Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ МАЛІЛІСЯ І НАД МАГІЛАМІ АХВЯРАЎ ЛЯ ГОМЕЛЯ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Памінальнаю малітваю настаяцеля Навабеліцкай царквы айца Ўладзімера распачалося ўшанаваньне памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Сюды ў 12.30 прыехалі нават гамельчукі сталага веку — як былы вязень з Нарыльску Аляксандар Мілевіч, і зусім маладыя месьцічы, як дзевяціклясьнік Дзяніс Чыкалеў. Апошні зь сябрамі-маладафронтаўцамі дапамагаў прыбраць месца ля жалобнага крыжа, дзе ў 1930-40-я гады расстраляна шмат нявінных людзей.

Жалобную цырымонію зарганізавала гарадзкая суполка ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Ішоў дождж. Гарэлі сьвечкі. На сырой зямлі ля крыжа ружавелі позьнія восеньскія астры.

Распавядае 80-гадовы Васіль Селязьнёў, ураджэнец вёсачкі Чырвоны Дварэц Гомельскага вобласьці:

(Селязьнёў: ) "Тут пахаваны мой бацька (забралі яго ў 1932 годзе, пасьля Кастрычніцкай), два браты бацькі й брат маці. Чатыры чалавекі адразу — тут, на 9 кілямэтры. Мне тады было 11 гадоў, я добра памятаю. Чаму памятаю? Таму, што калі іх пастралялі, праз два тыдні сем'і адпраўлялі ў ссылку. Мне было 11 гадоў, і я тады зьбег. Адзін. Так і застаўся", -— кажа, ня стрымліваючы сьлёзаў, спадар Селязьнёў.

Улады ня хочуць афіцыйна прызнаваць месцам растрэлу 9 кілямэтар. З чорнага крыжа нават сарваная мэталічная шыльда з надпісам: "Адно зь месцаў масавых расстрэлаў бальшавіцкай дыктатуры ў пэрыяд 1919-1940 гадоў".

Побач з крыжам раскіданыя жалезабэтонныя канструкцыі, выкапаная глыбокая яма. Як наўмысна, будуецца адстойнік сьцёкаў. Вось як ацэньвае гэта пэнсіянэр Міхаіл Пятроў, чый радавод таксама закранула хваля бальшавіцкіх рэпрэсіяў:

(Пятроў: ) "Вельмі дрэнна. Непрыемна і крыўдна за мёртвых і сорамна за жывых. Ушанаваць ахвяры ня могуць так, як належыць".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG