Лінкі ўнівэрсальнага доступу

HUMAN RIGHTS WATCH ВЫСТУПІЛА З КРЫТЫКАЙ ДАКЛАДУ ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША АБ ЛІГІЙНЫХ СВАБОДАХ У СЬВЕЦЕ


Віталь Цыганкоў, Прага

Напрыканцы мінулага тыдня Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў гадавую справаздачу аб сытуацыі ў галіне свабоды рэлігіі ў сьвеце. У гэтым дакладзе адзначаецца, што становішча са свабодай рэлігіі ў Беларусі за апошні год пагоршылася. Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch сьцьвярджае, што Дзярждэпартамэнт ЗША не ўключыў у сьпіс найбольш праблемных краінаў Узбэкістан, Савудаўскую Арабію і Туркмэністан, паколькі не захацеў выклікаць раздражненьня ў гэтых сваіх саюзьнікаў па антытэрарыстычнай кааліцыі.

У сваім дакладзе Дзярждэпартамэнт ня здолеў выдзяліць шэраг абуральных парушэньняў рэлігійных свабодаў, якія дапускаюцца ў краінах антытэрарыстычнай кааліцыі, сьцьвярджае праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch.

Апублікаваны сёньня даклад сапраўды бестаронне апісвае парушэньні рэлігійнай свабоды ва ўсім сьвеце, але ягоныя аўтары не пажадалі ўказаць Узбэкістан, Савудаўскую Арабію і Туркмэністан як “краіны асаблівай заклапочанасьці”. “Відавочна, адміністрацыя няхоча выклікаць раздражненьне у сваіх ключавых саюзьнікаў па антытэрарыстычнай кааліцыі, гаворачы залішнюю праўду,” – кажа Том Маліноўскі, прадстаўнік HRW.

“Іронія ў тым, што набліжэньне да краінаў, якія падаўляюць рэлігійныя свабоды, можа быць больш небясьпечным для Амэрыкі, чым трыманьне дыстанцыі ад іх – тым больш, што рэлігія, якая там падаўляецца – гэта іслям,” – гаворыць Маліноўскі.

Сярод краінаў, якія ня выдзяленыя ў дакладзе Дзярждэпартамэнту, напрыклад, Узбэкістан, дзе некалькі тысячаў мусульманаў былі арыштаваныя за апошнія тры гады толькі за вызнаньне сваёй веры па-за дзяржаўным кантролем. Але зараз Узбэкістан прадастаўляе сваю тэрыторыю для амэрыканскай апэрацыі ў Афганістане.

Даклад Дзярждэпу прызнае, што ўзбэцкі ўрад дапусьціў “злоўжываньні супраць многіх набожных мусульманаў за іхныя рэлігійныя пачуцьці”, арыштоўваючы людзей за празэлітызм, за прыватнае навучаньне рэлігійным канонам, за публічнае нашэньне рэлігійнага адзеньня і распаўсюджваньне рэлігійнай літаратуры.

“Не ўказваючы Узбэкістан як краіну асаблівай заклапочанасьці, адміністрацыя ўпускае магчымасьць паказаць, што вайна супраць тэрарызму ня ёсьць вайной супраць Ісьляму,” – кажа прадстаўнік HRW Том Маліноўскі. Таксама не была ўказана і Савудаўская Арабія, хаця прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр адзначыў сёньня, што там “па-сутнасьці няма рэлігійнай свабоды”. Хрысьціянам ў гэтай краіне забаронена праводзіць любыя публічныя службы. Шыіцкая мусульманская мяншыня жорстка перасьледуецца.

Таксама ў якасьці краіны, што выклікае заклапочанасьць, не названы і Туркмэністан, які падаўляе ўсе формы рэлігійных канфэсіяў, акрамя дзяржаўна санкцыянаваных ісьляму і праваслаўя. Тысячы пратэстантаў, крышнаітаў ды прадстаўнікоў іншых рэлігійных мяншыняў затрымліваюцца паліцыяй за сваё веравызнаньне. Туркмэністан – адзіная дзяржава былога СССР, дзе ўлады канфіскоўвалі альбо разбуралі некаторыя малітоўныя дамы.

Сярод урадаў, што патрапілі ў сьпіс “найбольш праблемных,” – Кітай, Бірма, Іран, Ірак, Паўночная Карэя, Судан і рэжым талібаў у Афганістане. Паводле Міжнароднага рэлігійнага акту свабоды, калі краіна патрапіла ў такі сьпіс, дзяржсакратар ЗША мусіць прымаць шэраг крокаў – ад дыпляматычнага націску да ўвядзеньня санкцыяў. Зрэшты, большасьць з указаных урадаў ужо зьяўляюцца аб`ектамі амэрыканскіх санкцыяў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG