Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛАСЫ ТЭЛЕФОННЫХ ТЭРАРЫСТАЎ БУДУЦЬ ЗАХОЎВАЦЦА Ў ФАНАСКАПІЧНАЙ БАЗЕ ЗЬВЕСТАК


Ігар Карней, Менск

Адзін з пунктаў праграмы дакладна прадугледжвае "стварэньне ў структуры МУС падразьдзяленьняў фанаскапічных дасьледаваньняў і аўтаматызаванай сыстэмы выяўленьня вонкавых характарыстыкаў асобы паводле фанаграмаў слова". Што гэта азначае? МУС ад камэнтароў адмаўляецца. Кіраўнік прэсавай службы МУС Віталь Грынкевіч у размове з карэспандэнтам Свабоды спаслаўся на тое, што не валодае адпаведнай інфармацыяй.

Адмоўчваюцца і супрацоўнікі ведамства, якое ўжо даўно існуе ў структуры МУС — управы фанаскапічнай экспэртызы. Таму шэраг пытаньняў пакуль застаецца без адказу. У прыватнасьці, якім чынам будзе стварацца база фанаскапічнага ўліку?

Практыка высьвятленьня асобы паводле галасавых адметнасьцяў уласьцівая для большасьці краінаў Заходняй Эўропы ды ЗША. Штуршком да актывізацыі гэтай практыкі сталася пашырэньне гэтак званага тэлефоннага тэрарызму, калі пагрозы выбухаў, выкраданьняў людзей, альбо вымагальніцтваў распаўсюджваюцца праз тэлефон.

Адмыслоўцы лічаць, што голас — гэтакі ж унікальны носьбіт інфармацыі пра канкрэтнага чалавека, як і адбітак пальцаў. Зараз працэс ідэнтыфікацыі базуецца на архіўных запісах галасоў людзей, якія былі затрыманыя за розныя правапарушэньні. Галасавы код аўтаматычна спрацоўвае ў выпадку рэцыдыву, г.зн. паўторнай актывізацыі наўмысьніка. У выпадку абгрунтаваных падазрэньняў, з санкцыі адпаведных органаў сачэньне можа быць апэратыўным.

Але калі за мяжой мэханізм выкарыстаньня запісаў віртуальных злачынцаў вызначаны, то ў Беларусі дзеля гэтага яшчэ патрэбная прававая падстава. Гаворыць экспэрт міжнароднага цэнтру бясьпекі Андрэй Фёдараў.

(Фёдараў: ) "Можна ідэнтыфікаваць людзей паводле голасу, але я ведаю, што яшчэ нядаўна ў нас гэта не прымалася як доказ у судзе — я маю на ўвазе запісы дыктафонныя, тэлефонных размоваў і іншыя. Мажліва, цягам апошняга часу нешта зьмянілася".

Паводле крыніцаў, блізкіх да судовай сыстэмы, пасьля прыняцьця гэтай праграмы можна будзе выкарыстоўваць запісы галасоў як падставу для вынясеньня выракаў. Але ці будуць ўмяшальніцтвы ў асабістае жыцьцё санкцыянаванымі — не бярэцца адказаць ніхто.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG