Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ПАТРОХУ ПЕРАСТАЮЦЬ ПЛАЦІЦЬ ЛЮДЗЯМ ЗАРОБКІ


Міхал Стэльмак, Менск

На Менскім станкабудаўнічым заводзе імя Кірава заробкі рабочым, паводле калектыўнай дамовы, адміністрацыя мусіла выплаціць яшчэ 21 кастрычніка. Пайшоў другі тыдзень, як гэтая дамоўленасьць парушаецца. Вось што паведаміла сёньня прафсаюзная лідэрка прадпрыемства Ірына Мухіна:

(Мухіна: ) "Яшчэ нічога не пачыналі даваць. Апошні заробак, які быў выплачаны, — за жнівень. Складана рэалізаваць прадукцыю".

Без заробкаў мусілі вяртацца сёньня дадому і рабочыя суседняга прадпрыемства — Менскага заводу аўтаматычных лініяў. Раніцай на МЗАЛе адбылася нарада з удзелам кіраўніцтва і прафсаюзаў, на якой было заяўлена пра дрэннае эканамічнае становішча заводу. Як вынік — адцягнулі выплату заробкаў. Вось што паведаміў на гэты конт нашаму радыё лідэр Свабоднага прафсаюзу Міхаіл Вотчыц:

(Вотчыц: ) "За верасень яшчэ ня выплацілі. У нас адзін крэдыт ужо ёсьць, дык банк другога крэдыту не дае. І ў гэтым месяцы не дадуць. У сераду некаторым цэхам выдадуць палову заробку, а што будзе далей — невядома".

(Карэспандэнт: ) "Як будзе вырашацца пытаньне далей?"

(Вотчыц: ) "Ёсьць станкі, дык калі прадамо, то заробку трохі будзе. Да выбараў заробак аддавалі ў апошні дзень месяца, а цяпер будуць аддаваць да 10-га чысла. А потым на тры месяцы будуць затрымліваць заробак. Вось як!" — мяркуе Міхаіл Вотчыц.

Кіраўніцтва заводу аўтаматычных лініяў, якое зьбіраецца выдаць толькі палову заробкаў, відавочна, выкарыстоўвае досьвед Менскага трактарнага заводу. Там ужо на 50% завершылася выдача заработнай платы рабочым.

Кіраўніцтва МТЗ, паводле меркаваньня старшыні Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства Вячаслава Козла, мусіла пайсьці на гэты крок, каб прадухіліць масавае незадавальненьне рабочых. Як вядома, трактаразаводцы, не атрымаўшы своечасова заробкаў, месяц таму выйшлі на менскія вуліцы.

Захады дзеля прадухіленьня стыхійнага пратэсту рабочых, прымаюць зараз і на буйных прадпрыемствах у рэгіёнах — напрыклад, на сьветлагорскім заводзе "Хімвалакно", дзе працуе 10 тысяч чалавек. Гаворыць прафсаюзная лідэрка "Хімвалакна" Данута Кічкіна:

(Кічкіна: ) "Узялі крэдыт на 200 мільёнаў рублёў на выплату зарплатаў. Спачатку да 23 кастрычніка, калі быў апошні дзень па графіку, заплацілі частку заробкаў, а зараз выплачваюць рэшту. Было ў нас у пятніцу паседжаньне прафкаму ў гэтым пытаньні — мы разглядалі становішча з аплатаю працы. Праблема ў вытворчасьці, таму што не купляюць прадукцыю, няма грошай у людзей".

Тым часам, паводле ейных словаў, зь сёньняшняга дня ў Сьветлагорску падаражэў транспарт, і рабочыя "Хімвалакна" дамагаюцца ад адміністрацыі павелічэньня заробкаў.

XS
SM
MD
LG