Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ МОЖА ЗЬЯВІЦЦА ДА 10 ТЫСЯЧ УЦЕКАЧОЎ З ЗОНЫ ЎЗБРОЕНАГА КАНФЛІКТУ Ў АФГАНІСТАНЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету Бясьпекі Беларусі Міхаіл Удовікаў сёньня выказаўся наконт сытуацыі ў краіне пасьля таго, як міжнародная супольнасьць распачала антытэрарыстычную апэрацыю:

(Удовікаў: ) "Для Рэспублікі Беларусь не існуе непасрэднай пагрозы з боку міжнароднага тэрарызму".

Міхаіл Удовікаў заявіў, што Беларусь нават ускосна ня можа ўдзельнічаць у сілавых акцыях ЗША і іх саюзьнікаў супраць тэрарыстаў у мусульманскіх краінах, бо гэта "не віталася б партнэрамі па Руху недалучэньня".

Узаемадзеяньне з антытэрарыстычнай кааліцыяй магчымае толькі ў галіне гуманітарнага супрацоўніцтва, — лічыць спадар Удовікаў.

Праблема тэрарызму Беларусі вядомая. Паводле афіцыйных зьвестак, з 1996 году ў Беларусі было ўчынена 38 асабліва небясьпечных злачынстваў з выкарыстаньнем выбуховых рэчываў і зброі, зь іх 4 тэракты (забойства Мікалуцкага, выбух у расейскай амбасадзе, выбухі газаправоду), 2 зь іх раскрытыя.

За гэты ж пэрыяд было расьсьледавана 36 апэратыўных матэрыялаў з афарбоўкай "падрыхтоўка да тэрарыстычнага акту", 9 зь якіх — з прыкметамі т.зв. "цэнтральнага тэрору" — супраць найвышэйшага кіраўніцтва краіны.

Праваахоўчыя органы вядуць канфіскацыю зброі й выбуховых рэчываў. Нядаўна ў Слуцкім раёне знайшлі 18 кіляграмаў гексагену. Пасьля 11 верасьня ўзмоцненая ахова патэнцыйна небясьпечных аб'ектаў — прадпрыемстваў хімічнай прамысловасьці й больш як 10 тысяч кілямэтраў трубаправодаў.

На думку намесьніка сакратара Савету Бясьпекі Міхаіла Ўдовікава, галоўная небясьпека тэрарызму — у незаконнай міграцыі. Паводле прагнозаў расейскіх экспэртаў, з пачаткам антытэрарыстычнай апэрацыі ў Афганістане на тэрыторыі краінаў СНД можа зьявіцца каля мільёна ўцекачоў, зь іх каля 10 тысяч — у Беларусі.

(Удовікаў: ) "Зразумела, што з патокам мігрантаў у нашай краіне можа апынуцца частка ўдзельнікаў баявых дзеяньняў з цэнтральнаазіяцкіх дзяржаваў, у тым ліку і сяброў тэрарыстычных арганізацыяў, якія не патрапіўшы на Захад, могуць асесьці ў Беларусі".

У сувязі з гэтым спадар Удовікаў прызнаў, што няма сыстэмы кантролю за перасячэньнем мяжы, у прыватнасьці на беларуска-расейскай мяжы, якая застаецца празрыстай:

(Удовікаў: ) "У новых умовах гэтая праблема становіцца больш актуальнай, і трэба тэрмінова знаходзіць шляхі выпрацоўкі эфэктыўных інструмэнтаў яе вырашэньня, і перш за ўсё пры актыўнай ролі КГБ і Памежных войскаў, якія цяпер і займаюцца гэтай праблемай — і канечне ж яна будзе вырашаная".

Міхаіл Удовікаў, аднак, лічыць, што памежны кантроль на ўсходняй мяжы ўведзены ня будзе.

Сёлета выявілі 17 злачынных груповак, якія займаліся перапраўкай нелегалаў, дэпартавалі 392 замежнікаў.

Да гэтых пагрозаў дадаўся так званы паштовы тэрарызм. Упершыню паштовае адпраўленьне зь белым парашком было зафіксаванае ў Беларусі 16 кастрычніка. На сёньня такіх адпраўленьняў ужо 28, ні ў адным зь іх ня выявілі небясьпечных рэчываў, чатырох адпраўнікі знайшлі, на іх распачалі крымінальныя справы паводле артыкулу 290 Крымінальнага кодэксу "пагроза зьдзяйсьненьня акту тэрарызму".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG