, што працавалі ў сэктары археалёгіі Інстытуту гісторыі. А сэктар і складаўся тады з трох чалавек. Гэта Сяргей Дубінскі, Аляксандар Ляўданскі і Аляксандар Каваленя. Яны былі арыштаваныя ў траўні, а Дубінскі ў ліпені 1937 году. Па-сутнасьці, гэтыя людзі пачалі акадэмічную беларускую археалёгію, якая ў той час станавілася на ногі і рабілася навукай у многіх краінах сьвету, у тым ліку і ў нас. З гібельлю гэтых людзей быў перарваны натуральны ход станаўленьня беларускай навукі. Беларуская археалёгія адрадзілася толькі ў 60-70-я, а можа і ў 80-я гады. Тады ж, у 30 гады, беларуская акадэмічная навука згубіла каля 150 навукоўцаў”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG