Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АРШАНСКАЙ ГАЗЭТЫ “КУЦЕЙНА” СУД КАНФІСКАВАЎ КАМПУТАРЫ


Браніслава Станкевіч, Ворша

Рэдакцыя аршанскай недзяржаўнай газэты “Куцейна” разам зь іншымі незалежнымі беларускімі выданьнямі падпала пад жнівеньскія рэпрэсіі супроць вольных СМІ. Тады падчас ператрусу міліцыянты забралі, кажучы афіцыйнай моваю, “да высьвятленьня акалічнасьцяў”, чатыры рэдакцыйныя кампутары ды рызограф. І ад тае самае пары рэдактар “Куцейны” Віктар Андрэеў чакаў позвы ў суд, каб абараніць рэдакцыйную маёмасьць.

Позва прыйшла толькі ў суботу 20 кастрычніка а 18-й вечара. Згодна зь ёй, суд быў прызначаны на панядзелак 22 кастрычніка. Па словах Віктара Андрэева, ён ня меў магчымасьці ні знайсьці абаронцу, бо адпаведныя ўстановы ў нядзелю не працуюць, ні адмяніць важную паездку, заплянаваную якраз на панядзелак. Таму з раніцы 22 кастрычніка, згодна з усімі патрабаваньнямі заканадаўства, ён падаў у суд заяву з просьбаю перанесьці паседжаньне. Заяву прынялі, але новую дату не прызначылі. Калі ж сёньня Віктар Андрэеў разам з абаронцам Алегам Граблеўскім прыйшлі ў суд, каб пазнаёміцца з матэрыяламі справы, судзьдзя Алена Дзямешчанка заявіла, што судовы працэс ўжо адбыўся ў прызначаны дзень 22 кастрычніка ў іхную адсутнасьць, і што абвінавачаны ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці Віктар Андрэеў мусіць сплаціць штраф у памеры 20-ці мінімальных заробкаў (гэта складае 150 тысячаў рублёў або каля $ 100). А кампутары ды рызограф, згодна з пастановаю суда, канфіскаваныя на карысьць дзяржавы.

Неспадзявана для сябе рэдактар “Куцейны” даведаўся таксама, што на яго была заведзеная і крымінальная справа за парушэньне Дэкрэту аб гуманітарнай дапамозе. На сёньняшні дзень яна ўжо закрытая, хаця ні на водзін допыт сп. Андрэева не выклікалі.

Юрыст Вольнага прафсаюзу Алег Граблеўскі, які меркаваў абараняць Віктара Андрэева, заўважыў судзьдзі, што яна парушыла, правёўшы працэс у адсутнасьць падсуднага, усе магчымая нормы працэсуальнага ды маральнага права. На што Алена Дзямешчанка заявіла, што іначай не ўкладалася ў вызначаныя тэрміны…

Віктар Андрэеў ды Алег Граблеўскі зьбіраюцца абскарджваць вынесены прысуд, а таксама дзеяньні судзьдзі, падрыхтаваўшы заявы ў Віцебскі абласны суд, абласную пракуратуру ды Міністэрства юстыцыі.

Дарэчы, рэпрэсіі супроць аршанскіх незалежных журналістаў закранулі апошнімі днямі не аднаго толькі Віктара Андрэева. На мінулым тыдні, спадзеючыся на адсутнасьць гаспадара, невядомыя людзі ўзламалі дзьверы ў кватэру журналісты “Куцейны” Юрася Копціка. А высьветліўшы, што гаспадар удома, назваліся супрацоўнікамі Аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, але санкцыю на ператрус не прадставілі ды зламаныя дзьверы рамантаваць адмовіліся.

Яшчэ адной ахвяраю ўзломшчыкаў стаўся Алесь Сярожкін, рэдактар газэты “Беларускі калекцыянэр”, што выдаецца ў Воршы. У ягоную адсутнасьць невядомыя зламалі дзьверы ды правялі ператрус на ягоным лецішчы.

XS
SM
MD
LG