Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕВАЦЭНТРЫСЦКАЯ КАНФЭДЭРАЦЫЯ СУПРАЦЬ СТВАРЭНЬНЯ НОВАГА КААРДЫНАЦЫЙНАГА ЦЭНТРУ АПАЗЫЦЫЙНЫХ СІЛАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэры БСДП "Народная грамада", ПКБ і Партыі працы Мікола Статкевіч, Сяргей Калякін і Аляксандар Бухвостаў сёньня склікалі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавядалі пра пляны канфэдэрацыі "За сацыяльныя перамены" на будучыню.

Зусім нядаўна да гэтай структуры, у якую ўваходзяць сацыял-дэмакраты, Партыя працы, шэраг галіновых прафсаюзаў, а таксама моладзевыя й жаночыя арганізацыі, далучылася апазыцыйная кампартыя Сяргея Калякіна. Мікола Статкевіч і Аляксандар Бухвостаў казалі пра тое, што ПКБ у часе нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў зарэкамэндавала сябе як добры партнэр. А вось чым аргумэнтаваў сваё далучэньне да левацэнтрысцкай канфэдэрацыі лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

(Калякін: ) "Сёньня ніводная палітычная партыя, палітычная сіла сама вырашыць надзённыя праблемы ня ў стане. У часе прыняцьця рашэньня аб уваходжаньні ў канфэдэрацыю ўлічваўся і той факт, што ў праграмных мэтах Партыі працы й Народнай грамады асноўным прынцыпам ёсьць прынцып дэмакратычнага сацыялізму. І мы бачым, што можам быць ня проста нейкімі спадарожнікамі, мы можам быць саюзьнікамі. У тым ліку й падчас рашэньня доўгатэрміновых стратэгічных задачаў нашых партыяў".

Таму цяпер усе гэтыя партыі будуць разам ажыцьцяўляць адукацыйныя, экалягічныя ды іншыя праграмы, а таксама ўдзельнічаць у выбарах. Прычым ня толькі ўнутрыбеларускіх, але й у г.зв. саюзны парлямэнт, калі яны адбудуцца. Пры гэтым, штопраўда, Мікола Статкевіч казаў, што задача іхнай партыі — увогуле не дапусьціць да правядзеньня гэтых выбараў. Аднак калі гэтага зрабіць ня ўдасца, то лідэры канфэдэрацыі лічаць, што і ў гэтых выбарах трэба браць удзел, каб данесьці свае погляды да беларускіх выбарцаў.

Лідэр "Народнай грамады" і ягоныя калегі лічаць, што цяпер няма сэнсу ствараць новы каардынацыйны орган апазыцыі на базе палітычнай рады пры штабе адзінага кандыдата. Гэтае аб'яднаньне было часовае, пад выбары, і цяпер у ім няма патрэбы. Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Праблема шырокай кааліцыі зрабілася па сутнасьці неактуальнай. Зараз вымалёўваецца такая пабудова ўсіх апазыцыйных кіроўнаму рэжыму сілаў: дзьве кааліцыі — левацэнтрысцкая й правая, куды ўваходзяць і партыі, і структуры грамадзянскай супольнасьці, і орган, які раней называўся Кансультацыйнай радай. Я думаю, што на цяперашнім этапе нам дастаткова сабірацца там раз на тыдзень ці два пад эгідай АБСЭ, і размаўляць. І калі будзе паразуменьне — прымаць нейкія ўзгодненыя рашэньні. Але разьвівацца нам трэба ўсё ж крыху паасобку".

Паводле лідэра "Народнай грамады", захаваньню шырокай кааліцыі перашкаджаюць і рознасьць ідэалёгіяў, і неабвергнутае абвінавачаньне некаторых прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў у фінансавых злоўжываньнях. Праўда, Статкевіч не выключае такога аб'яднаньня ў будучыні, перад выбарамі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG