Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАДЗІМ ГАРЭЦКІ: ЛУКАШЭНКА АБРАЗІЎ УСІХ АКАДЭМІКАЎ


Міхась Скобла, Менск

Род Гарэцкіх... Выхадцы зь яго зрабілі для Беларусі столькі, колькі мог зрабіць хіба што цэлы асяродак апантаных аднадумцаў. У літаратуры, у лексыкаграфіі, у геалёгіі, у мінэралёгіі, у асьветніцтве... Працавалі ўсе, нібы выконваючы запавет Максіма: "Скарэй набрацца сілухны і пачаць варушыць камні". І камяні, самыя цяжкія ды нязрушна ўрослыя ў зямлю, паддаваліся іх рукам. Сёньня наш госьць — акадэмік Радзім Гарэцкі.

(Міхась Скобла: ) "Радзім Гаўрылавіч, вашае імя настолькі рэдкае, што яго нават няма ў беларускіх — старых і новых — іменьніках. Мой сябра назваў сына Верасам — і гэта, паводле ягоных словаў, была няпростая працэдура. Ваш бацька адмыслова для вас прыдумаў імя — Радзім?"

(Радзім Гарэцкі: ) "Мой бацька вельмі любіў нашу Беларусь і яе гісторыю. Імя Радзім, сапраўды, я амаль не сустракаў цягам усяго свайго жыцьця. Але гэта даўняе беларускае імя. І паходзіць яно са старажытных часоў. Жылі калісьці два браты — Радзім і Вятка, прыйшлі на нашы землі з Карпацкіх гор. Радзім застаўся на Сажы, і ад яго пайшло племя радзімічы. А Вятка пайшоў далей і заснаваў племя вяцічы.

Я толькі аднойчы сустрэў імя Радзім. Быў у колішняй Чэхаславаччыне геоляг Радзім Кэртнэр, але ён быў за мяне намнога старэйшы, і мы не пасьпелі сустрэцца. Я яго толькі па кнігах ведаў. Так што бачыце — я геоляг, і ён геоляг, і мы абодва — Радзімы. Але нядаўна выдавецтва "Тэхналёгія", якім кіруе Зьміцер Санько, выдала невялічкі беларускі іменьнік, дык там ужо Радзім — ёсьць!" (Сьмяецца.)

(Скобла: ) "Апрача таго, што вы акадэмік, доктар геоляга-мінэралягічных навук, многа гадоў узначальвалі акадэмічны Інстытут геахіміі й геафізыкі, вы яшчэ й руплівы летапісец роду Гарэцкіх. Я маю на ўвазе вашу кнігу "Ахвярую сваім я..." — пра Максіма ды Гаўрылу Гарэцкіх, дзе падрабязна дасьледавана радаводнае дрэва Гарэцкіх, апублікаваныя многія, дасталыя з архіваў ды дзяржаўных схоўніцаў, дакумэнты. Што вам давала й дае адчуваньне роду?"

(Гарэцкі: ) "Мне радасна, што ў мяне былі такія бацькі, тут мне пашанцавала. Бацькоў не выбіраюць, сам Бог іх даець. Пазьней я даведаўся, што ў мяне яшчэ й дзядзька такі выдатны ёсьць".

(Скобла: ) "А вы не ад самага маленства гэта ведалі?"

(Гарэцкі: ) "На жаль, не. Дзядзька Максім бачыў мяне зусім малога, я ж нарадзіўся ў канцы 1928 году. А ўжо ў 1930-м яго забралі, і больш я яго ніколі ня бачыў. Ведаў ад бацькі, што быў у яго любімы брат-пісьменьнік. А адкрыцьцё Максіма Гарэцкага як асобы, прачытаньне ягогых твораў адбылося значна пазьней. Я быў вывезены зь Беларусі ў трохгадовым узросьце. І вярнуўся на Радзіму толькі ў 1971 годзе — амаль праз 40 гадоў!

Мае бацька й маці, дзе б яны ні жылі, міжсобку размаўлялі толькі па-беларуску. Бацька ўсе лісты пісаў толькі на роднай мове. У яго было такое замілаваньне Радзімай! Усё самае лепшае, паводле ягоных словаў, было толькі ў Беларусі, у роднай вёсцы Багацькаўцы. Мяне многія рэчы проста дзівілі.

Маці згатуе што-небудзь простае, але смачнае, а бацька есьць і захапляецца: "Ах, якая выдатная крупеня! Ну, як у Багацькаўцы!" Вінаграду ніколі ня еў. Я пытаюся: "Тата, чаму ты не ясі вінаград, ён жа такі смачны, спажыўны". "А ён у нас у Багацькаўцы ня рос, дык я яго й не люблю!"

(Скобла: ) "Вы з 1992 па 1997 год зьяўляліся віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі навук Беларусі. Тыдзень таму Аляксандар Лукашэнка сваім указам прызначыў былога кіраўніка сваёй адміністрацыі Міхаіла Мясьніковіча прэзыдэнтам Акадэміі навук. Цягам мінулага тыдня былі розныя камэнтары на гэтую тэму.

Скажам, Юры Хадыка падтрымаў крок Лукашэнкі, матывуючы гэта тым, што Мясьніковіч навядзе парадак у Акадэміі, дзе пануюць кляны. Я ж хачу задаць пытаньне як бы з адваротнага боку — чым можа пагражаць, якія можа мець нэгатыўныя наступствы прызначэньне Мясьніковіча кіраўніком нацыянальнай акадэміі?"

(Гарэцкі: ) "Я ня згодзен з Хадыкам, які лічыць, што эфэктыўнай працы акадэміі перашкаджаюць нейкія кляны. Акадэмія — гэта ня толькі акадэмікі й члены-карэспандэнты. Самае галоўнае, што ў Акадэміі навук ёсьць 40 выдатных галіновых інстытутаў. Акадэмія да нядаўняга часу заставалася адносна вальнадумнай і дэмакратычнай. Нават пры Сталіне прэзыдэнт і прзыдыюм Акадэміі навук заўсёды абіраліся! Дэмакратычная сыстэма ў такой установе вельмі важная рэч.

А тое, што здарылася з нашай Акадэміяй... Лукашэнка проста абразіў ня толькі ўсіх акадэмікаў, але і ўсю Акадэмію. Гэта тыповы крок дыктатара! Такога нідзе ў сьвеце няма, каб прэзыдэнта Акадэміі навук прызначалі! Адзіная краіна, дзе падобнае адбываецца — Туркмэністан. Там туркмэн-башы Ніязаў ужо й званьні акадэмікаў прысвойвае! Калі і ў нас так справа пойдзе, то Лукашэнка, як і генэральскія званьні, хутка будзе прысвойваць навуковыя званьні й ступені. Гэта нонсэнс!

Што сказаць пра Мясьніковіча? Ён, вядома ж, не навуковец, хоць і абараніў доктарскую дысэртацыю. Можа быць, ён як чыноўнік, як арганізатар, і зробіць што-небудзь карыснае для акадэміі. Ён мае сувязі, нагой адчыняе дзьверы ў любую установу. Лукашэнка, калі выступаў перад намі, прадстаўляючы Мясьніковіча, столькі добрых слоў нагаварыў! Маўляў, навука — гэта самае важнае, я для навукоўцаў усё зраблю! Мясьніковіч будзе вам дапамагаць, прыслухоўвацца да вашых парадаў і г.д. Акадэмія навук сёньня ў вельмі складаным становішчы. Грошай нават на заробкі не хапае.

Прызначэньне прэзыдэнцкім указам прэзыдэнта для беларускай Акадэміі навук — гэта нонсэнс і для ўсёй міжнароднай супольнасьці. Над намі сьмяяцца будуць у сьвеце! Як так — ва ўсім сьвеце выбіраюць, а тут — прызначаюць! Так што ў гэтай сытуацыі я бачу больш адмоўнага, чым станоўчага".

(Скобла: ) "У сваёй кнізе пра бацьку й дзядзьку — Гаўрылу й Максіма Гарэцкіх вы апісваеце свой паход у КГБ, дзе вам удалося паглядзець дзядзькаву справу №13036. Нягледзячы на тое, што ваш бацька Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі быў двойчы прыгавораны да расстрэлу — прыгавораны, фактычна, гэтым ведамствам, вашае апісаньне вытрыманае ў зычлівых танах, у вашых словах не адчуваецца непрыязнасьці да, як вы пішаце, "ветлівых, падцягнутых хлопцаў у цывільным". Вы насамрэч з павагай ставіцеся да гэтай установы? Мяне цікавіць найперш псыхалягічны аспэкт".

(Гарэцкі: ) "Гэта, мабыць, у мяне ад бацькі. Бацьку й білі там, і садзілі ў карцэр, і ліха ведае што вытваралі... Я памятаю, быў зусім малы, меў гадоў 8-9, і бачыў бацьку, калі ён ледзь рухаўся — абодраны, зарослы, схуднелы. Я па ягоных вачох бачыў, што яму нават сорамна глядзець на нас, бо ён у такім жудасным выглядзе. Гэта было ў Мядзьведжай Гары ў 1938 годзе.

Аднойчы ён нават папрасіў, каб маці перадала яму лязо — ён хацеў скончыць жыцьцё самагубствам. Столькі ён выцерпеў ад гэтай сыстэмы! Пяць разоў яго садзілі! Двойчы, а можа й тройчы, прыгаворвалі да найвышэйшай меры! Ён цудам уратаваўся!

І нягледзячы на ўсё гэта, калі яго выпусьцілі, ён быў надзіва дабразычлівым чалавекам. Ён ня меў злосьці ні на сыстэму, ні на КГБ. І калі я на пачатку 1990-х гадоў зайшоў у будынак КГБ, у мяне — халадок па сьпіне. Гэтым жа калідорам бацьку вялі, тут тысячы нашых людзей зьбівалі, у "амэрыканку" кідалі... Адчуваньне было вельмі цяжкае.

А хлопцы там сапраўды вымуштраваныя. Я ня ведаю, ці гэта сутнасьць у іх такая, ці, як мой дзядзька пісаў пра "дзьве душы", у іх дзьвюхдушнасьць такая. Але вельмі ветліва сустракалі. Мяне яшчэ вельмі ўразіла сцэна ў буфэце, калі я пайшоў трохі перакусіць. Здаровы палкоўнік ці маёр — і бярэць там нейкі салацік, і больш нічога! Бо і ў іх тады грошай не было, як і ў мяне".

(Скобла: ) "Ваш зяць Генадзь Угляніца, будучы штатным супрацоўнікам КГБ, выступіў з выкрывальніцкай інфармацыяй пра тое, што сёньняшнія беларускія ўлады маюць дачыненьне да забойстваў палітычных апанэнтаў. Па сутнасьці, ён кінуў выклік сыстэме, у якой сам выконваў пэўную ролю. Генадзь — адносна малады чалавек. Як вы лічыце, гэты ягоны крок усьвядомлены, самастойны, ці ён быў проста выкарыстаны для агучваньня інфармацыі?"

(Гарэцкі: ) "Мой зяць не адразу апынуўся ў КГБ. Дачка маёй другой жонкі Інэса і Генадзь пажаніліся студэнтамі другога курсу. Калі ў іх нарадзілася дзіця, было складана ўтрымліваць сям'ю. Ён вельмі мала атрымліваў. Хоць вучыўся добра, яго нават пакінулі ў асьпірантуры.

Мы, вядома ж, як маглі, дапамагалі, але ўсё роўна ім жылося няпроста. А жылі яны асобна ад нас. Пра тое, што Генадзь паступіў на службу ў КГБ, мы нават не адразу даведаліся! Але заробак ягоны адразу павялічыўся ў тры разы.

Ён вельмі сур'ёзны й сумленны хлопец. Калі ў іх нарадзілася яшчэ адно дзіця, дачка, цяпер ёй 1 год і 7 месяцаў, яны перабраліся да нас — мая жонка вырашыла дапамагаць ім, пакуль дзеці падрастуць. Зь зяцем я пра КГБ і пра ўсё, што мае дачыненьне да гэтай установы, ніколі не размаўляў. Пра ўсё, што зь ім здарылася, я даведаўся, як і ўсе людзі, па тэлебачаньні. Ведаючы Генадзя як чалавека сумленнага, я ўсяму таму, што пачуў, паверыў.

Зяць адразу некуды згінуў. Каля нашага дому паўтара месяца стаяла машына зь ягонымі калегамі, якія галоўным чынам сачылі за ягонай жонкай. Мо думалі, што ён прыбяжыць да яе, ці яна ўцячэ да яго. І хлопцы, якія кругласуткава дзяжурылі каля пад'езду, таксама аказаліся нармальнымі людзьмі. Мы нават шкадавалі іх — ноч, холад сабачы, а яны сядзяць, калеюць. Мае жонка й дачка ім нават гарачай гарбаты выносілі! (Сьмяецца.) Яны праводзілі дачку да рынку, дапамагалі сумкі цяжкія паднесьці.

Я разумеў, што гэта — іх праца, што паробіш, такая сытуацыя. Я на гэтых хлопцаў зла ня меў. Мяне раззлавала другое — калі па тэлебачаньні выступіў начальнік прэсавай службы КГБ Котаў і сказаў, што ня ведае Ўгляніцу, што Ўгляніца не працуе ў КГБ. Гэта абсалютная лухта! Перад гэтым непасрэдны начальнік Генадзя прыходзіў да нас дамоў, і мы зь ім гаварылі.

Пра тое, што Ўгляніца трапіў у Нарвэгію, я таксама па тэлебачаньні пачуў, ад Лукашэнкі. І праўда, на наступны дзень Генадзь патэлефанаваў нам з Нарвэгіі. Мы былі вельмі радыя, бо баяліся, што ён можа апынуцца там, дзе й людзі, чыіх забойцаў ён шукаў".

(Скобла: ) "Зьвернемся да больш блізкай вам тэмы. У свой час вы склалі тэктанічную карту Эўразіі, за што былі ўганараваныя Дэяржпрэміяй СССР. Вы, мабыць, як ніхто іншы, ведаеце нетры Беларусі — дзе, чаго й колькі можа быць. Якія карысныя выкапні маглі б дапамагчы нашай краіне выйсьці з эканамічнае нэндзы? Ці такіх няма, і багацець трэба за кошт нечага іншага?"

(Гарэцкі: ) "Карту Эўразіі я рабіў, калі яшчэ жыў у Маскве. Я працаваў там у Геалягічным інстытуце — адным з найлепшых у сьвеце. Калі я прыехаў у Беларусь і пачаў займацца геатэктонікай — архітэктурай зямной кары, — то перш-наперш стварыў тэктанічную карту Беларусі. Часам можна пачуць, у тым ліку ад Лукашэнкі, што Беларусь — маленькая, бедная, нічога ў нас няма, толькі людзі добрыя й працавітыя.

Насамрэч гэта ня так. Беларусь сярод эўрапейскіх краінаў, а іх каля 40, па розных паказчыках займае месца ў першай дзясятцы. А па карысных выкапнях — мы наогул багатыя! Японія за нас у 20, 30, а можа і ў 100 разоў больш бедная на карысныя выкапні. Справа ня ў іх, а ў эканоміцы, у тых людзях, якія кіруюць краінай. Многія эўрапейскія краіны зусім ня маюць карысных выкапняў, ці маюць іх вельмі мала — Швайцарыя, Бэльгія, Нідэрлянды. А людзі там жывуць нашмат лепш, чым мы.

Што нам дае найбольш валютных сродкаў? Ня МАЗы, не трактары, а калійныя солі! 500 мільёнаў даляраў штогод Беларусь мае за іх продаж. Мы здабываем каля 2 мільёнаў тонаў беларускай нафты. Тона "чорнага золата" каштуе 100-150 даляраў — падлічыце, якія сродкі паступаюць у бюджэт. Мы амаль цалкам забясьпечваем сябе будаўнічымі матэрыяламі. А спажывецкаю сольлю мы можам накарміць цэлы сьвет! Але да гэтай пары завозім яе з Украіны. Мы багатыя на лекавую мінэральную ваду — ужо збудавана 50 аздараўляльных комплексаў каля сьвідравінаў.

У нашай зямлі ёсьць расолы, зь якіх пры адпаведнай тэхналёгіі можна атрымліваць ліцій, бром, ёд і г.д. У нас ёсьць радовішча жалезнай руды каля Карэлічаў. Там ня толькі руда, там ёсьць золата,срэбра, мармур і г.д. У нас ёсьць бурштын, буры вугаль, гаручыя сланцы, фасфарыты, цэаліты і г.д. Беларусь — багатая краіна. Пры добрым гаспадараньні мы маглі б быць паперадзе ўсёй Эўропы!"

(Скобла: ) "Неўзабаве — Дзяды, Дзень памяці памерлых. Яшчэ нядаўна гэта быў выходны дзень, людзі маглі пайсьці на могілкі, ушанаваць памяць сваякоў. Сёньня гэта звычайны працоўны дзень. Чаму беларускія ўлады нават да мёртвых ставяцца без належнай павагі?"

(Гарэцкі: ) "Дзяды — асаблівае, сьвятое сьвята. Добра, што менавіта на Беларусі людзі захавалі яго. На жаль, улады спрабуюць вярнуць усіх нас у савецкі час. Мы замест Дзядоў сёньня сьвяткуем 7 лістапада — дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, якая была разбуральнаю й прынесла ўсім, у тым ліку беларусам, жахлівыя наступствы. У нашай краіне мы сёньня назіраем "камуністычную адрыжку" таго, што было раней. Гэта недапушчальна".

XS
SM
MD
LG